Субстрат (ад лац.
sub — «пад» і stratum — «шар», то бок «ніжні шар») у мовазнаўстве — мова, якая ўплывае на іншую мову, што выцясьняе яе з ужытку. Зьяўляецца адным з трох відаў моўных кантактаў; іншымі словамі, пад моўным субстратам варта разумець «сукупнасьць фактаў і зьяваў усіх моўных узроўняў у распаўсюджанай на пэўнай тэрыторыі мовы, паходжаньне якой зьвязанае зь зьніклай мовай, якая раней існавала на гэтай тэрторыі».
Няхай мова «А» займае пэўную тэрыторыю. На той жа тэрыторыі зьяўляецца мова «Б», прынесеная, напрыклад, вонкавай міграцыяй насельніцтва. Мовы кантактуюць і пачынаюць узаемадзейнічаць. Мова «Б» паступова выцясьняе з ужытку мову «А»: носьбіты мовы «А» перастаюць яе ўжываць і пераймаюць мову «Б», як звычай праз тое, што уяўляюць мову «Б» больш прыдатнай і карыснай для іх уласных зацікаўленьняў (напрыклад, эканамічных, палітычных, культурных або сацыяльных). Пры гэтым у сваю чаргу мова «А» уплывае на мову «Б», таму што носьбіты мовы «А» сьвядома або падсьвядома захоўваюць пэўныя рысы сваёй мовы (вымаўленьне, пэўныя асаблівасьці марфалёгіі і сынтаксісу), выкарыстоўваючы іншую мову. Найменей за ўсё такі ўплыў адчуваецца ў слоўніку — пры запазачыньні іншай мовы, у першую чаргу вывучаюцца яе словы. Аднак рэшткі лексыкі зьніклай мовы могуць захавацца сярод назваў зьяваў або рэчаў, якія не былі вядомыя носьбітам іншай мовы, што прыйшлі на тэрыторыю мовы «А», і для якіх ня мелі сваіх словаў, а таксама сярод геаграфічных назваў, назваў пэўных жывёлаў або расьлінаў, якія не былі вядомыя чужынцам.
Такі тып уплыву мовы «А» на мову «Б» называецца субстатным, а мова «А» — субстратам для мовы «Б».
Лінгвістычны субстрат вельмі складана вылучыць, асабліва калі субстратная мова і яе бліжэйшыя суродзічы цалкам выйшлі з ужытку і вымерлі. Існуе вялікая колькасьць спрэчных тэорыяў наконт субстратных узаемадзеяньняў. Напрыклад, пэўныя мовазнаўцы даводзяць, што японская мова складаецца з алтайскага супэрстрату, накладзенага на аўстранэзійскі субстрат, або што выспавыя кельцкія мовы зьяўляюцца спадкаемцамі кельцкага супэрстрату, які зазнаў уплыў афраазіяцкага субстрату.
Для таго, каб мова лічылася субстратам (а ня адстратам ці супэрстратам), ейны ўплыў на іншую мову мусіць быць значна большым, чым наяўнасьць нешматлікіх выпадковых пазычаньняў або чым тое, што можна назіраць пры фармаваньні моўнага зьвязу (такія зьявы лічацца вынікам адстратнага ўзаемадзеяньня), аднак менавіта лексычныя (асабліва ў сукупнасьці з граматычнымі зьявамі) пазычаньні збольшага вызначаюцца як моўны субстрат. Таксама такі ўплыў ня мусіць быць вынікам дамінаваньня (магчыма, з старажытных часоў) субстратнай мовы над мовай, на якую аказваецца ўплыў (такое ўзаемадзеяньне лічыцца супэрстратным). Субстратныя сьляды ў мове ўзьнікаюць таксама ў выніку трывалага білінгвізму і этнічных кантактаў насельніцтва.
Калі ж кантакт між мовамі ажыцьцяўляецца на працягу значнага пэрыяду, і тып уплыву адной мовы на іншую складана вызначыць дакладна, тэрмін «субстрат» выкарыстоўваецца па змоўчаньні як родавы, які мае найбольш шырокае значэньне, хаця можа выявіцца, што міжмоўнае ўзаемадзеяньне зьяўляецца насамрэч адстартам і нават супэрстратам.
Ніжэй прыведзеныя прыклады моўных субстратаў у пэўных пашыраных мовах сьвету.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Субстрат (мовазнаўства), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.