Русінская мова (карпатаруская мова) або русінскія мовы зьяўляюцца сукупнасьцю разнастайных дыялектных, наддыялектных і літаратурна-моўных утварэньняў, якія існуюць або існавалі сярод русінскага этнасу як на яго спрадвечных землях у Прыкарпацьці, Заходняй Украіне, Усходняй Славаччыне, так і ў раёнах кампактнага пражываньня на тэрыторыі Ваяводзіны ў Сэрбіі, збольшага ў Славоніі ў Харватыі, у Вугоршчыне, у Румыніі і Польшчы, а таксама ў ЗША і Канадзе.
Лінгвісты маюць розныя меркаваньні адносна таго, ці зьяўляецца русінская мова асобнай усходне-славянскай мовай, або дыялектам украінскай мовы. Распаўсюджаная ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны (6724 носьбітаў па перапісе 2001 году), а таксама на ўсходзе Славаччыны (каля 20 тысячаў носьбітаў і 24 тысячы, якія назвалі нацыянальнасьць — русін, перапісы 1991 і 2001 гг.), у Польшчы, Вугоршчыне, Румыніі, Харватыі і сэрбскім аўтаномным краі Ваяводзіна.
Русінская | |
Руськый, Русинськый язык (бесіда) | |
Ужываецца ў | Закарпацкай вобласьці (Украіна), усходняй Славаччыне, Вугоршчыне, паўночнай Румыніі і Ваяводзіне (Сэрбія) |
---|---|
Рэгіён | Усходняя Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | ~50 тыс. |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская Славянская |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Ваяводзіне (Сэрбія) |
Статус: | 6a Жывы[d] |
Пісьмо | Русінскі альфабэт і кірыліца |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | ry |
ISO 639-2(Б) | sla |
ISO 639-2(Т) | rue |
ISO 639-3 | rue |
Карпата-русінскія дыялекты зьяўляюцца ўсходнеславянскімі і ўяўляюць сабой працяг украінскага дыялектнага кантынуўму (яго заходняй часткі). Яны падзяляюць шматлікія ўсходнеславянскія, агульнаўкраінскія і заходне-ўкраінскія асаблівасьці, але пры гэтым выяўляюць спэцыфічныя рысы.
Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя і да сярэдзіны XX стагодзьдзя сутыкаліся тры тэндэнцыі: у якасьці літаратурнай мовы адны прадстаўнікі русінскай інтэлігенцыі сталі ўкараняць расейскую, другія ўкраінскую, трэція спрабавалі ўтварыць літаратурную русінскую мову на народнай аснове. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў Чэхіі, Польшчы і савецкім Закарпацьці была ўзаконена толькі ўкраінская мова. У Ваяводзіне ўжо ў 1920-х гадох зацьвердзілася літаратурная русінская, і пасьля вайны яна стала разьвівацца ў спрыяльных умовах. У канцы XX стагодзьдзя літаратурна-моўнае будаўніцтва актывізавалася ў Польшчы (граматыка ў 1992 годзе, часопіс «Бесіда») і ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны (пэрыёдыка, граматыка «Материньскый язык», 1997).
Цяпер прадстаўнікі русінаў спрабуюць стварыць агульнарусінскую літаратурную мову, у прыватнасьці, шляхам публікацыі на старонках часопісу «Русин» тэкстаў на ўсіх разнавіднасьцях русінскай.
Агульнай літаратурнай мовы для ўсіх русінскіх дыялектаў не існуе. Дыялекты русінскай мовы падпадзяляюцца на карпацкія і панонскія, або панонска-югаслаўскія. У той час як карпацкія дыялекты блізкія да ўкраінскай, панонскія дыялекты практычна ідэнтычныя шарыскаму дыялекту ўсходнеславацкай мікрамовы.
Кадыфікаваны ў 1995 годзе ў Славаччыне варыянт мае да 80 % агульных зь літаратурнай украінскай мовай словаў. У русінскіх дыялектах Польшчы сустракаюцца запазычаньні з польскай мовы, у дыялектах Закарпацьця і Славаччыны існуюць запазычаньні з вугорскай мовы, аднак і ў самой вугорскай моцна адчуваецца ўплыў навакольных славянскіх моваў, у тым ліку і ўкраінскай.
У СССР русінская мова разглядалася як дыялект украінскай мовы. Той жа афіцыйны падыход ужываецца да яе ў цяперашні час ва Ўкраіне. Большасьць украінскіх навукоўцаў выступае супраць прызнаньня русінскай мовы як асобнай.
Першай краінай, якая прызнала русінскую мову афіцыйнай, была былая Югаславія (гл. таксама Панонскія русіны). У 1995 Славаччына таксама прызнала русінскую мовай нацыянальнай меншасьці, але афіцыйнай мовай у Славаччыне яна не зьяўляецца. Некаторыя дакумэнты (напрыклад, напамінкі выбарнікам) у Славаччыне ўтрымоўваюць часткі на русінскай мове нараўне зь літаратурнай украінскай, вугорскай, цыганскай, нямецкай і ангельскай. У некаторых славацка-русінскіх населеных пунктах прысутнічаюць дзьвюхмоўныя шыльды (напрыклад, Медзілаборцэ).
Як этнонім слова русін упершыню сустракаецца ў Аповесьці мінулых гадоў і ўжываецца разам з (русь, рускі люд), так мянуюцца людзі, якія адносяцца да Русі: сустракаецца ў Аповесьці мінулых гадоў, дамовах Алега з грэкамі 911 г. (згадваецца 7 разоў) і Ігара 945 г. (згадваецца 6 разоў), дамовах Смаленска зь немцамі, і пазьней ужываецца як этнонім у Кіеўскай Русі, Галіцка-Валынскам княстве, Вялікім княстве Літоўскім.
У эпоху Сярэднявечча, а асабліва актыўна ў XVI—XVII стагодзьдзях, на тэрыторыі сучаснай цэнтральнай Украіны т. зв. Гетманшчыны, тэрмін русінская (па-ангельску: Ruthenian), (па-лацінску: Rutheni, Ruteni), ужываўся да мовы, рэлігіі, а таксама як этнонім пазначэньня нацыянальнасьці людзей, якія пражывалі на дадзеных тэрыторыях і выкарыстоўваўся як сынонім слова «рускі». На тэрыторыі Галічыны і Букавіны дадзеная назва захоўвалася да пачатку 1950-х, а ў Закарпацьці захавалася і па сёньняшні дзень.
Зацемка: на самай справе гэтая мова мае дзьве саманазвы — «руськый, руськи» («рускі») і «русінскі». Апошняя, якая носіць некалькі штучны характар, у расейскай і ўкраінскай мовах выкарыстоўваецца нашмат часьцей для таго, каб адрозьніваць яе ад расейскай і ўкраінскай. Гэтак жа ў ангельскай выкарыстоўваецца назва «Ruthenian» або «Rusyn», каб адрозьніць яе ад «Russian». Самі ж носьбіты мовы называюць яе амаль выключна «рускай», прыметнік «русиньський» у дачыненьні да мовы ўсплывае толькі ў кроскультурнай камунікацыі і ўспрымаецца як маскалізм.
Вікіпэдыя мае вэрсію русінскай мовай |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Русінская мова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.