«Прамова Мялешкі» — помнік беларускай літаратуры першай паловы XVII стагодзьдзя.
Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатырычных твораў аратарскай прозы. Узор беларускай патрыятычнай літаратуры. Створаная ў форме прамовы на сойме, прыпісанай смаленскаму кашталяну Івану Мялешку.
Прамова Мялешкі | |
Жанр: | сатыра |
---|---|
Аўтар: | Цыпрыян Камуняка |
Мова арыгіналу: | старабеларуская мова |
Год напісаньня: | 1-я пал. XVII ст. |
Публікацыя: | 1822 год |
Напісаная невядомым аўтарам, які, як вынікае з тэксту, належаў да шляхоцкага стану. У ёй, бадай, упершыню ў беларускім пісьменстве прагучала думка пра небясьпеку канчатковай і незваротнай страты беларускім народам сыстэмы ўласных нацыянальных каштоўнасьцяў — маральных, эстэтычных, грамадзкіх, дзяржаўных, палітычных. Пісьменьнік сфармуляваў ідэю непарушнасьці беларускіх сямейных і побытавых традыцыяў, адзначыў іх высокую каштоўнасьць для ўсіх часоў і ўсіх пакаленьняў.
У творы сьцьвярджаецца неабходнасьць вяртаньня грамадзтва да старасьвеччыны, калі, на думку аўтара, панавалі шчырасьць, адкрытасьць, разважлівасьць, не было месца балбатні і палітыканству, падману й дэмагогіі. Праз ухваленьне мінуўшчыны, нават ідэалізаваньне яе пісьменьнік даказваў, што праўда, сумленнасьць, ахвярнасьць дзеля Бацькаўшчыны — найвышэйшыя каштоўнасьці, нязьменны ідэал. Аўтар пісаў пра кругабег княжаньня Жыгімонта Старога (1506—48), як пра «залаты час Літвы». Гэта адбылося, як гаворыцца ў «Прамове Мялешкі», дзякуючы дбайнасьці манарха, які даходзіў да ўсяго сам, клапаціўся пра ўвядзеньне ў дзяржаве справядлівых законаў, заахвочваў абаронцаў Айчыны.
На старонках твора ўздымаецца балючая тэма аслабленьня дзяржавы. Заняпад краіны пачаўся з часоў Жыгімонта Аўгуста (1548—1572), які, паводле словаў пісьменьніка, забыўся на цікавасьці Княства, падпаў пад ляскі ўплыў, перадаў Польшчы Валынь з Падляшшам, урэшце, сам пачаў лічыць сябе «ляхам». Але галоўная прычына крызісу Вялікага Княства Літоўскага, на думку аўтара «Прамовы Мялешкі», — здрада магнатаў, найвышэйшых саноўнікаў, якія сьледам за манархам пачалі выракацца сваіх традыцыяў, жыць на чужы лад. Міжусобнымі звадкамі яны загубілі дзяржаву, давялі да галечы просты люд. Уласныя амбіцыі і непамерная пыха засьляпілі ім вочы.
Аўтар публіцыстычнай «Прамовы Мялешкі» закрануў тэму ролі й адказнасьці шляхоцкага саслоўя за становішча ў гаспадарстве. Ён дакарае шляхту за яе згодніцтва, якая бачыла заняпад, але баялася «баламутных радных паноў», маўчала, замест таго каб супрацьдзейнічаць. Народ-шляхта, як найвышэйшы носьбіт улады ў Княстве, павінны быў, паводле аўтара, узнавіць колішнія парадкі і праз сваіх абраньнікаў усталяваць справядлівасьць, пакараць злачынцаў.
У «Прамове Мялешкі» асуджалася палянізацыя краю. Аўтар крытыкаваў норавы прышлых іншаземцаў — «ляхаў» і «немчыкаў». Першыя, паводле яго словаў, увільвалі як маглі ад працы, кралі, усё паганілі й псавалі, пры гэтым не забываліся смачна есьці й шыкоўна апранацца. Нязвыклая нямецкая ахайнасьць і акуратнасьць выклікаюць усьмешку ліцьвіна. У «Прамове Мялешкі» высьмейваецца малпаваньне чужых нораваў, мудрагелістасьць вопраткі, ненатуральнасьць, манэрнасьць паводзінаў, перанятых у іншаземцаў. Адмаўленьне ад традыцыйнай маралі, народнай этыкі й эстэтыкі, паводле высновы аўтара, стала адной з прычынаў грамадзкага заняпаду, разбэшчанасьці і распуснасьці.
«Прамова Мялешкі» — твор значнага грамадзкага гучаньня, накіраваны супраць іншаземнага засільля на беларускіх землях, разбурэньня народных традыцыяў, нацыянальнага рэнэгацтва. Напісаная жывой беларускай мовай, багатай народнай фразэалёгіяй. Разам зь «Лістом да Абуховіча» «Прамова Мялешкі» — яскравая зьява пераходнага пэрыяду разьвіцьця беларускае літаратуры на шляху яе набліжэньня да народных вытокаў, дэмакратызацыі.
Упершыню апублікавана Ю. Нямцэвічам ў 1822 годзе ў перакладзе ў польскую мову.
У 2011 годзе часопіс «ПрайдзіСвет» апублікаваў «Прамову Мялешкі» ў трасянцы ў перакладзе Анкі Упалы.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Прамова Мялешкі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.