Мухаве́ц, Бе́лы Мухаве́ц — рака ў Беларусі, правы прыток Бугу (басэйн Віслы).
Цячэ ў Берасьцейскай вобласьці. Даўжыня 150 км. Плошча вадазбору 6350 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2‰. Выдатак вады 33,6 м³/с.
Мухавец | |
Рака Мухавец | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | сутокі Мухі і кан. Вец |
Вусьце | Заходні Буг |
Краіны басэйну | Беларусь |
Вобласьці | Берасьцейская вобласьць |
Даўжыня | 150 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 33,6 м³/с |
Плошча басэйну | 6350 км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,2 ‰ |
Пачынаецца ў сутоках ракі Мухі і каналу Вецу ў месьце Пружанах. Цячэ Прыбужанскай раўнінай (вярхоўе) і Берасьцейскім Палесьсем, вусьце ў межах места Берасьця (у вусьці глухая грэбля).
Даліна ў верхняй плыні невыразная, шырыня яе ў сярэдняй плыні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы мерна стромкія, вышынёй 4—8 м (у ніжняй плыні 3—6 м), адкрытыя, месцамі разараныя або пад лесам. Абалона двухбаковая, нізкая, месцамі забалочаная, шырыня да вёскі Шэбрына 200—400 м, ніжэй 1—1,5 км; у разводзьдзе і пры паводках затапляецца на глыбіню 0,2—0,8 м у вярхоўі і да 1—2 м у ніжняй плыні. Рэчышча каналізаванае. Берагі нізкія, вышынёй у 0,5—2 м, абрывістыя, ніжэй за ўток Рыты разбураюцца, на суднаходнай дзялянцы абвалаваныя.
Шырыня ракі ў межань у верхняй плыні 4—8 м, ніжэй за ўток Дняпроўска-Бужанскага канала 20—35 м, у вусьці 60—70 м. Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў сярэдзіне сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,5—2,4 м, найбольшая 2—3,8 м (1951, 1958). Замярзае ў сярэдзіне сьнежня, лёд трымаецца да 2-й паловы сакавіка.
Вадазбор разьмяшчаецца на паўночна-заходняй ускраіне Палескай нізіны (Берасьцейскае Палесьсе), якая пераходзіць у Прыбужанскую раўніну.
Рэльеф дробнаўзгорысты зь дзялянкамі згладжаных канцова-марэнавых градаў і ўзгоркаў вышынёй 5—15 м. Больш прыпаднятая ўсходняя частка разьмяшчаецца на заходняй пэрыфэрыі плятопадобнай водна-ледавіковай раўніны Загародзьдзе.
Азёрнасьць не перавышае 2%. Азёры разьмяшчаюцца на поўдні вадазбору. Найбольшыя зь іх — Сьвіцязь, Пулямецкае, Астроўскае і Арэхаўскае.
Лясы мяшаныя, сустракаюцца невялікімі гаямі або хваёвымі борамі, найбольш значныя зь іх у паўднёвай частцы левабярэжжа. Раўніннасьць рэльефу, недастатковая водапранікальнасьць верхняга пласту покрыўных пародаў спрыяюць шырокаму разьвіцьцю балотаў і забалочаных земляў, якія займаюць паўднёвую і паўднёва-ўсходнюю часткі вадазбору. Балоты нізінныя, зь іх значная частка асушаная.
Мухавец — судаходная рака (ад Кобрыню да Берасьцейскага рачнога порту, ніжэй за які разьмяшчаецца грэбля). Працягласьць навігацыйнага пэрыяду 230—240 дзён. Рака злучаецца Дняпроўска-Бужанскім каналам з ракой Прыпяцьцю (такім чынам злучае Балтыйскае і Чорнае моры).
Значная плошча басэйну (27%) у межах Беларусі на 1 студзеня 2006 году мэліяраваная, здадзеныя ў эксплюатацыю каля 8300 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў.
У зьвязку з тым, што рэчышча зашлюзаванае і каналізаванае, натуральны рэжым ракі скажоны.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Мухавец, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.