Раман Бандарэнка

Рама́н І́гаравіч Бандарэ́нка (1 жніўня 1989, Менск — 12 лістапада 2020, Менск) — мастак, удзельнік пратэстаў супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, забіты прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі.

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
Дата нараджэньня 1 жніўня 1989(1989-08-01)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 12 лістапада 2020(2020-11-12) (31 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр
Узнагароды
Мэдаль Ордэна Пагоні Медаль «Гонар і Годнасць»

Біяграфія

Скончыў Менскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Праходзіў тэрміновую службу ў 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня(en) (часцы 3214) унутраных войскаў.

Жыў на вуліцы Чарвякова, навучаў дзяцей маляваць. Працаваў адміністратарам, потым дырэктарам адной зь сеткавых крамаў «Востраў чысьціні». Паводле сваякоў, ня меў праблемаў зь міліцыяй, на маршы пратэсту не выходзіў.

Увечары 11 лістапада 2020 году ў Двор Пераменаў(be) у Менску прыехалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах і пачалі зразаць вывешаным мясцовымі жыхарамі бел-чырвона-белыя стужкі. Раман Бандарэнка быў сярод мясцовых жыхароў, якія выйшлі ў двор і спрачаліся зь невядомымі. Паводле сьведчаньня відавочцаў, адзін зь невядомых заатакаваў і штурхануў Рамана, але той ухіліўся ад удару. Невядомы спрабаваў затрымаць Рамана, але пазьней зьбег. Аднак адразу жа ў 22:16 Рамана затрымалі людзі ў цывільным з танаваных мікрааўтобусаў. Яны даставілі затрыманага ў Цэнтральную РУУС, дзе таго трымалі да 0:05. Раман Бандарэнка паступіў у бальніцу хуткай мэдыцынскай дапамогі а 00:05 12 лістапада з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі. Ён знаходзіўся ў затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезлі ў коме. Апэрацыя доўжылася некалькі гадзінаў, аднак стан яго пагаршаўся, увечары ён памёр.

Забойства

Паводле аналізу наяўных відэазапісаў, невядомы нападнік, які першым ударыў Рамана, мае візуальнае падабенства да Дзьмітрыя Шакуты, прафэсійнага баксэра й кікбаксэра, якога зьвязваюць зь Віктарам Лукашэнкам. Таксама за зьбіцьцём Рамана назіраў чалавек, які мае візуальнае падабенства зь Дзьмітрыем Баскавым, бізнэсоўцам і хакейным трэнэрам Мікалая Лукашэнкі(be), якога з Шакутам зьвязваюць сяброўскія дачыненьні. Чалавек, падобны на Баскава, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, пацьвердзіў, што мае імя Дзьмітры. Гэтых асобаў (падобных да Шакуты і Баскава) раней бачылі ў іншых дварах Менску, дзе яны таксама здымалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Рэакцыя

Увечары 12 лістапада некалькі тысячаў беларусаў сабраліся ў Двары Пераменаў, каб аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку. На наступны дзень на акцыі памяці выйшлі людзі ў Менску, іншых местах Беларусі і замежжа. Акцыі памяці суправаджаліся затрыманьнямі іх удзельнікаў, напрыклад у Берасьці й Баранавічах. Сьвятлана Ціханоўская выказала шчырыя спачуваньні родным нябожчыка. Яна падкрэсьліла, што Рамана Бандарэнку забілі памагатыя рэжыму Лукашэнкі: «Ён стаў нявіннай ахвярай бесчалавечнай сыстэмы, якая лічыць жыцьці людзей выдаткамі ўлады, і на яго месцы мог апынуцца кожны мірны чалавек».

12 лістапада 2020 году беларускі экзарх Веньямін сустрэўся з курсантамі і выкладнікамі факультэту ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі Беларусі. Падчас сустрэчы экзарх Веньямін заявіў, што выхаваньне цнотаў ваяра-хрысьціяніна патрабуе пастаяннай духоўнай працы, бо: «толькі моцны духам ваяр зможа ня толькі перамагчы, але і пераадолець пачуцьці нянавісьці, агрэсіі і злосьці, якія ўзьнікаюць пры любым супрацьстаяньні. Ён ніколі не зьняважыць пераможанага, ён абароніць бяззбройнага, які яшчэ хвіліну таму быў яго ворагам». 13 лістапада 2020 году А. Лукашэнка заявіў: «Я шчыра спачуваю бацькам» забітага Рамана Бандарэнкі. Ён згадаў: «Сёньня раніцай... я патэлефанаваў генэральнаму пракурору і сказаў: вазьміце пад сур'ёзны кантроль гэтую крымінальную справу». Лукашэнка прызнаў: «Ужо больш за месяц, у гэтых багатых перш за ўсё кварталах яны вывешвалі бела-чырвона-белыя сьцягі і стужкі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі... Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, каля 500 у Менску толькі, і яны таксама хадзілі і зразалі гэтыя сьцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зразаць сьцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужкі вывешваў (на агароджах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў. І сваркі былі». Урэшце ён адзначыў, што Бандарэнка сьмяротна «траўмаваны быў» тымі, хто зразаў бел-чырвона-белыя сьцягі.

У заяве ад 13 лістапада 2020 году ЭЗ зганіў жорсткасьць з боку пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў міліцыі й выказаў спачуваньні сям’і і сябрам Рамана Бандарэнкі.

15 лістапада ў Менску прайшоў марш памяці Рамана Бандарэнкі. Першапачаткова сілавікі рэжыма Лукашэнкі перашкодзілі ўтварыцца вялікай калёне дэманстрантаў. Людзі разьбягаліся, але ўпарта вярталіся на маршрут да «Плошчы Пераменаў». Супраць дэманстрантаў былі ўжыты спэцсродкі: святлошумавыя гранаты й сьлезацечны газ. Некаторых затрыманых моцна зьбівалі дубінкамі. Марш у Менску завяршыўся разгромам «Плошчы Пераменаў(be)», на якую прыбыла велізарная колькасьць сілавікоў рэжыма Лукашэнкі, якіх было ў некалькі разоў больш, чым пратэстуючых. Усё скончылася масавым затрыманьнем і зачысткаю ды апаганьваньнем мэмарыялу Рамана Бандарэнкі. Трансляцыю падзеяў з «Плошчы Пераменаў» вёў «Белсат» (журналісткі тэлеканалу Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова былі пасьля гэтага арыштаваны, а ў лютым 2021 году атрымалі па два гады зьняволеньня).

Пратэсты ў памяць Рамана Бандарэнкі таксама прайшлі ў Гомлі, Віцебску, Гародне, Баранавічах, Лідзе, Салігорску, Маладэчне, Жодзіну, Берасьці, Навагадку й іншых гарадох.

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека выказалася наконт забойства й заклікала ўлады да публічнага расьсьледаваньня.

19 лістапада 2020 году амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе Джым Гілмар(uk) выступіў з заявай адносна забітага Рамана Бандарэнкі й таго, што яго суайчыньнікам не дазволілі аплакваць страту, паколькі сілы бясьпекі ўжылі гвалт, каб разагнаць і арыштаваць больш за 1200 чалавекаў, бязьлітасна зьнесьлі стыхійныя помнікі ў Менску й па ўсёй краіне 15 лістапада, назваўшы такія дзеяньні прыкметай «беспакаранасьці, з якой беларускія сілы бясьпекі працягваюць жорсткае падаўленьне мірных дэманстрантаў».

26 лістапада 2020 году Эўрапейскі парлямэнт абмеркаваў сытуацыю на Беларусі. Вынікам абмеркаваньня стала прыняцьце рэзалюцыі «з нагоды працягу парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці забойства Рамана Бандарэнкі», падтрыманай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, з заклікам «хуткага, дбайнага, бесстаронняга й незалежнага расьследаваньня сьмерці».

На 27 лістапада 2020 году крымінальная справа па факту сьмерці Бандарэнкі не ўзбуджана, у той час як былі затрыманы па крымінальнае справе журналіст TUT.BY Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін, якія паведамілі мэдыцынскую інфармацыю, што забіты быў абсалютна цьвярозы, што абвяргае словы Аляксандара Лукашэнкі й Натальлі Качанавай пра тое, што Бандарэнка быў п’яны. Міжнародная амністыя прызнала журналістку й лекара вязьнямі сумленьня. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Барысевіч палітычнай зьняволеннаю. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сказаў, што ўлады змагаюцца не з праблемаю, а са СМІ: «Яны думаюць, што калі прэса ня будзе пісаць пра Бандарэнку, то людзі не даведаюцца пра гэтае. Яны, вядома ж, усё пазнаюць, але СМІ ўсё адно трапляюць пад удар».

9 жніўня 2021 году Дзьмітры Шакута быў унесены ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША за «гвалтоўную атаку на Рамана Бандарэнку» й перадачу яго міліцыі.

Расьсьледаваньне

18 лістапада 2020 году тэлеграм-канал «Нехта» абнародаваў гуказапіс тэлефоннай размовы старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Зьмітра Баскава і кікбаксэра Зьмітра Шакуты датычна забойства Бандарэнкі. У размове 12 лістапада 2020 году Шакута згадваў, што «падбег і зваліў» Рамана Бандарэнку ў двары на вуліцы Чарвякова. Таксама Шакута прызнаў, што Бандарэнку зьбівалі пры перадачы зь мікрааўтобуса Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня, у якім ён сам знаходзіўся, у мікрааўтобус АМАПу: «За рукі, за ногі і перадалі АМАПу. Потым, калі тэлефон аддавалі, бачыў, ліхтарыкам падсьвечвалі, як «амалоджваюць» (то-бок зьбіваюць на слэнгу) яго». У размове Баскаў запытаў пра зьбівальніка: «Хто з гэтых хлопцаў там быў? Іх трое было». Калі Шакута паясьніў, што «з тэлефонам быў, малады», Баскаў выказаў веданьне асобы зьбівальніка, хоць і не назваў яго імя: «Я зразумеў. Я ж стаяў, калі размаўлялі, гаўкаліся». 27 студзеня 2021 году «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі» апублікавала сваё расьсьледаванне па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. Паводле зьвестак BYPOL, дзякуючы атрыманым аўдыёзапісам і білінгу нумароў мабільных тэлефонаў, ім удалося дакладна ўсталяваць кола асобаў, якія маюць дачыненьне да забойства:

  • Дзьмітры Шакута (чэмпіён сьвету па тайскім боксе й кікбоксінгу),
  • Дзьмітры Баскаў (кіраўнік фэдэрацыі хакея),
  • Натальля Эйсмант (прэс-сакратарка Лукашэнкі),
  • Ганна Эйсмант (вядучая спартыўных навінаў, сястра мужа Натальлі Эйсмант),
  • Павал Воўчак (хакеіст, чалец хакейнай каманды Лукашэнкі),
  • Жанета Воўчак (псыхоляг, жонка Паўла Воўчака),
  • Сяргей Сарман (супрацоўнік САХР),
  • Сяргей Анцюфееў (супрацоўнік САХР),
  • Алег Буйкевіч (супрацоўнік САХР),
  • Раман Савенка (супрацоўнік САХР),
  • Яўген Ціманоўскі (супрацоўнік САХР),
  • Руслан Куляшоў (супрацоўнік АМАП),
  • Раман Крывашэін (супрацоўнік АМАП),
  • Аляксей Бабкоў (супрацоўнік Цэнтральнай РУУС Менску).

18 лютага 2021 году Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі па факце наўмыснага прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула сьмерць па неасьцярожнасьці. 17 верасьня 2021 году Генэральная пракуратура прыпыніла справу, бо не змагла знайсьці, каго прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

24 верасьня 2021 году «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі» абнародавала зьліў размоваў супрацоўнікаў Галоўнай управы ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму датычна забойства Бандарэнкі. У размове 11 лістапада 2020 году камандзір групы АМАПу Руслан Куляшоў паведаміў камандзіру АМАПу ГУЎС Менгарвыканкаму Дзьмітрыю Балабу, што кікбаксэр Дзьмітры Шакута траўмаваў Бандарэнку пры выкраданьні на вуліцы Чарвякова ў Менску. 12 лістапада 2020 году начальнік ГУЎС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб пацьвердзіў у тэлефоннай размове Балабу, што чэрапна-мазгавую траўму Бандарэнку нанёс Шакута, што засьведчана на выкладзеным у Сеціве відэазапісе.

Памяць

24 лістапада 2022 года Бандарэнка быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі


Нерасьсьледаваныя зьнікненьні і сьмерці вядомых людзей у сучаснай Беларусі
1996: Анатоль Майсеня
1999: Віктар Ганчар; Юры Захаранка; Генадзь Карпенка; Анатоль Красоўскі
2000: Зьміцер Завадзкі
2004: Вераніка Чаркасава
2005: Васіль Гроднікаў
2010: Алег Бябенін
2020: Раман Бандарэнка; Аляксандар Віхор; Мікіта Крыўцоў; Аляксандар Тарайкоўскі; Генадзь Шутаў
2021: Вітольд Ашурак ; Зьміцер Стахоўскі; Андрэй Зельцэр
2023: Мікалай Клімовіч

Глядзіце таксама: Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)

Tags:

Раман Бандарэнка БіяграфіяРаман Бандарэнка ЗабойстваРаман Бандарэнка РэакцыяРаман Бандарэнка РасьсьледаваньнеРаман Бандарэнка ПамяцьРаман Бандарэнка Глядзіце таксамаРаман Бандарэнка КрыніцыРаман Бандарэнка Вонкавыя спасылкіРаман Бандарэнка1 жніўня12 лістапада19892020МенскПратэсты ў Беларусі (2020—2021)Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2020 годуРэжым Лукашэнкі

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Арцём АрашонакВаронча1266Зоя КоўшПростыя сказыАпэрацыйная сыстэмаГудыАмонімМікола ГусоўскіМіхал Клеафас Агінскі1629Алег СалтукВалянцін АкудовічЭлізабэт ТэйларРэчыцаБаскетболЮрай СлафкоўскіВілятАрмянеСярэднебеларускія гаворкіАлтайЎВіківэрсытэтАнка УпалаЮрась ШамецькаНясьвіжДанецкая народная рэспублікаЗімовыя Алімпійскія гульні 1964 годуКіеўПрэмія імя Алеся Адамовіча (ПЭН-цэнтар)Ян СтанкевічБайкаЭстоніяЭлектронная поштаДзед ТалашГомасэксуальнасьцьMelbetФэдэральнае бюро расьсьледаваньняўВасіль ГігевічАфарызмЯўген ПанасенкаўКасьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў (Юравічы)Максім ТанкКанстытуцыя ССРБ 1919 годуАвечкаЧэрвеньАўганістанІван АрашкевічІсьляндзкі коньВячаслаў АдамчыкУсевалад ІгнатоўскіПлошча Перамогі (Менск)1923Соня садоваяНавуковая фантастыкаМілімэтарISSNЛацінская моваВільня31 траўняЛеанід ДайнекаКаскадныя табліцы стыляўХрысьціянстваАлесь Кажадуб7 (лік)МаладэчнаУладзімер ДубоўкаC++🡆 More