Пе́ршы Слу́цкі полк стральцо́ў — вайсковая частка Беларускай Народнай Рэспублікі, створаная ў лістападзе 1920 году ў Слуцку.
1-ы Слуцкі полк | |
сьцяг 1-га Слуцкага палка | |
Гады існаваньня | 1920 |
---|---|
Краіна | Беларуская Народная Рэспубліка |
Падпарадкаваньне | Урад БНР |
Уваходзіць у | Слуцкая брыгада |
Тып | полк |
Уключае ў сябе | 3 батальёны |
Функцыя | абарона Слуцкага павету |
Колькасьць | 2500 чал. |
Дысьлякацыя | Семежава |
Дэвіз | Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына |
Узбраеньне | 300 карабінаў, вінтоўкі, 10 кулямётаў |
Удзел у | Слуцкі збройны чын |
Вядомыя камандзіры | Павал Чайка, Ахрэм Гаўрыловіч |
Быў асноўнай вайсковай часткай Слуцкай брыгады, якая бараніла Слуцкі павет БНР ад расейскіх бальшавікоў у ходзе Слуцкага збройнага чыну 1920 году.
У жніўні 1920 г. капітан Антон Самусевіч вярнуўся ў родны Слуцак, дзе сабраў у полк каля 2500 чалавек. Камандзір Асобнага аддзелу войскаў БНР генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў Антона Самусевіча камандзірам 1-га Слуцкага палка і вылучыў 30 000 польскіх марак на закуп зброі і абмундзіраваньня. Спачатку на ўзбраеньні налічвалася 300 карабінаў, якія дапоўнілі 500 вінтоўкамі.
21 лістапада 1920 году Рада Случчыны зацьвердзіла Дэклярацыю, у якой заклікала «стаяць за незалежнасьць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа». У выніку пачалася мабілізацыя ў Слуцкую брыгаду, якая ўлучыла 2 палкі. 22 лістапада 1920 г. Рада Случчыны зацьвердзіла стварэньне 1-ага Слуцкага палка стральцоў у складзе 3-х батальёнаў. Аднак сябры Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў у Радзе Случчыны адмовіліся ўхваліць прызначэньне Самусевіча камандзірам палка. Тады Самусевіч здаў камандаваньне падпалкоўніку Паўлу Чайку. З Горадні даслалі сьцяг 1-га Слуцкага палка з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Камандзірам 1-га батальёна быў прызначаны падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, 2-га — капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, 3-га — капітан Аляксей Колпак. Пасаду начальніка гаспадарчай часьці заняў прапаршчык Кашкарэвіч. Паручнік Кахановіч выконваў абавязкі ад’ютанта. Роты ўзначалілі: 1-ю — паручнік Якуб Гузьней; 4-ю — Аляксандар Савановіч; 5-ю — паручнік Павал Бранавіцкі, 6-ю — падпаручнік Нікадзім Кернажыцкі. Агулам налічвалася 9 ротаў. Кулямётную каманду склалі 10 чалавек. Аддзел выведкі ўзначаліў прапаршчык Шыманскі.
27 лістапада 1920 г. 1-ы Слуцкі полк займаў участак ад Семежава (цяпер Капыльскі раён) да Вызны (цяпер Салігорскі раён) працягласьцю каля 20 км, калі пачаліся баі Слуцкага збройнага чыну. 6-я рота 1-га Слуцкага палка захапіла ў палон выведвальны атрад расейскіх бальшавікоў пад 4-ма вёскамі (цяпер Капыльскага раёну) Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава. У ходзе боя пад Васільчыцамі стралец Піліп Валодзька атрымаў цяжкае раненьне і стаў першым памерлым удзельнікам слуцкага паўстаньня. Расейскія чырвонаармейцы страцілі 3 чалавекі забітымі, 3 — параненымі і яшчэ 1 чырвонаармеец трапіў у беларускі палон. 5-я рота 1-га Слуцкага палка пасьля бою вызваліла 2 вёскі (цяпер Капыльскага раёну) Лютовічы і Дашнава і паланіла 5 расейскіх чырвонаармейцаў. 7-я і 8-я роты 1-га Слуцкага палка адбілі напад расейскага войска на вёску Мацкевічы.
30 лістапада 1920 г. расейскія войскі падцягнулі новыя вайсковыя часткі пад вёску Вужыца (Бабруйскі павет) на ўсход ад Слуцка, дзе спынілі наступ 1-га Слуцкага палка. 2 сьнежня начальнік выведкі Слуцкай брыгады Антон Мірановіч арыштаваў камандзіра 1-га Слуцкага палка Паўла Чайку, пасьля перахопу яго ліста да расейскіх бальшавікоў. Новым камандзірам стаў падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч. 4 сьнежня 1920 г. часткі 8-й і 17-й дывізіяў 16-й арміі расейскіх бальшавікоў выціснулі 1-ы Слуцкі полк з Вызны. 7 сьнежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк адступіў зь Семежава ў Подчыцы, адкуль у Грыцэвічы (цяпер Клецкі раён).
12 сьнежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк вызваліў Семежава, дзе завалодаў запасам снарадаў. Істотную ролю ў наступе адыграла 2-я рота. 17 сьнежня 1-ы Слуцкі полк вызвалі Вызну, аднак адступіў зь яе 19 сьнежня. Пры наступе на Слуцак расейскія войскі выкарыстоўвалі 6 браневікоў. Пагатоў 1-ы Слуцкі полк меў па 30-40 вінтовак на роту. 20 сьнежня полк зноў пакінуў Семежава, адкуль адступіў у Морач (Клецкі раён), а затым у Заастравечча. 28 сьнежня 1920 г. Найвышэйшая рада БНР на пасяджэньні ў Баранавічах пастанавіла распусьціць Слуцкую брыгаду, у тым ліку 1-ы Слуцкі полк. У той дзень большасьць (1500) стральцоў перайшла раку Лань, дзе іх інтэрнавала польскае войска. Астатнія 400 чалавек увайшлі ў склад падпольнай арганізацыі «Зялёны Дуб».
Гэта — накід артыкула па гісторыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Першы Слуцкі полк, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.