Не́вель — места ў Расеі, пры ўтоку ракі Еменкі ў возера Невель.
Адміністрацыйны цэнтар Невельскага раёну Пскоўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 079 чалавек. Знаходзіцца за 242 км на паўднёвы ўсход ад Пскова, вузел чыгуначных лініяў Вялікія Лукі — Полацак і Новасакольнікі — Віцебск.
Невель лац. Nieviel | |||||
Траецкая царква | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XV стагодзьдзе | ||||
Магдэбурскае права: | 3 сакавіка 1623 | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Пскоўская вобласьць | ||||
Муніцыпальны раён: | Невельскі | ||||
Плошча: | 23 км² | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 15 079 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 655,61 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +7 182510 | ||||
Паштовы індэкс: | 182500 | ||||
Нумарны знак: | 60 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 56°1′0″ пн. ш. 29°56′0″ у. д. / 56.01667° пн. ш. 29.93333° у. д. 29°56′0″ у. д. / 56.01667° пн. ш. 29.93333° у. д. | ||||
Невель | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.nevel.ru |
Невель — магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Прачыстай Багародзіцы, Спаскі манастыр і збудаваны ў стылі віленскага барока комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Юрыя, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Тапонім Невель утварыўся ад назвы возера Невелю (Неўлю). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага nevo — 'балоцістае месца'.
Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўпамін пра які датуецца 1185 годам. Паводле беларускага дасьледніка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменкі, якая ўпадала ў возера Невель.
Уласна Невель ўпершыню ўпамінаецца ў XV ст. як места ў Таропецкай воласьці Вялікага Княства Літоўскага. У XVI ст. паселішча мела значэньне абароннага пункту (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 годзе гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасьцю 4 тыс. чал. (паводле іншых зьвестак 1,5 тыс. чал.) разьбіў пад Невелем 15(25)-тысячнае маскоўскае войска, аднак таго ж году па аблозе 45-тысячным войскам места захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру 1582 году яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.
У 1617 годзе Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводзтва. 3 сакавіка 1623 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід зь мечам» (пацьвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762 году). У 1633—1634 гадох Невель быў сталіцай павету Смаленскага ваяводзтва. У 1649 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасьці з мірнай дамовай 1678 году места засталося за Вялікім Княствам Літоўскім.
У 1678 годзе Невель пацярпеў ад вялікага пажару. На 1681 год тут было 367 двароў, на 1700 год — 394, на 1712 год — 270. У 1731 годзе ў месьце налічвалася 403 дымы.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Невель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкага намесьніцтва, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. На 1780 год у месьце існавалі манастыр, царква і касьцёл. На 1799 год у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная царква (Маскоўскі патрыярхат), 1 мураваная і 11 драўляных цэркваў (Сьвяты Пасад), 1 мураваны і 2 драўляныя касьцёлы; у самім месьце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, 2 мураваныя, касьцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крамаў, 15 вуліцаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, беларусы складалі 84% жыхароў Невельскага павету.
У пачатку XX ст. Невель знаходзіўся на скрыжаваньні 2 чыгунак і меў разьвітую прамысловасьць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы. На 1906 год у месьце было 28 вуліцаў, 10 завулкаў і 6 пляцаў, 232 мураваныя і 1222 драўляныя будынкі. На 1910 год — дзейнічалі 4 царквы, 3 капліцы, касьцёл і 15 сынагог, працавалі гімназія, 3 бібліятэкі і друкарня.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Невель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе стала цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну. Аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі Невель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 году ў Пскоўскай губэрні (з 1957 году ў Пскоўскай вобласьці). У 1926 годзе кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць места у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 6—7 кастрычніка 1943 году Невель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Беладзедава | Вялікая Могілкавая вуліца | |
Гвардзейская вуліца | Вялікая Вяліская вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца | Кагальная вуліца | |
Камсамольская вуліца | Юраўская вуліца | рас. Георгиевская улица |
Карла Маркса плошча | Рынак пляц Красны пляц | |
Ламаносава вуліца | Спаская вуліца | Бебеля вуліца Сталіна вуліца (1953—1961 гг.) |
Леніна вуліца | Шашэйная вуліца | |
Ленкамуны вуліца (з 1918 г.) | Мікалаеўская шаша | Пецярбурская шаша |
Маметавай вуліца (з 1.11.1943 г.) | Віцебская вуліца | |
Міхайлава вуліца | Полацкая вуліца | |
Нікулічава вуліца | Вялікая Могілкавая вуліца | |
Рашаля вуліца | Прачысьценская вуліца | рас. Успенская улица |
Савецкая вуліца | Манастырская вуліца | |
Сьлепянкова вуліца | Красны завулак | |
Талстога вуліца | Нізвальная вуліца | |
Урыцкая вуліца | Мікольская вуліца | |
Філатава вуліца (з 1.11.1943 г.) | Малая Вяліская вуліца | |
Хабібуліна вуліца | Малая Могілкавая вуліца | |
Чабатарова вуліца | Гуменны завулак | |
Чайкіна вуліца | Узвальная вуліца | |
Энгельса вуліца | Шашэйная вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Невелю гістарычныя назвы захавалі вуліцы Замкавая, Падгорная і Ўзгор'е.
Завод аўтаматычных тэлефонных станцыяў; швацкае аб’яднаньне; малочна-кансэрвавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; ільнозавод.
Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і зьяўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 разьмяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацак, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.
Дзейнічае Невельскі краязнаўчы музэй (у будынку колішняй паштовай станцыі).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Невель, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.