СІ (SI, па-француску: Système International d’Unités) — міжнародная сыстэма адзінак, сучасны варыянт мэтрычнай сыстэмы.
СІ зьяўляецца найболей шырока выкарыстоўванай сыстэмай адзінак у сьвеце, як у паўсядзённым жыцьці, так і ў навуцы і тэхніцы. У цяперашні час СІ прынятая ў якасьці законнай сыстэмы адзінак большасьцю краін сьвету і амаль заўсёды выкарыстоўваецца ў вобласьці навукі, нават у тых краінах, у якіх у паўсядзённым жыцьці выкарыстоўваюцца традыцыйныя адзінкі. У гэтых нешматлікіх краінах (напрыклад, у ЗША), азначэньні традыцыйных адзінак былі зьмененыя — яны пачалі вызначацца праз адзінкі СІ.
СІ зьяўляецца найболей шырока выкарыстоўванай у сьвеце сыстэмай вымярэньня, якая выкарыстоўваецца як у паўсядзённым гандлі, гэтак і ў навуцы. Сыстэма была амаль глябальна прынятая, аднак толькі адзіная прамыслова разьвітая краіна — ЗША, не выкарыстоўвае мэтрычную сыстэму ў якасьці асноўнай у сваёй камэрцыйнай дзейнасьці і стандартызацыі. Вялікабрытанія афіцыйна прыняла частковае ўвядзеньне мэтрычнай сыстэмы, не маючы, аднак, намеру замены сваіх брытанскіх адзінак цалкам. Канада таксама прыняла СІ, але брытанская ці амэрыканская сыстэма па-ранейшаму дазволена законам для выкарыстаньня, таму і шырока прымяняюцца ў многіх галінах жыцьця канадзкага грамадзтва, асабліва ў розьнічным гандлі прадуктамі харчаваньня, будаўніцтве і чыгунцы. У Лібэрыі і М’янме таксама шырока выкарыстоўваюцца адзінкі вымярэньня брытанскай сыстэмы. Гэтыя гэтак званыя імпэрскія адзінкі зьяўляюцца агульнымі пры вымярэньні дыямэтра або дыяганалі шэрагу рэчаў, як то роварных колаў, барабанаў, кампутарных манітораў і памераў іншых кампанэнтаў кампутара.
Міжнародная сыстэма адзінак СІ складаецца з набору адзінак вымярэньня і набору кратных і частковых прэфіксаў да іх. Сыстэма таксама вызначае стандартныя скарочаныя абазначэньні для адзінак і правілы запісу вытворных адзінак. Сыстэма СІ не зьяўляецца нязьменнай, яна ёсьць наборам стандартаў, у якім ствараюцца адзінкі вымярэннья і карэктуюцца іхныя значэньні ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі ў залежнасьці ад узроўню сучаснага разьвіцьця вымяральных тэхналёгіяў. Вызначэньне адзінак СІ разглядаюцца і аналізуюцца на Міжнароднай канфэрэнцыі па мерах і вагам, якая праводзіцца раз на чатыры гады ў Парыжы. Міжнародны стандарт ISO 1000 (ICS 01060) апісвае Міжнародную сыстэмы СІ і рэкамэндацыі па выкарыстаньні кратных і вытворных адзінак.
СІ была прынятая XI Генэральнай канфэрэнцыяй па мерах і вагам, некаторыя наступныя канфэрэнцыі занеслі ў СІ шэраг зьмен.
СІ вызначае сем асноўных і вытворныя адзінкі фізычных велічынь (далей — адзінкі), а таксама набор прыставак. Усталяваныя стандартныя скарочаныя пазначэньні для адзінак і правілы запісу вытворных адзінак.
Асноўныя адзінкі: кіляграм, мэтар, сэкунда, ампэр, кэльвін, моль і кандэла. У рамках СІ лічыцца, што гэтыя адзінкі маюць незалежную памернасьць, г. з. ні адна з асноўных адзінак ня можа быць атрыманая зь іншых.
Вытворныя адзінкі атрымліваюцца з асноўных з дапамогай альгебраічных дзеяньняў, такіх як множаньне і дзяленьне. Некаторым з вытворных адзінак у СІ прысвоеныя ўласныя назвы.
Прыстаўкі можна выкарыстаць перад назвамі адзінак; яны азначаюць, што адзінку трэба памножыць або падзяліць на вызначаны цэлы лік, ступень ліку 10. Напрыклад, прыстаўка «кіля» азначае множаньне на 1000 (кілямэтар = 1000 мэтраў). Прыстаўкі СІ завуць таксама дзесятковымі прыстаўкамі.
СІ разьбіваецца на шэраг падсыстэм: МКС (м, кг, с) - для мэханічных велічынь, МКСА (м, кг, с, А) - для электрычных і магнітных велічынь, МКСГ (м, кг, с, г) - для цеплавых велічынь і МСК (м, с, кд) - для сьветлавых велічынь.
У Расеі дзейнічае ДАСТ 8.417—2002, які прадпісвае абавязковае выкарыстаньне адзінак СІ. У ім пералічаныя адзінкі фізычных велічынь, дазволеныя да ўжываньня, прыведзеныя іх міжнародныя і расейскія пазначэньні і ўсталяваныя правілы іх выкарыстаньня.
Паводле гэтых правілаў, пры дамоўна-праўніцкіх адносінах у вобласьці супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, а таксама ў пастаўляных за мяжу разам з экспартнай прадукцыяй тэхнічных і іншых дакумэнтах дазваляецца ўжываць толькі міжнародныя пазначэньні адзінак. Ужываньне міжнародных пазначэньняў абавязкова таксама на шкалах і таблічках вымяральных прыбораў. У астатніх выпадках, напрыклад, ва ўнутраных дакумэнтах і звычайных публікацыях можна выкарыстаць альбо міжнародныя, альбо расейскія пазначэньні. Не дапушчаецца адначасова ўжываць міжнародныя і расейскія пазначэньні, за выключэньнем публікацый па адзінках велічынь.
СІ зьяўляецца разьвіцьцём мэтрычнай сыстэмы мер, якая была створаная францускімі навукоўцамі і ўпершыню шырока ўкаранёная пасьля Вялікай Францускай рэвалюцыі. Да ўводзінаў мэтрычнай сыстэмы адзінкі выбіраліся выпадкова і незалежна адзін ад адной. Таму пералік з адной адзінкі ў іншую быў складаным. Да таго ж у розных месцах ужываліся розныя адзінкі, часам з аднолькавымі назвамі. Мэтрычная сыстэма павінна была стаць зручнай і адзінай сыстэмай мер і ваг. Мэтрычная сыстэма была задумана групай навукоўцаў, сярод іх быў Антуан Лявуазье, які вядомы як «бацька сучаснай хіміі», якая была замоўлена Нацыянальным сходам і Людовікам XVI у Францыі для стварэньня адзінай і рацыянальнай сыстэмы мераў. 1 жніўня 1793 году Нацыянальны сход прыняў новую адзінку мэтар для вымярэньня даўжыні, а таксама іншыя дзесятковыя адзінкі з папярэднімі вызначэньнямі і тэрміны.
У 1799 годзе былі зацьверджаныя два эталёны — для адзінкі даўжыні (мэтар) і для адзінкі масы (кіляграм). Пазьней, у 1832 годзе, Карл Фрыдрых Гаўс рэкамендаваў выкарыстаньне такой мэтрычнай сыстэмы, якая была бы ўзгоднена для фізычных вылічэньняў. Гаўс правёў вымярэньне магнітнага поля Зямлі выкарыстоўваючы мэтрычную сыстэму заснаваную на трох мэханічных адзінках — мілімэтры, граме і сэкундзе, якія адказвалі фізычным велічыням даўжыні, масы і часу. У 1874 годзе была ўведзеная сыстэма СГС, заснаваная на трох адзінках — сантымэтар, грам і сэкунда. Былі таксама ўведзеныя дзесятковыя прыстаўкі ад мікра да мэга. У 1889 годзе 1-я Генэральная канфэрэнцыя па мерах і вагам прыняла сыстэму мер, падобную на СГС, але заснаваную на мэтры, кіляграме і сэкундзе, бо гэтыя адзінкі былі прызнаныя зручнейшымі для практычнага выкарыстаньня. У наступным былі ўведзеныя базавыя адзінкі для фізычных велічынь у вобласьці электрычнасьці і оптыкі. У 1960 годзе XI Генэральная канфэрэнцыя па мерах і вагам прыняла стандарт, які ўпершыню атрымаў назву «Міжнародная сыстэма адзінак (СІ)». У 1971 годзе XIV Генэральная канфэрэнцыя па мерах і вагам занесла зьмены ў СІ, дадаўшы, у прыватнасьці, адзінку колькасьці рэчыва (моль).
Адзін з камітэтаў МКМВ прапанаваў шэраг зьмяненьняў у вызначэньне базавай адзінкі вымярэньня ў сыстэме СІ. Сустрэча МКМВ у кастрычніку 2010 году паказала, што прапанова не была поўнай, і, як чакаецца гэтае пытаньне будзе разгледжана ў 2015 годзе.
Назвы адзінак СІ пішуцца з малой літары, пасьля пазначэньняў адзінак СІ кропка не ставіцца, у адрозненьне ад звычайных скарачэньняў.
Велічыня | Адзінка вымярэньня | Пазначэньне | ||
---|---|---|---|---|
беларуская назва | міжнародная назва | беларускае | міжнароднае | |
Даўжыня | мэтар | metre (meter) | м | m |
Маса | кіляграм | kilogram | кг | kg |
Час | сэкунда | second | с | s |
Сіла току | ампэр | ampere | А | A |
Тэрмадынамічная тэмпэратура | кэльвін | kelvin | К | K |
Сіла сьвятла | кандэла | candela | кд | cd |
Колькасьць рэчыва | моль | mole | моль | mol |
Вытворныя адзінкі могуць быць выяўленыя праз асноўныя з дапамогай матэматычных апэрацыяў множаньня й дзяленьня. Некаторым з вытворных адзінак, для выгоды, прысвоеныя ўласныя назвы, такія адзінкі таксама можна выкарыстаць у матэматычных выразах для ўтварэньня іншых вытворных адзінак.
Матэматычны выраз для вытворнай адзінкі вымярэньня выцякае з фізычнага закону, з дапамогай якога гэтая адзінка вымярэньня вызначаецца або азначэньні фізычнай велічыні, для якой яна ўводзіцца. Напрыклад, хуткасьць — гэтая адлегласьць, якую цела праходзіць у адзінку часу; адпаведна, адзінка вымярэньня хуткасьці — м/с (мэтар у сэкунду).
Часта адна і тая жа адзінка можа быць запісаная па-рознаму, з дапамогай рознага набору асноўных і вытворных адзінак (гл., напрыклад, апошнюю калёнку ў табліцы Вытворныя адзінкі з уласнымі назвамі). Аднак на практыцы выкарыстоўваюцца ўсталяваныя (або проста агульнапрынятыя) выразы, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць фізычны сэнс велічыні. Напрыклад, для запісу значэньня моманту сілы варта выкарыстаць Н•м, і не варта выкарыстаць м•Н або Дж.
Велічыня | Адзінка вымярэньня | Пазначэньне | Выраз | ||
---|---|---|---|---|---|
беларуская назва | міжнародная назва | беларускае | міжнароднае | ||
Плоскі кут | радыян | radian | рад | rad | м•м−1 = 1 |
Цялесны кут | стэрадыян | steradian | ср | sr | м²•м−2 = 1 |
Тэмпэратура па шкале Цэльсія | градус Цэльсія | degree Celsius | °C | °C | K |
Частасьць | гэрц | hertz | Гц | Hz | с−1 |
Сіла | ньютан | newton | Н | N | кг•м/c² |
Энэргія | джоўль | joule | Дж | J | Н•м = кг•м²/c² |
Магутнасьць | ват | watt | Вт | W | Дж/с = кг•м²/c³ |
Ціск | паскаль | pascal | Па | Pa | Н/м² = кг•м−1•с−2 |
Сьветлавы струмень | люмэн | lumen | лм | lm | кд•ср |
Асьветленасьць | люкс | lux | лк | lx | лм/м² = кд•ср•м−2 |
Электрычны зарад | кулён | coulomb | Кл | C | А•с |
Напруга (рознасьць патэнцыялаў) | вольт | volt | В | V | Дж/Кл = кг•м²•с−3•А−1 |
Супор | ом | ohm | Ом | Ω | В/А = кг•м²•с−3•А−2 |
Электраёмістасьць | фарад | farad | Ф | F | Кл/В = кг−1•м−2•с4•А² |
Магнітны струмень | вэбэр | weber | Вб | Wb | кг•м²•с−2•А−1 |
Магнітная індукцыя | Тэсла | tesla | Тл | T | Вб/м² = кг•с−2•А−1 |
Індуктыўнасьць | гэнры | henry | Гн | H | кг•м²•с−2•А−2 |
Электрычная праводнасьць | сымэнс | siemens | См | S | Ом−1 = кг−1•м−2•с³А² |
Радыеактыўнасьць | Бэкерэль | becquerel | Бк | Bq | з−1 |
Паглынутая доза іянізавальнага выпраменьваньня | грэй | gray | Гр | Gy | Дж/кг = м²/c² |
Эфэктыўная доза іянізавальнага выпраменьваньня | зывэрт | sievert | Зв | Sv | Дж/кг = м²/c² |
Актыўнасьць каталізатара | катал | katal | кат | kat | моль•с−1 |
Некаторыя адзінкі, не ўваходныя ў СІ, па рашэньні Генэральнай канфэрэнцыі па мерах і вагам «дапушчаюцца для выкарыстаньня сумесна з СІ».
Адзінка вымярэньня | Міжнародная назва | Пазначэньне | Велічыня ў адзінках СІ | |
---|---|---|---|---|
беларускае | міжнароднае | |||
хвіліна | minute | хвіл | min | 60 с |
гадзіна | hour | г | h | 60 хвіл = 3600 с |
суткі | day | сут | d | 24 г = 86 400 с |
градус | degree | ° | ° | (π/180) рад |
кутняя хвіліна | minute | ′ | ′ | (1/60)° = (π/10 800) |
кутняя сэкунда | second | ″ | ″ | (1/60)′ = (π/648 000) |
літар | litre (liter) | л | l, L | 1 дм³ |
тона | tonne | т | t | 1000 кг |
нэпэр | neper | Нп | Np | |
бэл | bel | Б | B | |
электронвольт | electronvolt | эв | eV | ≈1,60217733 10-19 Дж |
атамная адзінка масы | unified atomic mass unit | а. а. м. | u | ≈1,6605402 10-27 кг |
астранамічная адзінка | astronomical unit | а. а. | ua | ≈1,49597870691 1011 м |
марская міля | nautical mile | міля | 1852 м (сапраўды) | |
вузел | knot | вуз | 1 марская міля ў гадзіну = (1852/3600) м/с | |
ар | are | а | a | 10² м² |
гектар | hectare | га | ha | 104 м² |
бар | bar | бар | bar | 105 Па |
ангстрэм | ångström | Å | Å | 10−10 м |
барн | barn | б | b | 10−28 м² |
Акрамя таго, ДАСТ 8.417-2002 дазваляе ўжываньне наступных адзінак: град, сьветлавы год, парсэк, дыоптрыя, кіляват-гадзіна, вольт-ампэр, вар, ампэр-гадзіна, карат, тэкс, гал, абарачэньне ў сэкунду, абарачэньне ў хвіліну. Дазваляецца ўжываць адзінкі адносных і лягарыфмічных велічынь, такія як адсотак, праміле, мільённая дзель, фон, актава, дэкада. Дапушчаецца таксама ўжываць адзінкі часу, атрымалыя шырокае распаўсюджваньне, напрыклад, тыдзень, месяц, год, стагодзьдзе, тысячагодзьдзе.
Іншыя адзінкі ўжываць не дазваляецца.
Тым ня менш, у розных абласьцях часам выкарыстоўваюцца і іншыя адзінкі.
Некаторыя краіны не прынялі сыстэму СІ, або прынялі яе толькі часткова і працягваюць выкарыстаць ангельскую сыстэму мер або падобныя адзінкі.
Дзесятковыя кратныя і дзельныя адзінкі ўтвораюць з дапамогай стандартных множнікаў і прыставак СІ, якія далучаюцца да назвы або пазначэньню адзінкі.
Глядзіце таксама правілы выкарыстаньня прыставак СІ.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Міжнародная сыстэма СІ, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.