Сафíя Кіманта́йце-Чурлёнене (па-летувіску: Sofija Kymantaitė-Čiurlionienė; 13 сакавіка 1886, Янішкі, Летува, Расейскай імпэрыя ― 1 сьнежня 1958, Коўна, Летувіская ССР) ― летувіская пісьменьніца, паэтка, драматургіня, літаратурная крытыца, перакладніца і грамадзкая дзяячка.
Сафія Кімантайце-Чурлёнене | |
Sofija Kymantaitė-Čiurlionienė | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 13 сакавіка 1886 |
Памерла | 1 сьнежня 1958 (72 гады) |
Пахаваная | |
Муж | Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс |
Дзеці | Данута Кімантайце-Чурлёнене[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналістка, паэтка, пісьменьніца |
Гады творчасьці | 1905—1956 |
Жанр | п’еса, апавяданьне, верш, артыкул |
Мова | летувіская мова |
Дэбют | 1905 |
Значныя творы | Komedijėlės (1918), Šventmarė (1937) |
Узнагароды | |
Нарадзілася 13 сакавіка 1886 году ў безьзямельнай шляхецкай сям’і Леонаса Кімантаса і Эльжбеты Ярулайціце — ейным бацькам — было цяжка матэрыяльна, таму прыйшлося пераехаць у Кулі да брата маці, ксяндза Вінцэнтаса Ярулайціса.
У 1898 годзе ў Кулях Сафія пазнаёмілася зь сьвятаром Юозасам Тумасам-Вайжгантасам, які стаў ейным першым настаўнікам летувіскай мовы (да таго часу яна ўмела чытаць і пісаць толькі па-польску і крыху па-расейску). Пазьней Сафія Кімантайце навучалася ў Паланскай пачатковай жаночай школе, затым у Санкт-Пецярбургу ў Кацярынінскай гімназіі.
У 1904 годзе скончыла гімназію ў Рызе. У 1904—1907 гадах вывучала мэдыцыну ў Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве (на той час Аўстра-Вугоршчына), пазьней — філязофію і літаратуру.
Пісьменьніца пазнаёмілася з Мікалоюсам Чурлёнісам на адкрыцьці першай летувіскай мастацкай выставы ў Вільні. Пасябраваўшы, Сафія пачала навучаць кампазітара і мастака летувіскай мове, менавіта зь ёй асацыюецца летуанізацыя М. Чурлёніса. У 1909 годзе выйшла замуж за Мікалоюса Чурлёніса. Пасьля сьмерці мужа у 1911 годзе разам з дачкой Данутай пераехала ў Коўну, дзе на прафэсійных курсах вывучала летувіскую мову.
Сафія Кімантайце была актыўнай удзельніцай грамадзкага жаночага руху — у дваццаць адзін год яна ўдзельнічала ў першым кангрэсе летувіскіх жанчынаў у Коўне, на якім выступіла з дакладам.
Падчас Першай сусьветнай вайны жыла ва ўнутранай Расеі, у Варонежы, дзе працавала настаўніцай у мясцовай летувіскай гімназіі.
На пачатку 1920-х вярнулася ў незалежную Летуву. У 1925—1938 гадах выкладала летувіскую мову і мэтодыку выкладаньня на катэдры гуманітарных навук Унівэрсытэту імя Вітаўта Вялікага ў Коўне. З 1933 па 1934 год рэдагавала газэту «Gimtoji kalba» (Родная мова). Займалася міжнароднай дзейнасьцю: у 1929—1937 гадах была чаліцай летувіскай дэлегацыі ў Лізе Нацыяў, таксама займалася грамадзкімі праектамі.
Пасьля акупацыі Летувы савецкімі войскамі ў 1940 годзе засталася ў Коўне.
Падчас нямецкай акупацыі С. Кімантайце-Чюрлёнене і ейная дачка Данута ратавалі габрэяў — хавалі іх дома і дапамаглі атрымаць дакумэнты. У 1991 годзе была пасьмяротна ўзнагароджаная мэдалём Памяці Праведнікаў народаў сьвету за выратаваньне габрэяў.
Памерла ў 1956 годзе. Пахаваная на Пятрашунскіх могілках у Коўне.
Творы пачалі друкаваць у 1905 годзе. Пісала вершы, фальклёрныя паэмы, драматычныя творы, апавяданьні, аповесьці, артыкулы, этуды і рэцэнзіі па літаратуразнаўстве і гісторыі літаратуры. Пазьней апублікавала ўспаміны, пераклады твораў замежных пісьменьнікаў: Жана-Батыста Мальера, Гюстава Флябэра. Рэдагавала пераклад «Іліяды» Гамэра.
З 1926 г. у доме пісьменьніцы праходзілі суботы ў Сафіі Чурлёнене — «Чурлёненевы суботы», сустрэчы мовазнаўцаў і перакладнікаў. Галоўнай мэтай сустрэчаў было абмеркаваньне і паляпшэньне перакладаў. Ініцыятарамі гэтых сустрэчаў былі Юргіс Талмантас і сама Сафія Чюрлёнене. Пазьней да іх далучыліся Вінцас Мікалайціс-Пуцінас, Мікалас Вайткус, Саламея Нерыс, Ванда і Баліс Сруогі, Віктарас Камантаўскас, Казіс Бізаўскас, Антанас Саліс і іншыя.
Сама Сафія Кімантайце-Чурлёнене часта чытала свае пераклады. Калі ў перакладнікаў не хапала летувіскага слова, яны замест гэтага стварылі новыя словы. Аднак самым вялікім плёнам суботніх сустрэчаў стала зьяўленне газэты «Gimtoji kalba» (Родная мова). Выданьне хутка набыло папулярнасьць і было перададзена толькі што створанаму Таварыству летувіскай мовы, якое выдавала газэту «Sakalo bendrovė».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сафія Кімантайце-Чурлёнене, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.