Адам Ганоры Кіркор (21 студзеня 1818, вёска Сьлівіна Клімавіцкага павету — 23 лістапада 1886) — вядомы беларускі грамадзкі дзяяч лібэральнага кірунку, этнограф, публіцыст, выдавец, гісторык, краязнавец, археоляг, літаратуразнавец.
Чалец-карэспандэнт Імпэратарскага археалягічнага таварыства (1856), чалец Расейскага геаграфічнага таварыства (1857) і Акадэміі ведаў у Кракаве (1873).
Адам Кіркор | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 21 студзеня 1818 |
Памёр | 23 лістапада 1886 |
Пахаваны | |
Род | Кіркоры |
Бацькі | Караль Кіркор[d] Тэкля з Валадковічаў[d] |
Дзейнасьць | журналіст, археоляг, гісторык, публіцыст, выдавец |
Прадстаўнік шляхецкага роду Кіркораў гербу ўласнага, сын Караля і Тэклі з Валадковічаў. Меў брата Аляксандра і сястру Тэклю.
Навучаўся ў Магілёўскай і Віленскай гімназіях (апошнюю скончыў экстэрнам у 1838). Літаратурную дзейнасьць распачаў у 1842. Выдаваў у Вільні ў 1843—1858 гадах навукова-літаратурныя альманахі «Радэгаст», «Разумовыя дзеньнікі», «Віленскі альманах», часопіс «Віленскі зборнік». У апошнім зьмяшчаў свае працы па гісторыі, этнаграфіі і археалёгіі Літвы.
Быў чальцом Віленскай археалягічнай камісіі, кіраўніком Віленскага музэю старажытнасьцяў, якому ахвяраваў уласную археалягічна-этнаграфічную калекцыю, сабраную ў час экспэдыцыі па Менскай і Віленскай губэрнях.
Праводзіў археалягічныя раскопкі ў Ашмянскім, Барысаўскім, Віленскім, Вялейскім, Лідзкім, Менскім, Наваградзкім і Сьвянцянскім паветах, дасьледаваў каля 1000 курганоў.
У 1859 годзе заснаваў уласную друкарню, якая выдала шмат навуковых і мастацкіх кнігаў. Рэдагаваў газэту «Виленский вестник» (1859—1865). У 1863 прыцягваўся да сьледзтва ў зьвязку з удзелам у паўстаньні ягонай жонкі А. Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўрада Р. Траўгут. Страціў магчымасьць працаваць у Вільні; пераехаў у Пецярбург. Тамака разам з М. Юматавым у 1868—1871 выдаваў газэту «Новое время». Чытаў з 1872 лекцыі па гісторыі славянскіх літаратураў, у тым ліку беларускай, у Кракаўскім прамыслова-тэхнічным музэі. Яму належаць публікацыі «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі», «Пра этнаграфічную мяжу літоўскай і славянскай народнасьцяў у Літве» і інш.
Адзін зь першых пазнаёміў навуковы сьвет Расеі і Польшчы з багацьцем духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, адлюстраваў гістарычныя і этнаграфічныя своеасаблівасьці беларускага народу, даў этнічную і сацыяльна-побытавую характарыстыку тыпаў беларусаў, адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных, фальклёрных відаў творчасьці.
Аўтар мэмуараў «Літоўскія абразкі» (1874), «Зь віленскіх успамінаў» (1884), «Успаміны з 1860—1863» (1884—1885).
Адам Кіркор — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Адам Кіркор, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.