Пло́шча 2010 го́ду — мірная дэманстрацыя супраць фальсыфікацыяў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году і ўдзелу ў іх адзінаўладнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Дэманстрацыя была разагнаная Ўнутранымі войскамі МУС Беларусі. Арганізатары і шэраг удзельнікаў мітынгу пасаджаныя за краты. Падставай турэмнага зьняволеньня паслужылі разьбітыя шыбкі Дома ўраду.
Яшчэ напярэдадні выбараў Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў і Мікалай Статкевіч заклікалі сваіх прыхільнікаў да сходу на Кастрычніцкай плошчы Менску 19 сьнежня. Да яе былі сьцягнуты ўзмоцненыя сілы міліцыі. У Менску былі недаступныя шэраг апазыцыйных сайтаў, а таксама LiveJournal, Twitter і некаторыя іншыя сайты. Таксама недаступныя сайты па абароненым пратаколе HTTPS. Акрамя таго, падчас нападу працяглы час былі недаступныя апазыцыйныя сайты «Беларускі партызан» і «Хартыя’97».
Яшчэ да пачатку збору, а палове на восьмую, невядомымі ў чорным быў зьдзейсьнены напад на калёну Ўладзімера Някляева, якая накіроўвалася на плошчу. Падчас зьбіцьця Ўладзімер Някляеў страціў прытомнасьць, яго забрала «хуткая дапамога». Кандыдата ў прэзыдэнты зьбіваў камандзір «Алмаза» Мікалай Карпянкоў.
Іншыя вылучэнцы ад апазыцыі а 20-й гадзіне далучыліся да сваіх прыхільнікаў на плошчы. Праз гадзіну 5 вылучэнцаў узялі ўдзел у шэсьці да плошчы Незалежнасьці, дзе разьмяшчаецца Дом Ураду, у якім засядае Нацыянальны сход Беларусі, і Цэнтральны выбарчы камітэт, дзе ў той час ішоў падлік галасоў. Там быў зладжаны мітынг і спроба дамагчыся перамоваў з урадам.
Падчас акцыі пратэсту група нявызначаных асобаў спрабавала ўзяць штурмам Дом Ураду, разьбіўшы пры гэтым шкло і выламаўшы дзьверы. Высоўвалася таксама вэрсія, што шкло і дзьверы ў Доме Ўрада былі разьбіты правакатарамі. У адказ на гэта міліцыя без разбору пачала зьбіваць мірных удзельнікаў шэсьця, што прывяло да нанясеньня некалькім дэманстрантам чэрапна-мазгавых траўмаў і пакіданьня плошчы большасьцю ўдзельнікаў шэсьця. Каля 5 тысячаў зь іх засталіся разам з Саньнікавым і Рымашэўскім. Апоўначы пасьля спробаў арганізатараў мітынгу выклікаць на перамовы кіраўніцтва сілавых структураў сотні міліцыянтаў разагналі і іх. Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Рымашэўскі, Саньнікаў, Статкевіч і Вус, кіраўнікі іх штабоў і давераныя асобы, некалькі сотняў прыхільнікаў, таксама шэраг журналістаў і замежных грамадзянаў. Акрамя таго пры разгоне мітынгу ад дзеяньняў міліцэйскіх спэцпадразьдзяленьняў пацярпелі дзясяткі пераапранутых міліцыянтаў, якія знаходзіліся ў натоўпе. Зьбіты раней Уладзімер Някляеў вывезены супрацоўнікам КДБ з бальніцы.
Разам з гэтым, адзін з кандыдатаў у Прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка, які не прымаў ніякага ўдзелу ў акцыі і адразу прызнаў сваё паражэньне ад Лукашэнкі, яшчэ 20.12.2010 апублікаваў на сваім сайце інфармацыю, што «яшчэ за 10 дзён да штурму Дому ўраду кандыдаты ў прэзыдэнты прапанавалі разгледзець гэты сцэнарый» і запрасілі яго ўдзельнічаць, але ён адмовіўся. Пры гэтым Цярэшчанка прызнаўся, што з-за сытуацыі, якая склалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, ён плянаваў эміграваць разам зь сям’ёй прасіць палітычнага прытулку ў іншай краіне.
Арганізатары заявілі, што акцыя будзе бестэрміновай і заклікалі ўсіх прыйсьці на плошчу Незалежнасьці ў панядзелак 20 сьнежня а 18-й гадзіне. На наступны дзень пасьля выбараў — 20 сьнежня ў 18:00 на Плошчы Незалежнасьці сабралася ад 50 да 200 чалавек, якія былі разагнаны АМАПам, частка пратэстуючых была арыштавана.
20 сьнежня Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 асобаў і пацьвердзіў, што вылучэнцаў у прэзыдэнты дапытвалі ў месцах зьняволеньня КДБ. 29 сьнежня Някляева, Рымашэўскага, Саньнікава і Статкевіча абвінавацілі ў арганізацыі недазволенага грамадзкага мерапрыемства, што паводле артыкулу 293 КК прадугледжвала зьняволеньне ад 5 да 15 год. 17 лютага ўдзельніка кампаніі Някляева асудзілі да 4 гадоў зьняволеньня. Большасьць арыштаваных суды асудзілі да выплаты спагнаньняў да 30 «базавых велічыняў» (каля 265 эўра) і 15-дзённага зьняволеньня. 31 сьнежня Міністэрства замежных справаў паведаміла пра спыненьне паўнамоцтваў прадстаўніцтва АБСЕ ў Менску па прычыне нежаданьня ўраду іх працягваць. 21 студзеня Лукашэнку прывялі да чацьвёртай прэзыдэнцкай прысягі.
Афіцыйная газэта адміністрацыі Лукашэнка «Савецкая Беларусь — Беларусь Сёньня» на падставе рассакрэчаных дакумэнтаў беларускіх спэцслужбаў абвінаваціла ў дачыненьні да падзеяў 19 сьнежня ў Менску спэцслужбы Польшчы і Нямеччыны.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Плошча 2010 году, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.