Радэрык фон Эркерт, Р.
фон Эркерт, Р. д’Эркерт (нар. 15 сьнежня 1821 Кульм; † 12 сьнежня 1900 Бэрлін) — нямецкі этнограф, картограф і афіцэр расейскай арміі. Займаўся этнаграфіяй Беларусі.
Радэрык фон Эркерт | |
Roderich von Erckert | |
Дата нараджэньня | 15 сьнежня 1821 |
---|---|
Месца нараджэньня | Кульм, Заходняя Прусія, Нямецкая імпэрыя |
Дата сьмерці | 12 сьнежня 1900 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | Бэрлін, Нямецкая імпэрыя |
Занятак | антраполяг, мовазнаўца, этнограф, картограф, афіцэр |
Навуковая сфэра | картаграфія, этнаграфія, фальклярыстыка |
Нарадзіўся ў Кульме (сучасны Хэлмна), атрымаў адукацыю ваеннага географа, паступіў афіцэрам на расейскую службу, дзе стаў сапраўдным сябрам Расейскага геаграфічнага таварыства. Аўтар нарысаў па гісторыі і этнаграфіі заходніх губэрняў Расеі (у тым ліку і беларускіх) і Каўказу, складальнік этнаграфічных мапаў і краніялягічных табліц, удзельнік складаньня манумэнтальнай працы «Этнаграфічнае апісаньне народаў Расеі», якая выйшла у 1857 годзе пад рэдакцыяй Густава-Тэадора Паўлі. У кнізе «Мовы каўкаскай расы» апублікаваў першыя ў эўрапейскім мовазнаўстве матэрыялы па некаторых дагестанскіх мовах, у тым ліку па цахурскай і карацінскай.
Намаляваў шэраг мапаў заходніх губэрняў і Царства Польскага. Займаўся дасьледваньнем палякаў на ўсім абшары Расейскай імпэрыі, ужо пазьней заняўся дасьледваньнем Каўказу і каўкаскіх нацыянальнасьцяў.
Сапраўднай зьявай і ў навуковым, і ў грамадзкім жыцьці стала дасьледчая праца Радэрыка фон Эркерта, якая складалася зь дзьвюх частак. Першая — «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губэрняў Расеі» — уключала аргумэнты і высновы аўтара наконт этнічнай, моўнай і канфэсійнай сытуацыі, гістарычны агляд разьвіцьця тэрыторыяў заходніх губэрняў, этнасацыяльную характарыстыку насельніцтва і інш.; другая — «Этнаграфічны атляс заходне-расейскіх губэрняў і суседніх абласьцей» — зьмяшчала этнічныя мапы засяленьня тэрыторыі заходніх губэрняў Расеі.
Эркерт даследаваў паняцьце этнічнай прыналежнасьці і гаворыць аб тым, што ад нараджэньня чалавек не належыць да той або іншай народнасьці, да таго або іншага веравызнаньня, тым самым падыходзячы да крытэру самасьвядомасьці як галоўнага ў вызначэньні этнічнай прыналежнасьці. Р. фон Эркерт вылучаў веравызнаньне і мову як два галоўныя крытэры вызначэньня этнічнай прыналежнасьці і адзначаў, што на тэрыторыі заходніх губэрняў Расейскай імпэрыі веравызнаньне часьцей акрэсьлівае этнічную прыналежнасьць, чым мова: «каталік, які гаворыць на беларускай або маларускай мове, ня толькі ў вачох усіх жыхароў праваслаўнага і каталіцкага веравызнаньня — паляк, але і сам лічыць сябе... палякам». Эркерт заўважаў высокую ступень зьмешваньня насельніцтва і складанасьць вызначэньня межаў расьсяленьня пэўных этнасаў і этнічных групаў: «...цяжка правесьці мяжу паміж расейскім і польскім насельніцтвам...».
Р. фон Эркерт прасочваў асаблівасьці гістарычнага, палітычнага і культурнага разьвіцьця беларускіх зямель, вызначаў розныя сацыяльныя функцыі моваў, якімі карысталіся на гэтай тэрыторыі: «...пры пагадненьнях і пратэстах паміж расейцамі і палякамі аказалася нават неабходным выкарыстоўваць лацінскую мову» (другая палова XV ст.); «...польская мова ўжо на завяршэньні XVII, а асабліва ў пачатку XVIII ст., зрабілася мовай справаводзтва ў Літве і маларускіх правінцыях».
Значная частка працы Эркерта прысьвечаная выдзяленьню, тлумачэньню і прычынам распаўсюджаньня этнонімаў, саманазваў насельніцтва заходніх губэрняў Расеі: «У Віцебскай, Магілёўскай і ўсходняй частцы Менскай губэрні выраз «беларус» для вызначэньня народнасьці, і «беларускі» для вызначэньня мовы, нікому не вядомы». Эркерт зьвяртаў ўвагу на тое, што сваю мову простае насельніцтва называе «простай», а сябе — рускімі, ліцьвінамі ці нават «сялянамі». Сяляне, у сваю чаргу, проціпастаўляюцца польскім дваранам, ці шляхце. Разглядаў Эркерт і пытаньні этнасацыяльнай характарыстыкі насельніцтва разгледжаных тэрыторыяў і зрабіў выснову, што паміж элітай грамадзтва (шляхтай) і простым народам не было сувязнога зьвяна, і яго месца ў якасьці саслоўя мяшчанаў заняло габрэйскае насельніцтва.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Радэрык фон Эркерт, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.