Мікала́еўшчына — вёска ў Беларусі, на правым беразе Нёмана.
Цэнтар сельсавету Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2015 год — 562 чалавекі. Знаходзіцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад Стоўпцаў, за 30 км на паўночны захад ад Нясьвіжу.
Мікалаеўшчына лац. Mikałajeŭščyna | |
Школа імя Якуба Коласа | |
Першыя згадкі: | 1555 |
Магдэбурскае права: | XVII стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Стаўпецкі |
Сельсавет: | Мікалаеўшчынскі |
Насельніцтва (2015) | |
колькасьць: | 562 чал. |
колькасьць двароў: | 265 |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1717 |
Паштовы індэкс: | 222698 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°21′0″ пн. ш. 26°49′0″ у. д. / 53.35° пн. ш. 26.81667° у. д. 26°49′0″ у. д. / 53.35° пн. ш. 26.81667° у. д. |
± Мікалаеўшчына | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мікалаеўшчына — даўняе магдэбурскае мястэчка на мяжы гістарычных Меншчыны і Наваградчыны, асноўным заняткам жыхароў якога былі плытагонства і будаваньне віцінаў. Малая радзіма Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Лёсіка і шэрагу іншых грамадзкіх і культурных дзеячоў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зьнішчаны расейскімі ўладамі дзеля пабудовы царквы-мураўёўкі.
Упершыню Мікалаеўшчына ўпамінаецца ў сярэдзіне XVI ст. як уладаньне Осьцікавічаў. Сваю назву паселішча атрымала, відаць, ад імя Мікалая Осьцікавіча. У 1555 годзе Мікалаеўшчыну набыў Л. Сьвірскі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1596 годзе Мікалаеўшчына перайшла ў валоданьне М. К. Радзівіла «Сіроткі», які далучыў яе да Нясьвіскай ардынацыі. У гэты час тут было 17 двароў, карчма, бровар, прыстань. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў паселішча атрымала статус мястэчка. У 1617 годзе сядзібу Яна Радзівіла ў Мікалаеўшчыне наведаў каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў. На 1628 год у мястэчку быў Рынак і 5 вуліцаў (Сьверынаўская або Узьдзенская, Дворная, Мастовая, Менская, Тыльная), 114 двароў, касьцёл, ратуша, гасьціны двор, млын, вэрф (сточня), 13 складоў тавараў. У 1652 годзе маршалак вялікі Аляксандар Людвік Радзівіл заснаваў тут касьцёл Яна Хрысьціцеля. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1664 годзе Мікалаеўшчыну зьнішчылі маскоўскія захопнікі. На 1669 год у мястэчку засталося толькі 20 двароў, на 1700 год — 63, на 1777 год — 62. У гэты час празь Нёман узьвялі драўляны Калінавы мост даўжынёй у адну вярсту з чвэрцю.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Менскім павеце Менскай губэрні. У XIX ст. статус паселішча панізілі да сяла.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1867 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1882 годзе каля Мікалаеўшчыны ў засьценку Акінчыцах нарадзіўся Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 141 двор, дзейнічала царква, працавалі карчма і крама, у пачатку XX ст. — 168 двароў. 9 ліпеня 1906 году тут адбыўся зьезд настаўнікаў Менскай губэрні.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мікалаеўшчыну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мікалаеўшчына абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мікалаеўшчына апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Стаўпецкім павеце Наваградзкага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 164 двары.
У 1939 годзе Мікалаеўшчына ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Стаўпецкага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. 3 1970 году тут працуе турыстычная база «Высокі Бераг», з 1972 году — Коласаўскі дзяржаўны заказьнік. На 1997 год у вёсцы было 360 двароў, на 1 студзеня 2004 году — 309 двароў. У 2000-я гады Мікалаеўшчына атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
У Мікалаеўшчыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, пошта.
Мікалаеўшчына — паселішча поплаўнага тыпу, якое сфармавалася на прасторы высокай тэрасы Нёмана. Грамадзка-культурны цэнтар знаходзіцца непадалёк ад моста на старым пляцы колішняга мястэчка (гістарычным Рынку), дзе разьмяшчаецца будынак сельскай адміністрацыі і помнік Якубу Коласу. На паўночны ўсход знаходзіцца новы пляц, на якім разьмяшчаецца царква. Паміж старым і новым пляцамі ўзвышаецца гмах школы. Асноўная забудова аднапавярховая, пераважна драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу, радзей — цаглянымі катэджамі. Новае будаваньне вядзецца ў паўднёва-ўсходнім кірунку, у бок Русаковічаў.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
---|---|---|
Наднёманская вуліца | Дворная вуліца (XVII ст.) | |
Алеся Сянкевіча вуліца | Менская вуліца (XVII ст.) Сьвіная вуліца (як самастойная вуліца) Стаўпецкая вуліца (XIX ст.) | |
Школьная вуліца | Маставая вуліца (XVII ст.) | Казённая вуліца (XIX ст.) |
Якуба Коласа вуліца | Сьверынаўская вуліца (XVII ст.) Тыльная вуліца (XVII ст.) Сьценка (XIX ст.) |
Гістарычны Рынак, які таксама называлі Грудком, у наш час ня мае афіцыйнай назвы. Вуліцы Беларуская, Язэпа Лёсіка, Піянэрская і Новая ўзьніклі ў паваенны час.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Мікалаеўшчына, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.