Панізоўе (літар.
«мясцовасьць, якая ляжыць нізкай плыньню ракі») — гістарычны рэгіён на паўднёвым усходзе Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Сажа — усход цяперашняй Гомельскай вобласьці і паўднёвы ўсход Магілёўскай.
Рэгіён улучаў месты Гомель, Крычаў, Прапойск, Рагачоў, Рэчыцу, Чачэрск, а таксама Асьцёр і Любеч, якія цяпер знаходзяцца ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.
Тэрмін «Панізоўе» ня быў шырока вядомым і не выкарыстоўваўся па г.зв. «Крывавым патопе» (Казацка-сялянская вайна 1648—1651 гадоў і Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў). Мяркуецца, аднак, што ў пачатку ХVII ст. гэты рэгіён называўся менавіта так, і толькі па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) і далучэньні ўсходняй часткі Беларусі да Расейскай імпэрыі, землі Панізоўя сталі асацыявацца зь «Белай Русьсю». Адбылося гэта праз тое, што большая частка былога Панізоўя ўвайшла ў склад Магілёўскай (Беларускай) губэрні. На думку Ўладзімера Васькова (Палівача), хоць харонім «Панізоўе» ўжываўся непрацяглы час, аднак сам рэгіён склаўся і існаваў задоўга да ўзьнікненьня гэтай назвы.
У «Суплікацыі» (хадайніцтве, прашэньні, скарзе) праваслаўнай шляхты Беларусі і Ўкраіны на прыцясьненьне з боку ўніятаў і каталікоў, вынесенай на Варшаўскі сойм 1623 году, сярод тэрыторыяў, дзе жыве «рускі народ, які вызнае грэцкую веру ўсходняга абраду», называюцца Літва (зь местамі Вільняй, Браславам, Берасьцем, Горадняй, Камянцом, Кобрынем, Менскам, Наваградкам, Слонімам), Палесьсе (Мазыр, Оўруч, Пінск), Белая Русь (Віцебск, Дзісна, Магілёў, Амсьцісьлаў, Ворша, Полацак), рэгіёны сучаснай Украіны і Панізоўе з вышэй пералічанымі местамі («Krzyczew, Czeczersk, Propojsk, Rohaczew, Homel, Ostr, Rzeczyca, Lubecz etc. na Ponizowiu»). Сустракаецца харонім (рэгіянальная назва) «Панізоўе» ў «Суплікацыі» і яшчэ: «...ludzie dla uniey z domow swych od dobr wycisnione, ledwie już Ponizowie y Ukraina zmieszczać mogą». Аднак гісторыкі В. Насевіч і М. Сьпірыдонаў лічаць, што «…назву «Панізоўе» ў апошнім прыкладзе трэба лічыць выпадковай, бо ў далейшым яна не набыла шырокага выкарыстаньня. Пазьней паўднёвы ўсход Беларусі крыніцы зьвязваюць зь «Белай Русьсю»'.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Панізоўе (рэгіён), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.