Тураўскі Малочны Камбінат

27°45′45″ у. д. / 52.0625° пн. ш.

27.7625° у. д. / 52.0625; 27.7625

«Ту́раўскі мало́чны камбіна́т» («ТМК») — сыраробнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 2010 году ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці.

«Тураўскі малочны камбінат»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 4 студзеня 2010 (14 гадоў таму)
Заснавальнікі Валянцін Байко, ААТ «Тураўшчына»
Уласьнікі Валянцін Байко, «Белаграпрамбанк»
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гомельская вобласьць
Адрас Жыткавіцкі раён, Тураў, Ленінская вул., д. 154
Ключавыя фігуры Вольга Луцко, Вадзім Калядзіч
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя сыр
Абарачэньне Тураўскі Малочны Камбінат271,7 млн рублёў (2020 год; 111 млн $)
Чысты прыбытак Тураўскі Малочны Камбінат46,2 млн рублёў (2020 год; 18,9 млн $)
Лік супрацоўнікаў 514 (2021 год)
Матчына кампанія «Белаграпрамбанк»
Даччыныя кампаніі УП «Малочная праўда»

Ад траўня 2013 году вырабляла паўцьвёрдыя і мяккія італьянскія сыры. На 2021 год выпускаў 80 гатункаў сыроў. Сярод іх было 12 традыцыйных сыроў: выцяжны і вяршковы сыр, маскарпонэ, мацарэла і мацарэла піца, рыкота, вэнджаная і сьвежая скаморца, вэнджаная і сьвежая провала, правалета і правалета міні. Вытворчасьць ажыцьцяўлялі на італьянскім абсталяваньні з П’емонту («КМТ»). Прадпрыемства мела ўласную лябараторыю, якая магла праводзіць мікрабіялягічныя, радыялягічныя і фізыка-хімічныя выпрабаваньні малака і сыроў на адпаведнасьць гігіенічным і санітарна-эпідэміялягічным нарматывам. Звыш 80 % сыроў пастаўлялі за мяжу ў 15 краінаў Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Ірак, Казахстан, Катар, Кітай, Кыргыстан, Манголію, Саудаўскую Арабію, Сынгапур, Туркмэністан, Узбэкістан, Японію і Ярданію, а таксама ў 3 краіны Эўропы — Малдову, Расею і Ўкраіну. Кацельня прадпрыемства працавала на мэтане, вырабленым са спадарожнай малочнай сыроваткі. Сыры выпускалі пад 3-ма таварнымі знакамі «‎Байкі пра сыр», «‎Бонфэста» і «Кукінг». Апошні зь іх прызначаўся для гасьцініцаў, кавярняў і страўняў.

Будова

На 2021 год «Тураўскі малочны камбінат» меў:

  • 6 службаў — 1) вытворчую, 2) разьвіцьця і маркетынгу, 3) камэрцыйную, 4) разьвіцьця экспартных продажаў, 5) экспартных продажаў, 6) забесьпячэньня;
  • управу продажаў і лягістыкі на ўнутраным рынку, бухгальтэрыю і аддзел кадраў;
  • 2 прадстаўніцтвы — у Менску па Беларусі (прасп. Пераможцаў, д. 103) і замежнае ў Расеі;
  • краму і кавярню пры заводзе.

«Тураўскі малочны камбінат» пераважна атрымліваў сыравіну ад сельскіх гаспадарак Жыткавіцкага і прылеглых раёнаў Гомельскай вобласьці. Таксама ў Жыткавіцкім раёне будавалі малочна-таварную фэрму на 2400 кароваў. Даччынае УП «Малочная праўда» кіравала 9-ю сельскімі гаспадаркамі ў 3-х абласьцях Беларусі:

Мінуўшчына

4 студзеня 2010 году ў Жыткавіцкім раёне Беларусі заснавалі ААТ «Тураўскі малочны камбінат». Асноўным заснавальнікам стаў уласьнік гарадзенскага «Контэ Спа» Валянцін Байко. Сузаснавальнікам выступіла ААТ «Тураўшчына» (Азяраны, Жыткавіцкі раён), якое было даччыным прадпрыемствам «Белаграпрамбанку». Камбінат пабудавалі ў рамках Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Прыпяцкага Палесься на 2010—2015 гады, зацьверджанай Указам ад 29 сакавіка 2010 году № 161. У 2011—2012 гадах узьвялі будынкі камбінату. Абсталяваньне паставілі зь Італіі. На студзень 2013 году пастаўнікі дапамагалі зь яго ўсталёўкай і наладкай. Праектная магутнасьць абсталяваньня, якое абслугоўвала пара чалавек, складала 150 тонаў малака за содні. Абсталяваньне дазваляла выпускаць такія італьянскія сыры, як маскарпонэ, мацарэла і рыкота. Прыватныя ўкладаньні ў «Тураўскі малочны камбінат» перавысілі 50 млн эўра. Частку сродкаў вылучылі ў рамках Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Прыпяцкага Палесься. Для працаўнікоў пабудавалі шматкватэрны дом. 13 траўня 2013 году запусьцілі вытворчасьць і адгрузілі 1-я гатовыя сыры. Прадпрыемства стала градаўтваральным для Турава і Жыткавіцкага раёну. Асноўным пастаўніком малака на камбінат стала прадпрыемства-сузаснавальнік «Тураўшчына». У ліпені 2013 году пачаліся пастаўкі сыроў у Расею. 5 верасьня 2013 году ўсталявалі абсталяваньне для вырабу сыра чыльеджыні ў шарыках з далейшым фасаваньнем па 100 грамаў пад назвай «Мацарэла міні». На 18 кастрычніка 2013 году сталі выпускаць вэнджаны і вяршковы сыр. На 2 лістапада 2013 году сталі выпускаць адмысловую мацарэлу для піцы. У сьнежні 2013 году «Тураўскі малочны камбінат» набыў 100 % паёў ААТ «Дзякавічы» і 73,5 % паёў «Прыазёрскае-Агра» (Дуброва, Марохараўскі сельсавет).

На 3 лютага 2014 году вытворчасьць выцяжных сыроў пашырылі за кошт гатунку скаморца. «Тураўскі малочны камбінат» налічваў 225 працаўнікоў, зь якіх 80 % былі ў веку да 40 гадоў. У асноўным наймалі жыхароў Турава, Жыткавічаў і бліжэйшых вёсак Жыткавіцкага раёну. Сума ўкладаньняў у камбінат склала каля 40 млн эўра. Ад часу адкрыцьця вытворчасьці навучаньне беларускіх сыраробаў ладзіў італьянскі тэхноляг Рабэрта Пьяца. Пабочную ў вытворчасьці сыроватку ператваралі ў рыкоту. Ад траўня камбінат прадаваў 150 тонаў мяккіх сыроў на рынку Беларусі, які складаў 200 тонаў за месяц. У чэрвені 2014 году «Тураўскі малочны камбінат» стаў 5-м прадпрыемствам Беларусі, якое атрымала пасьведчаньне сыстэмы харчовай бясьпекі (ПСХБ) паводле стандарту 22000 Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (Швацарыя). На 6 жніўня камбінат перапрацоўваў 90 тонаў малака за содні пры магутнасьці 1-й чаргі ў 250 тонаў. Загрузка вытворчай магутнасьці складала 37 % пры самаакупнасьці пераапрацоўкі ад 140 тонаў за дзень. Таксама вытворчасьць італьянскага сыру вымагала малака прынамсі 1-га гатунку з высокім утрыманьнем бялку. На 25 жніўня 2021 году сыры сталі выпускаць пад таварным знакам «Бонфэста». Намесьніца кіраўніка «ТМК» Вольга Луцко заняла пасаду кіраўніцы. На камбінаце папрацавала звыш 100 італьянскіх адмыслоўцаў. Шторанак а 11:00 на камбінаце ладзілі дэгустацыю сьвежых і пратэрмінаваных сыроў. З адкідаў перапрацоўкі сыроваткіх у кацельні сталі выпрацоўваць пару і цеплыню. У 2014 годзе за мяжу паставілі звыш 80 % сыроў. У 2015 годзе адправілі 1-ю партыю сыроў у Казахстан.

Улетку 2016 году «Тураўскі малочны камбінат» пачаў пастаўляць сыры ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Азэрбайджан. 19 верасьня 2016 году «ТМК» атрымаў знак якасьці «Выбар Расеі» і ўзнагароду «Імпартазамяшчэньне-2016» на 44-й урачыстасьці «Эліта нацыянальнай эканомікі». За студзень-жнівень 2016 году ў Расею паставілі каля 5500 тонаў сыроў «Бонфэста», што склала каля 95 % экспарту. Большасьць паставак прыпала на Маскву, Санкт-Пецярбург і Калінінград. Увосень 2016 году запусьцілі новы таварны знак «Кукінг» пад вяршковы сыр, маскарпонэ, мацарэлу для піцы і рыкоту. Пад гэтым таварным знакам сыр у кіляграмовых батонах і 2-кіляграмовых пачках пастаўлялі ў кавярні, піцэрыі і страўні. За 2016 год завод выйшаў на поўную загрузку 1-й перапрацоўчай чаргі магутнасьцю 250 тонаў малака за содні, зь якіх выраблялі 29 тонаў сыру. Пастаўкі пашырылі на Армэнію, Грузію, Кыргыстан і Сынгапур. У студзені 2017 году пачалі выпускаць паўкіляграмовыя бляшанкі зь вяршковым сырам, маскарпонэ і рыкотай. 20 красавіка 2017 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ўлучыла «Тураўскі малочны камбінат» у Гомельскі абласны пералік дамінантаў, якія ўтваралі алігаполію на малочным рынку вобласьці. На 28 красавіка 2017 году «Тураўскі малочны камбінат» вырабляў звыш 60 гатункаў сыру. Стварылі новую лінейку дэсэртных сыроў «Рыкаціна» з карамэльным і шакалядным напаўняльнікамі. У рыкоту ў дадатак да напаўняльнікаў з дыні, грушы зь мёдам і печанага яблыка з карыцай сталі класьці вішню, лясныя ягады і сьліву. У вяршковы сыр разам з ранейшымі напаўняльнікамі з базыліка, часнака, мацярдушкі і шампіньёнаў сталі дадаваць хрэн, нэапалітанскую падліву і тар-тар. У чэрвені 2017 году «ТМК» наладзіў пастаўкі ва Ўзбэкістан і ўзяў удзел у міжнароднай выставе «Белагра». Па выніках 1-га паўгодзьдзя экспарт перавысіў 20 млн даляраў ЗША, што 10-кратна павялічыла прыбытак. На кастрычнік 2017 году камбінат узводзіў у Тураве 30-кватэрны дом для супрацоўнікаў. На 11 сьнежня 2017 году «ТМК» налічываў 300 працаўнікоў, зь якіх 60 пражывала ў Жыткавічах. 28 сьнежня 2017 году старшыня «Банку разьвіцьця Беларусі» Сяргей Румас паведаміў пра набыцьцё аблігацыяў «Тураўскага малочнага заводу» за кошт сродкаў сямейнага капіталу. У 2017 год на «ТМК» прыпала 82 % экспарту Жыткавіцкага раёну. Рэнтабэльнасьць вырасла да 20,3 % у 2017 годзе параўнальна з 4,9 % у 2015-м. Яго доля ў прамысловай вытворчасьці Жыткавіцкага раёну склала 75 %.

Пры канцы студзеня 2018 году пусьцілі 2-ю чаргу вытворчасьці камбінату, што павялічыла магчымасьці перапрацоўкі да 750 тонаў малака за содні. Пры канцы лютага 2018 году крыгаход зьнёс пантон праз Прыпяць. У выніку штодзённы маршрут малакавозаў павялічыўся на 600 км у сувязі з аб’ездам праз Мазыр. Таксама 80 працаўнікоў з Жыткавічаў, у тым ліку кіраўніца камбінату, часова пераехалі гасьцініцы і сядзібы Турава. На 27 красавіка 2018 году «ТМК» перапрацоўваў 400 тонаў малака за дзень. Сыр пастаўлялі ў 12 краінаў, у тым ліку ў Кітай і Ярданію. Сярэдні заробак 340 працаўнікоў складаў 1097 рублёў (537 $). Таксама ў красавіку ў Жыткавіцкім раёне паставілі паром даўжынёй 70 мэтраў, што дазволіла за раз перапраўляць цераз Прыпяць па 7 грузавікоў з камбінату. 10 жніўня 2018 году «Тураўскі малочны камбінат» разьмясьціў на «Беларускай валютна-фондавай біржы» 5-гадовыя аблігацыі на 6 млн даляраў пад 6,5 % гадавых. 14 жніўня 2018 году паставілі на ўлік 3-і выпуск аблігацыяў на 3 млн даляраў, продаж якіх пачаўся 22 жніўня. За 2018 год вытворчасьць сыроў вырасла на 48 % да 15 600 тонаў. Каля 80 % сыроў паставілі за мяжу ў 14 краінаў. У 2018 годзе «ТМК» набыў сельскагаспадарчае ААТ «Таргуны» ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласьць), дзе пачаў перабудову малочна-таваранай фэрмы (МТФ) «Гліннае» (Бярэзінскі сельсавет) і будоўлю МТФ «Вецяра» праз даччынанае УП «Малочная праўда», якім кіраваў Ігар Чарняўскі. Да канца 2018 году пастаўкі пашырылі на Катар і Саудаўскую Арабію.

17—21 лютага 2019 году «ТМК» прадставіў свае сыры на выставе «Ежа заліва 2019» у Дубаі (ААЭ). На 25 сакавіка 2019 году камбінат перапрацоўваў штодня каля 400 тонаў малака і вырабляў звыш 1600 тонаў сыру за месяц. На расейскай выставе «Харчэкспа» ў Маскве мяккі вяршковы сыр «Бонфэста» зь неапалітанскім напаўняльнкам і міні-мацарэла вытворчасьці «ТМК» уганаравалі залатым мэдалём. 19 траўня 2019 году «Тураўскі малочны камбінат» прадставіў свае сыры на Міжнароднай выставе харчаваньня (МВХ) ў Шанхаі (Кітай). На 26 траўня 2019 году сыры пастаўлялі ў 15 краінаў, у тым ліку ў Малдову і Японію. Ад пачатку 2019 году пасаду галоўнага інжынэра займаў 30-гадовы Аляксандар Рай, які загадваў 70 працаўнікамі і пачынаў працаваць на камбінаце майстрам. Штодня на камбінаце прымалі 500 тонаў малака вышэйшага і экстра гатункаў. 25 чэрвеня 2019 году на конкурсе «Міжнароднай установы смаку» ў Брусэлі (Бэльгія) вяршковы і тварожны сыры «Тураўскага малочнага камбінату» атрымалі Ўзнагароду за найлепшы смак. Гэтыя сыры пачалі вырабляць на 2-й чарзе камбінату, запуск якой каштаваў 35 млн эўра.

У 2020 годзе павялічылі вытворчасьць вяршковых сыроў. 17 жніўня 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 486, паводле якой унёс «Тураўскі малочны камбінат» у Пералік прадпрыемствам, якім мелі паскорана вяртаць падатак на дададзеную вартасьць «на працягу 10 працоўных дзён з дня прыняцьця падатковым органам рашэньня». У 2020 годзе «Тураўскі малочны камбінат» нарасьціў выраб сыроў на 30 % да 28 600 тонаў. Выручка павысілася больш як на 1/3 з 200 млн да 271,7 млн рублёў (111 млн $). Прыбытак вырас у 2,4 разы праз рост рэнтабэльнасьці продажаў да 17 %. Выхад сыру з малака вырас з 13,8 да 14,1 %, выручка з тоны сыравіны вырасла да 1280 рублёў. Таксама ўсталявалі лініі перапрацоўкі і згушчэньня сыроваткі. Пастаўкі за мяжу склалі 80 % і вырасьлі на 20 % да 87 млн даляраў. Сыры пастаўлялі ў 16 краінаў, у тым ліку ў Ірак, Манголію і Туркмэністан. У студзені 2021 году сярэдні заробак дасягнуў 1500 рублёў (582 $). У 2021 годзе асучасьнілі лінію выцяжных сыроў. Перапрацоўчая магутнасьць прадпрыемства складала 650 тонаў малака за дзень. На «Тураўскім малочным камбінаце» працавала звыш 500 чалавек. Звыш 80 % сыроў пастаўлялі на замежныя рынкі. На 3 лютага 2021 году дабудавалі малочна-таварную фэрму «Дзякавічы» на 2400 кароваў, разьлічаную на вытворчасьць каля 22 000 тонаў малака за год. На фэрму пасьпелі паставіць 262 каровы дойнага статку з Даніі. Надалей мелі пастаўляць да 300 цялушак штомесяц. На 9 лютага 2021 году штодня перапрацоўвалі каля 650 тонаў малака. Камбінат меў 9 уласных малочных гаспадарак у Віцебскай, Гомельскай і Менскай абласьцях. Агульны абсяг укладаньняў склаў 115 млн эўра з тэрмінам акупнасьці 10 гадоў да 2023 году. 4 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 129, якой унёс «ТМК» у Пералік малаказаводаў, якім пакрывалі частку адсоткаў па пазыках у 2021—2024 гадах.

Сацыяльны праект

2 верасьня 2018 году на Дні беларускага пісьменства ў Янаве (Берасьцейская вобласьць) адкрылі міні-футбольную пляцоўку са штучным пакрыцьцём. Пляцоўку ўзьвялі ў рамках сацыяльнага праекту «Бонфэста дзецям», які сумесна вялі «Тураўскі малочны камбінат», Беларуская фэдэрацыя футболу (БФФ) і мясцовыя органы ўлады. У адкрыцьці пляцоўкі ўзялі ўдзел намесьніца кіраўніка «ТМК» Натальля Чэрнік, генэральны сакратар БФФ Юры Вяргейчык, начальнік управы спорту і турызму Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Глушэня і міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, а таксама прадстаўнікі 2-х мясцовых дзіцяча-юнацкіх спартовых школ — Янаўскай ДЮСШ і Мотальскай СДЮШ алімпійскага рэзэрву. 10 верасьня такое міні-футбольнае поле адкрылі падчас «Дажынак-2018» Берасьцейскай вобласьці ў Высокім (Камянецкі раён). Ва ўрачыстасьці на тэрыторыі Высокаўская сярэдняй школы ўдзельнічалі старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс і старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў. Да канца 2018 году такія пляцоўкі адкрылі ў яшчэ 8 гарадах Беларусі, у тым ліку ў Дрысе (Віцебская вобласьць) і Нясьвіжы.

17 кастрычніка 2019 году Браслаў (Віцебская вобласьць) стаў 12-м ад пачатку году горадам Беларусі, дзе адкрылі міні-футбольнае поле ў рамках праекту «Бонфэста дзецям». 11 жніўня 2020 году ў Крупках (Менская вобласьць) і Коханаве Талачынскага раёну (Віцебская вобласьць) адкрылі міні-футбольныя палі памерам 40х20 мэтраў. Перад гэтым у 2020 годзе адкрылі палі ў Пружанах (Берасьцейская вобласьць), Дуброўне (Віцебская вобласьць) і Ігумене (Менская вобласьць). Лік узьведзеных пляцовак дасягнуў 66. Да 2022 году ў рамках «Бонфэста дзецям» мелі абсталяваць 128 такіх палёў у кожным раёне Беларусі. 28 жніўня 2020 году адчынілі футбольную пляцоўку 20 на 40 мэтраў у Верхнім горадзе Шуміліна (Віцебская вобласьць). «ТМК» выдаткаваў сродкі на штучны газон і яе абсталяваньне агароджай, брамамі і разьметкай. 13 кастрычніка 2020 году ў Капылі пры фізкультурна-аздараўленчым цэнтры адчынілі міні-стадыён, які стаў 34-м ад пачатку году. 4 сьнежня 2020 году ў Навасёлках Пастаўскага раёну (Віцебская вобласьць) міні-футбольную пляцоўку. На ўрачыстасьці начальнік Дэпартамэнту забесьпячэньня спартовых мерапрыемстваў БФФ Іван Гаравец паведаміў, што ў рамках праект «Бонфэста дзецям» ад пачатку году пабудавалі 7 поўнапамерных палёў і 32 аналягічныя пляцоўкі.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Тураўскі Малочны Камбінат БудоваТураўскі Малочны Камбінат МінуўшчынаТураўскі Малочны Камбінат КрыніцыТураўскі Малочны Камбінат Вонкавыя спасылкіТураўскі Малочны КамбінатГеаграфічныя каардынаты

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Вэб-сайтФлумінэнсі Рыю-дэ-ЖанэйруАнтонімыЯўхім КарскіІнфармацыйныя тэхналёгііЖанчына з жанчынайЭнэргія ветруАўстраліяВялікі комтурВагінальны сэксЛідаПохваПарнафільмШыла (неадназначнасьць)Леў ВыгоцкіПрыназоўнікЭтнічная тэрыторыя беларусаўНью-Ёрк19 красавікаСтасунакPanthera unciaПахаваньне Гедзіміна (карціна Казімера Альхімовіча)Камянецкая вежаБурбалка даткомаўБеларуская моваЯн Прадвесьнік (царква)МінэтСукупны ўнутраны прадуктМойша КульбакМакс ШчурFacebookЛязьбійская парнаграфіяЗямляКампутарнае праграмаваньнеФасадЛіцьвіныПрастытуцыяВікіманіяВікіпэдыяМайкл СьмітСьцяг ЛібііГміна Вялікія Эйсманты7 (лік)60 да н. э.ПукуВасіль НесьцярэнкаБэлькаВойнаВікіслоўнікВільняЛеанід Анфімаў800Мікола ПапекаЎІван МележСлонімская ратушаПалачаныПершая віленская клясычная гімназія🡆 More