Літва

Літва (Літва ў вузкім сэнсе, уласна Літва, гістарычная Літва) — гістарычная краіна, якая аб’ядноўвае захад Беларусі і паўднёвы ўсход Летувы.

Паводле традыцыйнай вэрсіі, тапонім Літва прымяркоўваць да тэрыторыяў Ашмяншчыны, Віленшчыны, Лідчыны і часткі Троччыны, аднак на падставе аналізу шматлікіх летапісных крыніцаў і зьвестак тапанімікі яго пашыраюць на Браслаўшчыну, Вількаміршчыну, Ваўкавышчыну, Слонімшчыну, большую частку Наваградчыны, а таксама часткі Гарадзеншчыны, Ковеншчыны і Меншчыны. У пэўны час Літва пачала выступаць як адна з гістарычных назваў усёй тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Літва
Першы пісьмовы ўпамін Літвы (лац. «Litua» — чытаецца як «Літва»), 1009 г.

Сучасныя дасьледнікі мяркуюць, што ад пачатку Літва была тэрыторыяй з гістарычна мяшаным балтыйска-славянскім насельніцтвам, дзе ў XIII стагодзьдзі ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Гэта быў галоўны цэнтральны рэгіён дзяржавы, які ў XIII—XVIII стагодзьдзях праз працэс балтыйска-славянскіх кантактаў набыў пераважна беларускі этнічны характар. Ад назвы Літвы паходзіць гістарычная саманазва беларусаўліцьвіны.

Назва

Паходжаньне

Літва 
Пячаць Багуслава I(uk), князя люцічаў, 1170 г.

Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка на аснове аналізу формаў назвы Літва і сугучных славянскіх уласных імёнаў, ужываных у гістарычных дакумэнтах, прыйшоў да высновы, што назва Літва паходзіць ад антрапоніму L'ut-o -a з каранёвай асновай l'ut (lit-), узятай ад аднакарэнных двухасноўных антрапонімаў (Luto-voj, Luto-slav, Luto-mir) з значэньнем люты. Далей ад гэтага антрапоніму ўтварыўся тапонім (харонім) *L'ut-ov-a, які паводле даволі пашыранай мадэлі, зафіксаванай у сугучных славянскіх тапонімах, перайшоў у форму *Lit(o)va (Літва). Праз пэўны час гэты тапонім набыў сэнс палітоніму з канфэсійным і этнічным напаўненьнем.

Фактычна Алесь Жлутка ўдакладніў першае найбольш старажытнае тлумачэньне, выказанае яшчэ ў XIII ст. прускім храністам Хрысьціянам, паводле якога Літва як зямельнае ўладаньне атрымала назву ад імя аднаго з сваіх валадароў. Вэрсію, што гэтым валадаром быў легендарны прашчур вялікага заходнеславянскага племя люцічаў, у 1921 годзе падтрымаў і разьвіў мовазнаўца Язэп Лёсік. Пра паходжаньне назвы Літвы ад люцічаў выказаў думку яшчэ ў пачатку XX ст. Эрнст Гэніг, выдавец Прускай хронікі Лукаша Давіда. Пра тое ж выказаліся ў 1920-я гады гісторыкі Вацлаў Ластоўскі і Васіль Дружчыц. Гісторык Павал Урбан сьледам за Вацлавам Пануцэвічам падрабязна вытлумачыў паходжаньне ліцьвінаў (літвы, лютвы) ад часткі люцічаў. Паводле гэтай вэрсіі, па доўгім змаганьні зь немцамі рэшта племя люцічаў, якое жыло паміж рэкамі Лабай і Одрай на паўночным усходзе цяперашняй Нямеччыны, дзеля паратунку ад паняволеньня і вынішчэньня перасялілася на ўсход. Гэтая ж вэрсія паходжаньня назвы Літва дэкляравалася ў час агульнага сходу студэнтаў-эмігрантаў у Парыжы ў 1949 годзе, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і летувіскіх студэнтаў. Яе выклад зьявіўся ў часопісе «Моладзь», які выходзіў у Парыжы ў 1948—1954 гадох. Сучасная беларуская мовазнаўца прафэсарка Раіса Казлова на аснове багатага анамастычнага матэрыялу з розных славянскіх краінаў, у тым ліку зь Беларусі, таксама давяла, што назва Літва ўтварылася ад славянскай асновы *l'ut-, што дазволіла ёй адзначыць: «правамерна аднесьці этнонім Літва да першапачатковага Лютва... Думаецца, што Літва — гэта славяне заходніх ускраінаў Славіі (люцічы, люты, юты, одрычы і іншыя плямёны)». Такім парадкам, паводле меркаваньня дасьледніцы, мова старажытных ліцьвінаў — гэта сплаў мовы ўсходнеславянскага насельніцтва і моваў славянаў заходнеславянскіх ускраінаў.

У 2019 годзе менскі дасьледнік Алёхна Дайліда выказаў гіпотэзу, што назва ліцьвіны ад пачатку была канфэсіёнімам (гісторык Сяргей Тарасаў зазначае ў сваёй рэцэнзіі на гэтую працу, што ва ўсходніх, гэтак званых «рускіх» крыніцах, сапраўды, не было ацэнак ліцьвінаў як паганцаў, а ў заходнеэўрапейскіх крыніцах ліцьвіны ацэньваюцца як схізматыкі, ворагі веры, «нехрышчоныя», «вераадступнікі», што адпавядала ацэнкам хрысьціянаў Полацку, Ноўгараду ды іншых земляў). Улічваючы шэраг яўна ўсходнегерманскіх імёнаў і тапонімаў люцічаў, а таксама летапіснае апавяданьне пра прыбыцьцё літоўскай шляхты зь нямецка-данскага ўзьбярэжжа, Алёхна Дайліда адзначае імавернасьць повязі назвы літвы з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць утварэньне назвы літва (або лютва) ад усх.-герм. liþus ― 'сябра, удзельнік' або liuþs 'чалавек' — у якасьці азначэньня ўсіх перасяленцаў зь нямецка-данскага ўзьбярэжжа ў Панямоньне ў X ст. — і далейшую яго зьмену ў ліцьвіны (або люцьвіны) праз усходнегерманскія суфіксы -þwa і -in (liþwa, такім парадкам, мусіла б азначаць 'суполка, дружына', а liþwin — удзельніка такой суполкі). На думку Алёхны Дайліды, форма ліцьвіны, відаць, існавала ўжо ў пачатку XI ст. (каля 1025 году палякі ваявалі супраць Letwanos і іншых «вераадступных»).

Літва 
Літва (Litvana або Lituana) на мапе сьвету 1459 г.

Увогуле, вэрсіі пазаэтнічнага паходжаньня тэрміну «літва» выказвалі беларускі дасьледнік Зьдзіслаў Сіцька (літва — сацыяльная супольнасьць, прафэсійныя ваяры) і летувіскі гісторык Рымвідас Пятраўскас (літва — група асобаў, якія ўсьведамлялі сваю прыналежнасьць да канкрэтнай палітычнай супольнасьці).

Тым часам, паводле гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, харонім Літва ёсьць вытворным ад назвы сярэднявечнага балтыйскага племені (літва, літоўцы), якое займала тэрыторыю ў басэйне правых прытокаў Нёмана, пераважна Вяльлі.

Выказваліся і іншыя меркаваньні пра паходжаньне назвы Літва. Яшчэ ў XV ст. Ян Длугаш зьвязваў яе з трансфармацыяй арыгінальнага італьянскага l'Italia — Італія — пад уплывам гаворак суседніх народаў. У такім жа легендарным рэчышчы беларускія летапісы XV—XVI стагодзьдзяў выводзілі гэтую назву ад зьліцьця двух лацінскіх словаў litus — 'бераг', tuba — 'труба'. Пазьней вытокі назвы Літва спрабавалі адшукаць у балтыйскіх мовах: ад летувіскага lytus — 'дождж' або ад назваў рэк, якія нібы выводзяцца з гэтай асновы. Тым часам Алесь Жлутка зьвяртае ўвагу на тое, што летувіскія вэрсіі непераканаўчыя і маюць шмат слабых бакоў. Сярод іншага, яны ігнаруюць велізарны анамастычны матэрыял з славянскіх тэрыторыяў і не бяруць пад увагу розныя формы назвы ў раньніх лацінскіх крыніцах з варыятыўнымі фармантамі і асновамі. Праявай хісткасьці летувіскіх гіпотэзаў і прыкметай таго, што этымалягічныя пошукі ў гэтым кірунку заходзяць у тупік, стала вылучэньне Артурасам Дубонісам новай вэрсіі, дзе Літва супастаўляецца з назвай служылага стану лейцяў. Як адзначае Алесь Жлутка, гэтая вэрсія грунтуецца пераважна на дакумэнтах позьняга часу — XVI стагодзьдзя, калі ўжо маглі адбыцца істотныя зьмены ў этнічным складзе насельніцтва і анамастыцы розных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага, а адзінкавыя ранейшыя, адрозныя паводле формы, упаміны могуць мець іншае паходжаньне.

Гісторык Валянцін Янін і лінгвіст Андрэй Залізьняк зьвяртаюць увагу на тое, што нямецка-расейскі філёляг Макс Фасмэр, сябра-карэспандэнт Акадэміі навук СССР і аўтар найбольшага этымалягічнага слоўніка расейскай мовы, дзеля абгрунтаваньня этымалёгіі назвы Літва зь летувіскай мовы прыводзіў сфальсыфікаваную старажытнарускую форму Литъва з спасылкай на Аповесьць мінулых часоў. Аднак напраўду ў адпаведнай крыніцы — як і ў іншых старажытных рускіх крыніцах — бытуе выняткова форма Литва, што фактычна зьняпраўджвае гіпотэзу пра запазычаньне назвы Літва зь летувіскага Lietuvа.

Формы

Асноўныя формы назвы Літва, якія ўжываюцца ў тэкстах лацінамоўных дакумэнтаў, зьвязаных з каралём Міндоўгам: Letovia, Litovia, Luthovia і Lutavia. Прытым формы Luthovia і Lutavia не маглі быць выпадковымі: яны ўжываліся ў лістох, напісаных у час знаходжаньня пасольства Міндоўга пры папскім двары і таму маглі быць успрынятымі беспасярэдне ад набліжаных караля. Падобныя формы сустракаюцца і ў пазьнейшых папскіх лістох, а таксама ў тытулах абодвух прызначаных у Літву біскупаў — Хрысьціяна і Віта.

Як адзначае Алесь Жлутка, у старабеларускай мове ўжываліся наступныя пары з аднолькавым значэньнем: лютовати і литовати, лютость і литость, лютостивый і литостивый ды іншыя. Такое ж чаргаваньне сустракаецца ў гідраніміі, тапаніміі і антрапаніміі Вялікага Княства Літоўскага. Апроч таго, дасьледнікі засьведчылі форму лютвін (замест літвін), а этнограф Уладзімер Дабравольскі запісаў на Смаленшчыне два старажытныя паданьні, адно зь якіх сягае да XIII ст., дзе Літва завецца Лютвою.

Гісторыя

Раньнія часы

Літва 
Межы старажытнай Літвы паводле Міколы Ермаловіча
Літва 
Швэдзкая мапа Літвы, XVII ст.

Упершыню Літва ўпамінаецца ў Квэдлінбурзкай хроніцы пад 1009 годам, калі хрысьціянскі місіянэр Бруна Квэрфурцкі прыняў мучаніцкую сьмерць ад паганцаў «на мяжы Русі зь Літвой». Пачатковая лякалізацыя тапоніму Літва канчаткова ня вывучаная, аднак ёсьць пэўнае супадзеньне тэрыторыі сярэднявечнай Літвы з арэалам культуры штрыхаванай керамікі на позьнім этапе (пачатак н.э.). У такім разе ўзьнікненне гэтай назвы датуецца пачатакам нашай эры.

Літва 
Літва на мапе з атлясу 1692 году (перадрукоўвалася ў 1702 годзе)

Назву літва мела, магчыма, балтыйскае племя (Літва — паводле Галіцка-Валынскага летапісу і littowen — у Старэйшай інфляцкай рыфмаванай хронікі), што жыло на памежжы з Полацкай зямлёй (Менскім княствам) ў часы раньняга Сярэднявечча. Найстарэйшы усходнеславянскі летапіс Аповесьць мінулых часоў называе літву сярод суседніх з славянамі народаў. Пазьней ва ўсходнеславянскіх летапісах літва пералічваецца сярод народаў, якія плацяць даніну Русі. Толькі пад канец ХІІ ст. літва настолькі ўзмацнілася, што пачала рабіць набегі на сваіх суседзяў. У пачатку ХІІІ ст. гэтыя набегі сталі часьцейшымі, тым часам у летапісах практычна няма згадак пра набегі літвы на тэрыторыі Полацкага княства і Панямоньня. Яны звычайна рабіліся на Валынь, Пскоўскую, Смаленскую і Чарнігаўскую землі, і Польшчу.

Літва 
Літва (Lithuanie), 1711 г.

У XI—XIII стагодзьдзях назва Літва пашырылася на ўсё верхняе і сярэдняе Панямоньне — тэрыторыі зь мяшаным балтыйска-славянскім насельніцтвам. У XIII ст. у гэтым рэгіёне ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Паводле летапісных зьвестак XII—XIII стагодзьдзяў і пазьнейшай тапаніміі, Мікола Ермаловіч лякалізуе летапісную Літву каля Менску на ўсходзе, Наваградку на захадзе, Маладэчна на поўначы і Ляхавічаў на поўдні, але потым яе назва разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх пашырылася на іншыя тэрыторыі балтаў у выняткова палітычным сэнсе. Алесь Жлутка таксама лякалізуе гістарычную Літву на тэрыторыі паміж Менскам і Наваградкам, пазначанай аднайменнымі тапонімамі.

Беларускі гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што прускі храніст XVI ст. Лукаш Давід, апісваючы эпізод варажнечы паміж судавамі (дайновамі) і ліцьвінамі, адзначаў, што Літва раней называлася Вэнэдыяй (вэнэдамі раней называлі ўсіх славянаў, пад гэтай назвай заходнія славяне часта выступалі ў заходнеэўрапейскіх хроніках ды іншых крыніцах яшчэ ў X і XI ст., апроч таго, Вэнэдзкім раней называлі Балтыйскае мора), але далей не разьвівае гэтай думкі. Тым часам выдавец Прускай хронікі Лукаша Давіда Эрнст Гэніг падаў у спасылцы тлумачэньне, што ў абодвух рукапісах (у якіх хроніка захоўвалася некалькі стагодзьдзяў перад яе выданьнем) у гэтым месцы два з паловай аркушы былі напісаныя (магчыма выпраўленыя) чужой рукой. Паводле канцэпцыі Лукаша Давіда, якая, магчыма, супадала з канцэпцыяй прускага храніста Хрысьціяна, «Малой» (пачатковай) Літвой была Гарадзенская зямля з сталіцай у Горадні.

Вялікае Княства Літоўскае

Літва 
Мапа Тамаша Макоўскага, 1613 г. Літва ахоплівае Наваградзкае, Менскае, Віцебскае, Полацкае, Амсьціслаўскае, Віленскае і Троцкае ваяводзтвы, тым часам Палесьсе і Жамойць ідуць асобна
Літва 
Фрагмэнт адміністрацыйнага падзелу Рэчы Паспалітай з мапы 1767 году: Літва ахоплівае Дынабург, Вільню, Трокі, Менск, Амсьціслаў, Наваградак, Полацак, Віцебск і Берасьце, Жамойць аддзяляецца ад Літвы (праз Курляндыю), Чырвоная Русь ахоплівае Холм, Белз і Львоў
Літва 
«Вялікае Княства Літва» (лац. Magnus Ducatus Lithuania), 1770 г.

У Іпацьеўскім летапісе пад 1238 годам упамінаецца «Литва Минъдога». З пашырэньнем уладаньняў Міндоўга, Войшалка і наступных вялікіх князёў літоўскіх на Нальшаны і Дзяволтву, межы Літоўскай зямлі — вялікакняскага дамэну — пашырыліся і на гэтыя землі, якія, аднак, у крыніцах XIII ст. разглядаліся як адасобленыя ад уласна Літвы.

У 1249 годзе валыняне ішлі выправаю «на Літву на Наўгародак». У 1257 годзе на загад папскае курыі на ўсходзе Польшчы ўтварылася новае біскупства — у Лукаве(pl) (месьціцца за 70 км на захад ад Берасьця). У буле на заснаваньне гэтага біскупства адзначалася, што яно ствараецца «in confinio Letwanorum» — «на мяжы зь ліцьвінамі». У 1267 годзе псковічы, ідучы ў паход на Крэва, ішлі «на Літву». Паводле летапісу, князь Даніла Раманавіч, едучы ў 1260 годзе «па Літоўскай зямле», наведваў Ваўкавыск, Зэльву і Горадню. У 1275 і 1277 гадох валыняне ішлі ваяваць «на Літву» — на Слуцак і Капыль. У 1286 годзе, паводле крыжацкай хронікі, рака Буг месьцілася ў Літве. У грамаце, укладзенай у 1352 годзе літоўскімі князямі з польскім каралём Казімерам III, Літвой называецца тэрыторыя і жыхарства ўласна Вялікага Княства Літоўскага, у той час як Русьсю называецца Валынь («Русь, што Літвы слушаець»).

Літва 
Падзел Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з мапы 1770-х гадоў: Сапраўдная Літва (анг. Lithuania Proper) складаецца зь «Літоўскіх ваяводзтваў» і «Літоўскай або Белай Русі», тым часам Жамойць падаецца асобна ад Літвы — паміж роднаснымі жамойтам Інфлянтамі і Курляндыяй
Літва 
«Вялікае Княства Літва» (лац. Magnus Ducatus Lithuania), 1780 г.

Бізантыйскія крыніцы сьведчаць, што вялікі князь Альгерд аднавіў Літоўскую мітраполію ў 1354 годзе на жаданьне літоўскага народу: «…магутны князь Літоўскае зямлі <…> гатовы быў на ўсё, каб <…> яго край быў самастойным і быў паднесены на ўзровень мітраполіі, кіраванае ўласным мітрапалітам, пра што і прасіў сьвяты і высокі збор; і гэты збор <…> паставіў пасланага адтуль і прызнанага дастойным кандыдата (Рамана) на мітрапаліта таго краю, згодна з жаданьнем яго народу, зь мясцовымі патрэбамі і жаданьнем згаданага князя». Мітрапаліт Раман (як і ранейшыя літоўскія мітрапаліты, ад 1300 году) меў афіцыйны тытул «мітрапаліта Літвы» (грэц. μητροπολίτης Λιτβων). Рэзыдэнцыя літоўскага мітрапаліта сьпярша была ў Наваградку, потым у Вільні, у склад мітраполіі ўваходзілі Полацкая і Тураўская япархіі. У 1361 годзе канстантынопальскі патрыярх Каліст у сваім лісьце называў Полацкую, Тураўскую і Наваградзкую япархіі ― «літоўскімі япархіямі». У 1389 годзе патрыярх Антоні менаваў краіну Літоўскай мітраполіі — Полацкую, Тураўскую і Наваградзкую япархіі — «зямлёй Літоўскай».

Літва 
Фрагмэнт мапы Рэчы Паспалітай, паводле якой назвы «Літва» і «Літоўская або Белая Русь» накладаюцца адна на адну, тым часам Жамойць падаецца асобна

У крыжацкім помніку «Паведамленьні аб літоўскіх дарогах» (складзены між 1384 і 1401 гадамі) «Аўкштота або верхняя Літва» (Auxteten oder Ober-Littauen) абыймала Вільню, Горадню, Ваўкавыск, Слонім, Наваградак, Крэва і Валожын. Складзены ў канцы XIV ст. у Кіеве (Вялікае Княства Літоўскае) «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», дзе пералічваліся гарады (замкі), падначаленыя ўладзе праваслаўнага («рускага») мітрапаліта — баўгарскія, валаскія, польскія (падольскія), кіеўскія, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія і залескія — улучаў большасьць гарадоў на этнічнай тэрыторыі беларусаў у разьдзел літоўскія гарады, сярод іх Ворша, Полацак, Віцебск, Слуцак, Менск, Наваградак, Барысаў, Крычаў. Наваградак выступае пад назвай Наваградак Літоўскі ў лістох вялікага князя Вітаўта 1415 году («Littawischen Nowogrotko») і ў пасланьні праваслаўнага духавенства Вялікага Княства Літоўскага 1415 году («в Новъм-граду Литовском»). Яшчэ ў грамаце вялікага князя Ягайлы 1387 году для касьцёла ў Абольцах (гістарычная Аршаншчына) зазначалася, што гэты касьцёл быў адным зь першых, заснаваных «у Літоўскай зямлі» (лац. «in terra Litvaniae»), а ў творы пра цуды сьвятога Міколы, складзеным у Лукомлі паміж 1402 і 1415 гадамі, адзначалася, што цуды «ў Лукомлі стварыся ў Літоўскай зямлі». Тым часам беларуская народная песьня, якая ўслаўляла перамогу гетмана Канстантына Астроскага над маскавітамі пад Воршай у 1514 годзе, сьведчыць: «Слава Воршы ўжо ня горша сярод мест літоўскіх». Паводле Слуцкага летапісу, вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч «сабра сілу многу Літоўскую і Ляхі і прыйдзе на Літоўскую зямлю, і сташа пад Мсьціслаўлем». Акт слонімскага гродзкага суду (1569 год) пазначаў, што Косаў знаходзіцца ў Літве («іменьне, у Літве, у павеце Слонімскам ляжачае, названае Косаў <…> іменьне, у Літве, у павеце Слонімскам ляжачае, названае Косаў»). На элекцыйным сойме 1573 году наваградзкія паслы абвяшчалі: «А урады, каторыя занядбаныя, абы ў сваю клюбу вешлі, звлашча падкаморага, канюшага, кухмістраўскі абы тут у нас, панове паляцы, у Літве, не ўладалі, яка ўрадамі земскімі. <…> Кароль, пан наш, абы тут, аж трэцяга року, у Літве мешкаў, а дзьве леце ў Польшчы, бо тэж скарб наш добра мнешы, за адысьцем Валыня і Падляшша». Францускі палітык Блез дэ Віжэнэр(pl) у сваім «Апісаньні Польскага Каралеўства» (1573 год) зазначаў пра Валынь, што «абрысы яе акругленыя і абмяжоўваюцца з усходу ракой Случчу, з захаду Бугам, паўднёвым бокам яна прылягае да Русі каля Вішняўца, а паўночны цягнецца ўздоўж Літвы», тым часам Чырвоная Русь «сканчаецца ніжэй за Люблін і Люблінскую зямлю, у тым месцы, дзе зьбягаюцца межы Літвы, Мазовіі і Валыні». У Баркулабаўскім летапісе пад 1583 годам зазначалася пра вялікі жар «у Літве, a звлашча акола Менска, акола Вільні», тым часам як іншыя землі Рэчы Паспалітай адзначаліся асобна — Русь, Валынь, Жамойць і гэтак далей. Выдатны дзяржаўны дзяяч ВКЛ Леў Сапега у лісьце да князя Крыштапа Радзівіла наступным спосабам характарызаваў рэгіёны Рэчы Паспалітай: нізоўе Дняпра — ва Ўкраіне, а Сьвіслач, Бярэзіна, Прыпяць і Случ — у Літве. У скарзе праваслаўнай шляхты на Варшаўскім сойме 1623 году, дзе Літва ўпамінаецца ў адным шэрагу з Палесьсем, Панізоўем і Белай Русьсю, да местаў з рускім насельніцтвам у Літве залічваюцца Вільня, Менск, Наваградак, Горадня, Слонім, Берасьце, Браслаў, Кобрынь і Камянец. Паводле каралеўскага рэестру местаў і мястэчак Уладзіслава Вазы (1632 год), ВКЛ складалася зь дзьвюх частак: Полацак, Амсьціслаў, Ворша, Браслаў, Магілёў, Дзісна, Віцебск у Белай Русі; Вільня, Трокі, Менск, Ліда, Наваградак, Берасьце, Слонім, Пінск, Горадня, Ваўкавыск, Коўна, Мазыр, Рэчыца, Камянец, Кобрынь, Мядзел і Мерач у Літве. Паводле летапісу ХVІІ стагодзьдзя, адзін з гарадоў, заснаваных маскоўскім гаспадаром Іванам ІV Тыранам на акупаванай Полаччыне, быў «ад літоўскіх гарадоў ад Лепля поў — 30 вёрст, ад Лукомля 20 вёрст». Народжаны на Берасьцейшчыне праваслаўны дзяяч Афанасі Філіповіч у 1667 годзе называў месца знаходжаньня Купяціцкага манастыра ў Літве, а гэта — «міля ад Пінску». Паводле Магілёўскай хронікі, літоўскае памежжа месьцілася «каля Слуцку і Менску» (запіс пад 1695 годам).

У XIV—XVI стагодзьдзях сучасьнікі звычайна адносілі да Літвы тэрыторыі на захад ад Заходняе Бярэзіны і лініі Браслаў — Барысаў — Менск — Слуцак — Клецак — Ляхавічы — Косаў — Пружаны ўлучна. Пашырэньне назвы Літва на былую Аўкштоту (на ўсход ад ракі Нявежы — вакол местаў Аліты, Вількаміру, Анікштаў, Ракішкаў) — памежную тэрыторыю ў часы змаганьня Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі за Жамойць — адбылося ў XVI ст. праз харонім «Завялейская Літва». Прытым землі г. зв. Завялейшчыны (як то Вількаміршчына) часта далучаліся да Жамойці.

У крыніцах XVI—XVIII стагодзьдзяў, апроч Літвы Завялейскай (паміж Вяльлёй і Дзьвіной), вызначалася таксама Літва Павялейская (ад Вяльлі да Нёману). Прытым назва Літва не пашыралася на Жамойць: напрыклад, у акце разьмежаваньня Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянтамі 1506 году «граніца Жамойцкай зямлі зь Ліфлянцкаю зямлёю» разглядалася апрычона ад літоўскай мяжы, у той час як «Літоўская граніца» ішла «да Дрысьвята і да Браслаўля, аж і да Пскоўскага рубяжа», то бо абыймала Полаччыну. Пытаньні «граніцы Літоўскае» з Жамойцю разглядаліся і на соймах 1542 і 1554 гадоў. У попісе войска ВКЛ 1567 году літоўскія маёнткі супрацьпастаўляюцца валынскім, падляскім і жамойцкім. У статуце Літоўскага Трыбуналу («Спосаб праў трыбунальскіх») 1581 году канцлер Астафей Валовіч пісаў: «На тых сойміках вышэй менаваных кождае ваяводзтва, зямля або павет абіраці маюць, і будуць павінны, межы сабою асоб годных богабойных, цнатлівых, праў і звычаеў онага панства Вялікага княства Літоўскага ўмеетных», прытым зазначалася, што «зямля Жамойцкая іж сваі вольнасьці і звычаі асаблівыя маюць…». Швэдзкія аўтары пачатку XVIII ст. (у тым ліку часоў Вялікай Паўночнай вайны) вылучалі ў тагачасным Вялікім Княстве Літоўскім толькі два гістарычна-культурныя абшары, адрозныя ад карэннай Літвы: Жамойць, што пачыналася «за Вільняй», і Палесьсе (перадусім Берасьцейскае ваяводзтва, заселенае палешукамі).

Пэўны час Літва выступала як адна з гістарычных назваў усёй сучаснай Беларусі разам зь Вільняй (Вялікае Княства Літоўскае), што засьведчыў яшчэ ў 1517 годзе польскі гісторык і географ Мацей Мяхоўскі ў сваім «Трактаце аб дзьвюх Сарматыях». Складзеная ў 1570-я гады Мацеем Стрыйкоўскім Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі азначала Менск як «цэнтар Літвы». У кнізе Марціна Цайлера(ru) «Новае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага», выдадзенай у 1646 годзе, зазначалася, што «Літва… мяжуе з Масковіяй, Падляшшам, Мазовіяй, Польшчай, Прусіяй, Інфлянтамі, Жамойцю, Падольлем і Валыньню». Францускі энцыкляпэдыск Люі Марэры(en) ў сваім «Вялікім гістарычным слоўніку» (1674 год) засьведчыў, што Літва — гэта месты Вільня, Наваградак, Полацак, Менск, Віцебск, Амсьціслаў, Браслаў ды іншыя. Выдадзены ў 1688 годзе «Геаграфічны слоўнік» Эдмунда Богуна(en) паведамляў, што Літву мясцовыя жыхары (якіх аўтар адрозьніваў ад палякаў) называюць «Litwa», а яе галоўныя месты — гэта Браслаў, Берасьце, Горадня, Менск, Магілёў, Наваградак, Полацак, Трокі, Вільня і Віцебск. Выдадзены ў Лёндане 34-ы том калектыўнай навуковай працы «Universal History»(en) (1762 год) сьведчыў, што Літву карэнныя яе жыхары называюць «Litwa» (анг. «…Lithuania, called Litwa by the natives») і што Літва мяжуе з Расеяй, Інфлянтамі, Валыньню, Чырвонай Русьсю, Польшчай, Падляшшам, Прусіяй і Жамойцю. Падобныя памежныя рэгіёны (з удакладненьнем у выглядзе Малой Польшчы — замест Чырвонай Русі і Польшчы) пазначаліся ў выдадзеным у Пэрце 13-м томе «Encyclopædia Perthensis»(en) (1806 год), дзе таксама адзначалася назва «Litwa» і тое, што мова Літвы — славянскі дыялект (анг. «Lithuania, or Litwa <...> The language is a dialect of the Sclavonic»).

Адукацыйны атляс Рэчы Паспалітай і Прусіі прафэсара Маскоўскага ўнівэрсытэту Філіпа Дыльтэя(ru) (выйшаў з друку ў 1775 годзе на францускай і расейскай мовах) падзяляў усё Вялікае Княства Літоўскае на «ўласна Літву» і Жамойць, прытым «уласна Літва» ўлучала ў сябе «Белую Русь». Таксама выдадзены ў 1776 годзе ў Лёндане падручнік з геаграфіі паведамляў пра падзел Вялікага Княства Літоўскага на «ўласна Літву, Жамойць і Курляндыю», прытым уласна Літва падзялялася на «Літоўскія ваяводзтвы і Белую Русь» (адзначалася, што апошняя знаходзіцца пад уладай Расейскай імпэрыі). Раней падобны падзел ВКЛ на «ўласна Літву» (з васьмю ваяводзтвамі) і Жамойць адзначаўся ва «Ўнівэрсальнай геаграфіі» (1715 год) францускага гісторыка і картографа Клёда Буф’е(uk), а таксама ў працы ангельскага сьвятара Рычарда Грэя(en) «Memoria Technica» (1730 год, пазьней некалькі разоў перавыдавалася), дзе значыўся падзел ВКЛ на «Курляндыю, Жамойць і ўласна Літву».

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Літва 
Першая старонка нявыдадзенай Мужыцкай праўды, кастрычнік 1862 г.
Літва 
Літва займае этнічную Беларусь, Жамойць — Летуву. З мапы вызвольнага паўстаньня, 1832 г.

Па ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Літва ўспрымалася як рэгіён у складзе Расейскай імпэрыі, што засьведчалі падвойныя назвы такіх местаў як Менск Літоўскі і Берасьце Літоўскае (таксама адзначаліся Барысаў Літоўскі, Белая Літоўская, Бранск Літоўскі, Высокае Літоўскае, Заслаўе Літоўскае, Камянец Літоўскі, Магілёў Літоўскі, Межырэч Літоўскі, Наваградак Літоўскі, Полацак Літоўскі, Шчучын Літоўскі ды іншыя).

У выдадзеных у 1780 годзе пры Імпэратарскай акадэміі навук «Тапаграфічных заўвагаў» да падарожжа маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у «Беларускія намесьніцтвы» зазначалася, што Полацак «заставаўся Літоўскай сталіцай да пабудовы Гедзімінам места Вільні». Ангельскі падарожнік Робэрт Джонстан адзначаў у дзёньніку сваёй вандроўкі Расейскай імпэрыяй, выдадзеным у 1815 годзе, што «старажытная Літва» пачынаецца ад мястэчка Лядаў (памежжа гістарычных Аршаншчыны і Смаленшчыны), мясцовых сялянаў ён апісваў як «карэнных літоўцаў», а мясцовую мову называў «літоўскім дыялектам». Расейскі чыноўнік Аляксандар Башняк(ru) у выдадзеным у 1821 годзе дзёньніку свайго падарожжа 1815 году зь Вільні ў Кіеў пакінуў падрабязныя апісаньні прыроды і мескіх паселішчаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а таксама адзначыў: «Наўрад ці Прыпяць ня варта лічыць прыроднаю мяжою Літвы <…>. Да Прыпяці жывуць літоўцы <…>; да Прыпяці гавораць і апранаюцца па-літоўску…» (рас. «Едва ли Припять не должно почитать природною границею Литвы <...>. До Припяти живут литовцы <...>; до Припяти говорят и одеваются по Литовски...»). Украінскі і расейскі лінгвіст, гісторык і этнограф Міхайла Максімовіч(uk) у 1839 годзе зазначаў: «У Маларосіі называюць яе [мову Беларускую або дакладней Літоўска-Рускую] просто літоўскай, а тых, хто гаворыць ёй — ліцьвінамі; таму і Паўночна-заходняя частка Чарнігаўскай Губэрні — куды распасьціраліся засяленьні Радзімічаў і дзе гавораць па-Беларуску — называецца ўжо Літвой».

Літва 
Менск Літоўскі. З вокладкі кнігі Аляксандра Ельскага, 1900 г.
Літва 
Моўная мапа з этнаграфічнага атлясу (Лёндан, 1850 г.): літоўская мова (Lithuanian) займае ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (ад Горадні да Смаленску), жамойцкая мова (Samogitian) — этнічную тэрыторыю летувісаў

Славуты паэт Адам Міцкевіч (1798—1855), які нарадзіўся і вырас на Наваградчыне і ў самім Наваградку, у сваёй знакамітай паэме пісаў пра родны край: «О Літва, айчына мая!…». Заснавальнік новай беларускай драматургіі і адзін з стваральнікаў сучаснай літаратурнай беларускай мовы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884) лічыў «Літвой» Менск, у якім тады жыў. Беларускі пісьменьнік Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816—1884), які нарадзіўся на Полаччыне і жыў у Віцебску, пісаў у сваім творы: «Літва — родная зямелька». Народжаны на гістарычнай Случчыне беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823—1862), які, як і яго сучасьнікі, называў Беларусь Літвой, падкрэсьліваў у адным з сваіх вершаў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!». «Продкі мае выйшлі зь літоўскіх балотаў», — пісаў пра Піншчыну Фёдар Дастаеўскі.

Як засьведчыла энцыкляпэдычнае выданьне 1841 году, на той час у папулярным значэньні Літвой называлі Віленскую, Гарадзенскую, Менскую, Магілёўскую і Віцебскую губэрні, галоўнымі рэкамі Літвы — Нёман, Дзьвіну, Дняпро, Вяльлю, Бярэзіну і Прыпяць, галоўнымі местамі Літвы — Вільню, Віцебск, Магілёў, Менск і Горадню.

Напярэдадні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў кастрычніку 1862 году зьявіўся нумар «Мужыцкай праўды», які аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць беларускім сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ:

Літва  Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <…> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. Літва 

Яшчэ ў 1886 годзе шырокае бытаваньне сярод беларусаў азначэньня ўласнай краіны як Літвы (а ўласнай беларускай мовы — як літоўскай) засьведчыў этнограф і фальклярыст Мікалай Янчук паводле вынікаў свайго падарожжа Менскай губэрняй:

Іншая цяжкасьць паходзіць ад таго, што на мясцовай мове, а пагатоў на польскай, нярэдка зьмешваюцца назвы «Беларусь» і «Літва», беларуская мова і літоўская… Спытаеце вы, напрыклад, якуюсьці мяшчанку, хто яна такая? — Polka [г. зн. каталічка — паводле сьведчаньня Мікалая Янчука], адкажа яна вам. — Адкуль родам? — Z Litwy. Як гавораць дома? — Po litewsku. Між тым пры высьвятленьні больш дакладных зьвестак выяўляецца, што ні сама яна, ні яе родныя ні слова не разумеюць па-літоўску, а гавораць выняткова па-беларуску.

У другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзяў назву Літва ў форме Летува (лет. Lietuva) пераняў для сваёй краіны нацыянальны рух, які сфармаваўся галоўным чынам на этнічнай аснове Жамойці. Хоць яшчэ ў 1854 годзе на старонках часопіса Библиотека для чтения(ru), які рэдагаваўся народжаным на Віленшчыне навучэнцам Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім супольна з выхадцам з кіеўскай шляхты, энцыкляпэдыстам і знаўцам эўрапейскіх і ўсходніх моваў Альбэртам Старчэўскім(ru), зьявілася крытычная нататка датычна называньня часткі жамойтаў (летувісаў) «літвой» — пазьнейшых «аўкштайтаў»:

Я хачу яшчэ аддаць гістарычнай і філялягічнай крытыцы сябраў віленскага камітэту самы тэрмін «літва». Я не зусім разумею адрозьненьне, якое робяць яны ў адным і тым жа чудзкім народзе, паміж літвой і жамойцю. Мне здаецца, што дарма адну частку гэтага народа называюць літвой, тады як іншай пакідаюць агульную і сапраўдную назву ўсяго народа, жамойць. Абедзьве яны — тая ж жамойць. Слова літва зусім не літоўскае і яно належыць столькі ж і яшчэ больш славянскай частцы ранейшага літоўскага гаспадарства, як і чудзкай. Калі жыхары чудзкай часткі адгукаюцца, што яны — літува і што яны кажуць літувішкі, па-літоўску, гэта па-мне значыць толькі, што яны ўжываюць на свой асабісты рахунак агульную палітычную назву гаспадарства, а не сваю племянную назву. Гэтак жа цяперашнія грэкі, італьянцы і паўднёвыя швайцарцы, таму, што некалі знаходзіліся пад рымскім валадарствам, выхваляюцца, нібыта яны — рымляне і гавораць па-рымску (Romeі, Rumanі, Roman). Латышы, альбо леты, чудзкія людзі аднаго кораня зь літоўскай чудзьдзю, не называюць сябе літвой; такім парадкам, і сястра іхняя, літоўская чудзь, этнаграфічна, ня мае права на гэтую назву. Уся яна — жамогусы, жамогі альбо жамодзі, сямогі альбо сямодзі, адкуль ўтварыліся словы жамойць і самагіція. Латышы таксама называюць сябе земме, семме, а гэта значыць толькі «свая зямля» падобна таму, як сома альбо суомі, «свая зямля» Фінляндыя і Суомалайне, «людзі сваёй зямлі», фіны, альбо фінляндцы. Жамогус альбо жмогус значыць — чалавек. Яны проста — людзі, а ня літоўцы. Вядома, што ў прыбалтыйскіх чудзкіх пакаленьнях няма асобых назваў для іх моваў: кожнае запэўнівае, што яно гаворыць на мове ма-кіль, «мове зямлі». Як у літоўскай чудзі, альбо жамогусаў, відаць, не было асобай назвы дзеля народнай мовы, то яна тым больш ахвотна пагадзілася называць яе «літоўскай», што слова «Літва» было палітычным тытулам знакамітай дзяржавы, якой чудзь гэтая належала.

Літва 
«Старадаўняй Літоўскай Пагоні ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць». Першая публікацыя верша «Пагоня» Максіма Багдановіча (Вольная Беларусь, 30 лістапада 1917 г.)
Літва 
Мапа № 6 атлясу «Географический атлас Российской империи» (1851 г.), дзе цэнтральная частка этнічнай тэрыторыі беларусаў (на поўдзень ад Горадні і Менску) мае подпіс «літоўцы» (рас. литовцы), а паўночна-ўсходняя частка — «беларусы» (рас. белорусы)

Як адзначае гісторык Уладзімер Арлоў, па анэксіі земляў Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі спрыялі пашырэньню назваў Белая Русь і беларусы, бо гэтыя назвы больш адпавядалі імпэрскім інтарэсам і дазвалялі трактаваць ліцьвінаў як разнавіднасьць расейцаў («вялікарусаў»). Палітыка татальнай русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага, якую праводзілі расейскія ўлады, спрыяла паступоваму зьнікненьню з ужытку назваў «Літва» і «ліцьвіны» ў гістарычным сэнсе і іх адначаснаму замацаваньню за суседнім балтыйскім народам (летувісамі).

У 1905 годзе аўтар артыкула «Літва і ліцьвіны» ў расейскім гістарычным часопісе «Родина(ru)» зазначаў: «Слова „Літва“ цяпер, уласна, гук пусты, бо Літвы, якая згубіла сваё палітычнае значэньне, не існуе, а ёсьць толькі губэрні Паўночна-Заходняга краю: Ковенская, Віленская і Гарадзенская, ды яшчэ часткі губэрнях Віцебскай, Магілёўскай і Менскай, дзе жывуць ліцьвіны. Літвою яны цяпер называюцца толькі паводле старой памяці, насуперак афіцыйнай забароне імпэратара Мікалая I».

У канцы XIX — пачатку XX ст. нацыянальная эліта гістарычных ліцьвінаў пры чынным удзеле выхадцаў з шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага — простых нашчадкаў гістарычнай Літвы (з шляхты паходзілі заснавальнікі Нашай Нівы браты Іван і Антон Луцкевічы, заснавальнік першай беларускай партыі Вацлаў Іваноўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады паэт Карусь Каганец, стваральнік беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, клясыкі беларускай паэзіі Алаіза Пашкевіч і Янка Купала, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня Вацлаў Ластоўскі, аўтар навукова вызначаных межаў этнічнай тэрыторыі беларусаў гісторык і этнограф прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі ды іншыя) — якая выступала за адраджэньне свайго народа і яго дзяржаўнасьці, абрала назвы «Беларусь» і «беларусы». Палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк дае наступныя тлумачэньні, чаму дзеячы нацыянальна-вызвольнага руху мелі выступіць пад назвай «Беларусь»:

І нарэшце, чаму нацыянальныя дзеячы ўмоўнай «Літвы», разумеючы гісторыю, ня выступілі пад аб’яднаўчым тэрмінам «Літва», але пад назвай «Беларусь»? Адказ на паверхні: таму што аб’яднаўчым тэрмінам у гэтай сытуацыі магла быць толькі Беларусь. Гэта ўжо была навуковая і палітычная рэальнасьць. Нашыя нацыянальныя дзеячы таго часу — гэта былі мудрыя людзі, якія грунтаваліся на аб’яднаўчай нацыянальнай ідэі, умелі стратэгічна думаць і глядзець наперад, абапіраліся на навуку і на рэчаіснасьць. Сытуацыя была такой, што калі б яны кансэрватыўна ці рамантычна выступілі пад назовам «Літва», то ўсходнюю Беларусь мы маглі б страціць назаўсёды. Царская Расея скарыстала б канфэсійны падзел і тэрміналёгію ў сваіх інтарэсах з усёй магутнасьцю імпэрскай прапаганды, бюракратычнага апарату і царквы. Вось тады зьявілася б у Расеі рэальная Белая Русь, якую б яшчэ і натравілі супраць «католической литовской ереси» ды «сэпаратызму». Бальшавікі давяршылі б гэты падзел ужо ў сьведамасьці. А сьведамасны падзел, як вядома, нашмат горшы і разбуральны, чым падзел тэрытарыяльны. Стаўка на назву «Літва» была б у тых умовах ужо сэпаратысцкай і тупіковай. У лепшым выпадку — маргінальнай. Нацыянальныя дзеячы-адраджэнцы абазначылі і ўключылі ў нацыянальны рух усю літоўскую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага (умоўную Літву і Беларусь) пад агульнай назвай Беларусь. У выніку расейская прапаганда не змагла фармальна ўклініцца ды падзяліць адзіную ідэю (хоць увесь час імкнулася). Расея ў такіх абставінах вымушана была агулам непрызнаваць і змагацца зь беларускім нацыянальным рухам. Расейцам у ідэйным пляне фармальна нічога не дасталося. <…> Беларуская нацыя адбылася ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Вяршыняй гэтага працэсу было стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, прытым дакладна ў дзяржаўна-этнічных межах гістарычнай Літвы.

Найшоўшы час

Літва 
Пікет у Менску з плякатам лацінкай: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: герб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама назоў Бацькаўшчыны — Літва, сталіцы — Менск!» (19.09.1991 г.)
Літва 
Краіна «Літва і Беларусь» (польск. «Litwa i Białoruś»), асобная ад Жамойці (Żmujdź), 1916 г.

У 1918 годзе летувісы ўзялі для сваёй нацыянальнай дзяржавы назву старажытнай Літвы і такім спосабам прысвоілі ўсё яе гістарычнае мінулае. У міжваенны час гістарыяграфія незалежнай Летувы манапалізавала гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, у якім яе землі складалі каля 10% тэрыторыі, а летувіская мова ня мела дзяржаўнага статусу. З прычыны браку ўласнай дзяржавы і сталінскага тэрору беларуская гістарыяграфія ў той час не магла свабодна разьвівацца, таму не брала ўдзелу ў дыскусіі. Навуковая гістарыяграфія ў Беларусі пачала актыўна фармавацца толькі па аднаўленьні незалежнасьці ў 1990-я гады. Гэта прывяло да таго, што ў сьвеце пашырэньне атрымала памылковае стэрэатыпнае атаясамленьне гістарычнай Літвы з сучаснай Летувой, а гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (у першую чаргу палітычнай) — з гісторыяй гэтай краіны.

Літва 
«Польшча і Літва за Ягайлам». Мапа з гістарычнага атлясу 1927 г.

Разам з тым, яшчэ ў 1921 годзе адзін з ініцыятараў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі былы старшыня Рады БНР Язэп Лёсік апублікаваў у афіцыйным культурна-адукацыйным часопісе Беларускай ССР артыкул «Літва — Беларусь (Гістарычныя выведы)», у якім зазначыў: «Беларусь у пазьнейшыя часы дзяржаўнай незалежнасьці насіла найменьне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жмудзкага й інш., або карацей — Вялікае Княства Літоўскае. <…> Сталася так, што пад Літвою разумеюць землі, заселеныя жмудзінамі, або даўнейшую Жамойць. <…> А што важней за ўсё, дык гэта тое, што Літва й Жмудзь — дзьве рэчы зусім розныя, і, апіраючыся на летапісныя весткі, ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі. <…> Мала гэтага, цяперашнія літоўцы (жмудзіны) упэўнілі нават усю Эўропу, што гэты іх маленькі жмудзкі народ абладаў колісь магутнай і слаўнай Літоўска-Рускай дзяржавай. <…> Расійскія і польскія гісторыкі, дзякуючы сваім імпэрыялістычным тэндэнцыям, не вытлумачылі сабе значэньне слова Літва і вераць створанай ілюзіі, што ўвесь гістарычны скарб б. В. К. Літоўска-Рускага (Беларускага) належыць цяперашнім жмудзінам. Але правільнае асьвятленьне гістарычных фактаў сьведчыць нам пра тое, што Літва — гэта было славянскае племя, увайшоўшае ў склад цяперашняга беларускага народа. Літва, Лютва, Люцічы — іменьні славянскага племя <…> і калі нашы продкі — беларусіны ў прошлых сталецьцях звалі сябе літвінамі, то яны ведалі, што казалі».

У 1926 годзе беларускі гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч на старонках віленскай газэты «Сялянская Ніва» зазначаў: «Вялікае значэньне мела імя Ліцьвін, Літва. Нашая мова часта завецца гэтым імем <…> Але нашыя продкі самі называлі сябе і далей па-старому: Крывіч, Ліцьвін, Крывія, Літва, мова крывіцкая, літоўская, руская». Пазьней ён папулярызаваў датычна Беларусі назву Вялікалітва.

Літва 
«З гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы», Я. Станкевіч, 1967 г.

У 1934 годзе загаднік беларускага замежнага архіва ў Празе, былы міністар унутраных справаў БНР Тамаш Грыб у сваім артыкуле «На два франты (Галоўныя засады вызвольнай праграмы беларускага народу)» падкрэсьліваў: «Хай нас ня блытаюць розныя найменьні дзяржавы, утворанай на рубяжы XIII—XIV стагодзьдзяў на вагромністым абшары Усходняе Эўропы, найменьні, якія ўжываюцца ў сучаснай гістарычнай літаратуры — Літва, Русь, Западная Русь, Літоўская Русь, Вялікае Князьства Літоўскае, Вялікае Князьства Літоўска-Рускае, Вялікае Князьства Літоўска-Беларускае, Вялікае Князьства Беларуска-Літоўскае, а таксама: Западная Русь пад уладаю Літвы, Беларусь пад Літоўскім панаваньнем ды інш. Усё гэта ёсьць выплад надзіву годнага непаразуменьня і зблытаніны паняцьцяў. Трымаймося фактаў гістарычнае рэчаістасьці: мова і культура беларускага народу былі пануючымі ў гэнай дзяржаве. Вось жа: гэта была беларуская дзяржава! <…> Трэ мець на ўвазе пры гэтым і адрознасьць паміж Ліцьвінамі (старадаўнымі Люцічамі, Велетамі або Волатамі) і Жмудзінамі. Асабліва сяньня трэ мець на ўвазе гэну адрознасьць, калі Жмудзіны, прыняўшы старадаўнае найменьне Літва, імкнуцца прыўласьніць і гістарычны зьмест гэтага слова — гістарычную мінуўшчыну беларускага народу».

У 1939 годзе беларускі гісторык Мікола Шкялёнак адзначаў нятоеснасьць «літоўскага» і «летувіскага», ад чаго прызнаваў тагачасныя летувіскія прэтэнзіі на Вільню і Гародню неабгрунтаванымі.

Літва 
Этнаграфічная мапа Вялікалітвы (Беларусі) паводле Я. Станкевіча

У працах беларускага гісторыка Вацлава Пануцэвіча (1911—1991), які меў грунтоўную філялягічную падрыхтоўку і выдаваў у Чыкага навуковы часопіс «Litva», Літва — гэта Беларусь, як і ліцьвін — беларус, а літоўская мова — беларуская мова. У фундамэнтальным двухтомным падручніку «Беларуская мова» Валентыны Пашкевіч (Таронта, 1978 год) — першай практычнай граматыцы беларускай мовы па-ангельску — зазначаецца: «літоўская мова была ўрадавай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага… наш край праз больш, як паўтысяча гадоў зваўся Літвой, дзяржава — Вялікім Княствам Літоўскім, а нашыя прашчуры — ліцьвінамі», што дадаткова сьцьвярджаецца ў пададзеным пры падручніку слоўніку: «Лятува [Летува] — present-day Lithuania; Літва — Lithuania (old name of present-day Byelorussia [Belarus]); Жамойць — Samogitia — old name (lasting almost until the end of the 19th c.) of present-day Lithuania».

У 1968 годзе гісторык права Язэп Юхо пісаў у часопісе «Полымя»: «У афіцыйных дакумэнтах XVI—XVIII стагодзьдзяў, апроч «Літвы», для ўсяе тэрыторыі Беларусі другога найменьня наагул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменьне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў».

22 студзеня 2009 году ў Беларусі ўтварыўся грамадзкі арганізацыйны камітэт імпрэзы 1000-годзьдзя назвы Літва пад старшынствам доктара гістарычных навук прафэсара Анатоля Грыцкевіча. У арганізацыйны камітэт «Міленіюм Літвы» ўвайшлі пісьменьніца Вольга Іпатава, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, доктар мэдычных навук Алесь Астроўскі, доктар біялягічных навук Аляксей Мікуліч, археоляг Эдвард Зайкоўскі, мастак і грамадзкі дзяяч Аляксей Марачкін, сьвятар Леанід Акаловіч і дасьледнік Зьдзіслаў Сіцька. Арганізацыйны камітэт адзначыў, што назва Літва датычыцца старажытнай тэрыторыі Беларусі, а цяперашнія беларусы да пачатку XX стагодзьдзя называлі сябе ліцьвінамі: «Тэрміны Беларусь і беларусы навязаныя нам расейскай адміністрацыяй у сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Беларусь ёсьць галоўнай пераемніцай Вялікага Княства Літоўскага. Нашы землі складалі вялікую частку ВКЛ. Менавіта на нашых землях і паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, якая аб’яднала ў XV стагодзьдзі асобныя княствы-землі, у тым ліку Наваградзкае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае і Гарадзенскае», — гаворыцца ў звароце.

Літва-Беларусь

Сярод прыхільнікаў разьмежаваньня назваў Літвы і Летувы пытаньне афіцыйнага вяртаньня назвы Літвы побач з назвай Беларусі ўспрымаецца неадназначна. З улікам гістарычнай дзяржаўнай пераемнасьці Беларусі зь Вялікім Княства Літоўскім лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазьняк вылучаў у 2005 годзе прапанову прыняць поўную назву краіны Вялікае Княства Літоўскае Беларусь з захаваньнем скарочанай назвы — Беларусь. Гэтую прапанову падтрымаў гісторык Анатоль Грыцкевіч, аднак гісторык Уладзімер Арлоў бачыць магчымасьць зьмены назвы дзяржавы толькі ў далёкай пэрспэктыве («не раней, чым кожны беларус будзе ўсьведамляць, што ў гістарычнай рэтраспэктыве Літва — гэта тое самае, што Беларусь»). Тым часам беларускі гісторык права Таісія Доўнар зазначае, што «менавіта ў зьвязку з гістарычнымі зьменамі назвы беларускага народа і цяпер часам узьнікае блытаніна датычна айчыннай гісторыі… магчыма, мелі рацыю навукоўцы, якія ў пачатку 90-х гадоў прапаноўвалі назваць нашу дзяржаву Вяліка-Літоўская Беларусь».

Існуюць таксама прыхільнікі тэрміновай зьмены назвы Беларусі на Літву, аргумэнтацыю якіх агучыў гісторык Ян Лялевіч. Ён мяркуе, што назва Літва «легімітызуе нашую краіну ў мінуўшчыне, для сучаснасьці, дае легітымізацыю для нашай будучыні», тым часам «закладзенае дамінаваньне гістарычнага кантэксту Русі» ў назьве Беларусі напраўду прыводзіць да дамінаваньня Расеі (праз афіцыйныя саманазвы расейцаў і расейскай мовы — рас. «русские» і рас. «русский язык», гвалтоўна ўведзеныя ў наркамаўку як «рускія» і «руская мова»). Адпаведна, на думку Яна Лялевіча, у назьве Беларусі крыецца «праблема самаідэнтыфікацыі нашага народа».

Гісторык Аляксандар Краўцэвіч, адзначаючы бясспрэчнасьць таго, што Літва і ліцьвіны ёсьць гістарычнымі назвамі Беларусі і беларусаў, што пераняцьце гэтых назваў Летувой і летувісамі было гістарычна не правамерным і што «наш народ прыняў сучасную назву, вядома, пад прымусам Расеі», выступае катэгарычна супраць зьмены назвы краіны і нацыі, бо «назва „Беларусь“ напоўненая вялікім і магутным сэнсам, увайшла ў масавую сьвядомасьць, мае моцную ідэалёгія і магутны мастацка-літаратурны падмурак». Адпаведна, «прыдумваць праекты па адмове ад гэтай назвы і прыняцьцю іншай — гэта значыць аслабляць нацыю, якая называецца беларускай».

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Літва НазваЛітва ГісторыяЛітва -БеларусьЛітва ЗаўвагіЛітва КрыніцыЛітва ЛітаратураЛітва Вонкавыя спасылкіЛітваАшмянскі паветБеларусьБраслаўскі паветВаўкавыскі паветВіленскі павет (ВКЛ)Вількамірскі паветГарадзенскі паветКовенскі павет (ВКЛ)ЛетуваЛідзкі паветМенскі паветНаваградзкі паветСлонімскі паветТапанімікаТапонімТроцкі павет

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Уладзімер ПравасудУладзіслаў ГалубокСьцяг БеларусіЛацінская моваЛетувіская моваАлесь КажадубПорнгабЛірыкаСлуцкі збройны чынІгуменСюзан ЧарныБеларусыПершая ПрачыстаяЛастаўчына гняздоМалінаВушкіАфрыкаМаршы недармаедаўМарына ВасілеўскаяКалечыцы (шляхецкі род)Каскадныя табліцы стыляўПалестынаРэспубліка КітайСажалкаІван Альгімонтавіч ГальшанскіБДСМБавоўнаКрумкачДзень праграмістаАшмяныСтаніслаў Яроцкі1908Кастусь КаліноўскіУзброеныя сілы Рэспублікі БеларусьЖыгімонт КейстутавічВухаСэрбіяЗіновій ПрыгодзічТарас ШаўчэнкаЧэрвень10 красавікаСтаніслаў Булак-БалаховічЛетуваАкторы парнафільмаўСаюз Савецкіх Сацыялістычных РэспублікСвабодная дэмакратычная партыя (Нямеччына)СубтытрыВалерыя Кустава@БеларусьБарысаўЛюбоўАльжбета ВасілеўскаяЛеанід МаракоўПавал КалечыцАляксандар ЛукашэнкаГараКанюшынаАсьвета (часопіс)ВікісховішчаБруліАбрэвіяцыяДыфірамбТроіца (гурт)СпакусьнікіСтарабеларуская моваКарыстальнікЕрусалімВіківідыГайла (імя)КастрычнікЗапарожжа🡆 More