Опэра (па-італьянску: opera — «справа, праца, работа», ад лац.
opera — «праца, выраб, твор») — жанр тэатральных прадстаўленьняў, у якім тэкст (які называецца лібрэта) спалучаеца з музыкай (сьпевы і акампанэмэнт) і сцэнічным дзеяньнем з выкарыстаньнем касьцюмаў і дэкарацыяў. Прадстаўленьні звычайна даюцца ў опэрным тэатры з удзелам аркестру ці меншага музычнага ансамбля.
Опэра ўзьнікла ў канцы XVI стагодзьдзя ў Італіі, як спроба групы навукоўцаў-гуманістаў, літаратараў і музыкантаў адрадзіць старажытнагрэцкую трагедыю ў выглядзе dramma per musica, рэалізаванай у творчасьці К. Мантэвэрдзі («Арфэй», «Арыядна» і іншыя) у пачатку 17 стагодзьдзя. У 18 стагодзьдзі опэра набыла прыкметы клясыцызму, а кампазытары нэапалітанскай опэрнай школы (Алесандра Скарлаці) пачалі опэру-сэрыю. У Францыі ўзьнікла лірычная трагедыя (Ж.-Б. Люлі, Ж.-Ф. Рама). У Ангельшчыне опэры ствараў Генры Пёрсэл, у Нямеччыне — Р. Кайзэр. У Гішпаніі фармаваўся жанр народнай опэры — сарсуэлы.
Імкненьне наблізіць опэру да ідэяў асьветнікаў стала асновай опэрнай рэформы Х.-В. Глюка, прывяло да фармаваньня камічнай опэры, баляднай опэры (Ангельшчына), опэры-буф (Італія), опэры-комік (Францыя), зінгшпілю і інш. Вяршыняй разьвіцьця опэры ў XVIII стагодзьдзі стала творчасьць Вольфганга Амадэя Моцарта.
Працэс абнаўленьня опэры ажывіўся пад уплывам ідэяў рамантызму ў Італіі (Л. Керубіні, Д. Расіні, Гаэтана Даніцэці і, асабліва, Джузэпэ Вэрдзі), Нямеччыне (К. М. Вэбэр, пазьней — Рыхард Вагнэр), Францыі (Д. Мэербэр).
У другой палове 19 стагодзьдзя пачалося ўзмацненьне тэндэнцыяў рэалізму ў францускай лірычнай опэры (Ш. Гуно, Ж. Маснэ), італьянскаму вэрызьме (П. Р. Леанкавала, збольшага Джакама Пуччыні і Дж. Вэрдзі), у творчасьці расейскіх кампазытараў (М. Глінка, А. Даргамыскі, А. Барадзін, Ц. Кюі, А. Рубінштэйн, М. Рымскі-Корсакаў, М. Мусарскі, Пётар Чайкоўскі, Сяргей Рахманінаў і іншыя), прадстаўнікоў польскай (С. Манюшкі), украінскай (С. Гулак-Арцёмаўскі, М. Лысенка), чэскай (А. Дворжак, Б. Сьмятана, Л. Яначэк) і іншых музычных культураў.
У XX стагодзьдзі зьяўляюцца новыя аўтары опэраў — імпрэсіяністаў (К. Дэбюсі, К. Шыманоўскі, экспрэсіяністы (А. Бэрг, А. Шэнбэрг часткова — Р. Штраўс), нэаклясыцысты (Ф. Бузоні, Ігар Стравінскі, Паўль Гіндэміт). Важкі ўклад у разьвіцьцё жанру опэры зрабілі Джордж Гершвін, Сяргей Пракоф’еў, Дзьмітры Шастаковіч, Кшыштаф Пэндэрэцкі і іншыя.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Опэра, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.