Марфалё́гія (па-грэцку: morphē форма і па-грэцку: logos вучэньне, літаральна навука аб формах) — разьдзел граматыкі, які вывучае заканамернасьці функцыянаваньня й разьвіцьця гэтай сыстэмы.
Цесна зьвязаная з марфаналёгіяй, словаўтварэньнем, сынтаксісам. Адрозьніваюць агульную (тэарэтычную) і прыватную марфалёгію пэўнай мовы. Таксама сыстэма мэханізмаў мовы, якая забясьпечвае пабудову й разуменьне яе словаформаў.
Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфэмы, морфы. Марфалёгія забясьпечвае «памарфэмнае» суаднясеньне кампанэнтаў унутранага (зьмястоўнага) боку словаформы з кампанэнтамі яго зьнешняга (гукавога) боку. Яна накіраваная на перадачу значэньняў менавіта службовымі элемэнтамі (а не каранямі), што адрозьнівае яе ад лексыкалёгіі, у цэнтры ўвагі якой значэньні каранёў і цэлых словаў. Марфалёгія вызначае марфалягічныя (граматычныя) асаблівасьці цэлых клясаў словаў (часьцінаў мовы), незалежна ад іх прыватнага значэньня. Кожная часьціна мовы мае сваю сыстэму граматычных значэньняў, катэгорыяй і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэньня адносінаў паміж словамі ў словазлучэньні або сказе. Так, назоўнікам уласьцівыя значэньні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трываньня, ладу, часу, асобы, ліку й інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеняў параўнаньня, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напрыклад, назоўнікі станок, лес, бярэзьнік пры розных лексычных (рэальных) значэньнях маюць агульныя граматычныя значэньні мужчынскага роду, адзіночнага ліку, назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы наедзем, напішам аб’ядноўваюцца граматычнымі значэньнямі закончанага трываньня, простага будучага часу, 1-й асобы множнага ліку і інш. Граматычныя значэньні могуць быць выражаныя сынтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэньнем словаў). Напрыклад, у назоўніку вясна значэньне жаночага роду, адзіночнага ліку й назоўнага склону выражанае канчаткам -а, у дзеяслове гаворым значэньне 1-й асобы множнага ліку абвеснага ладу — канчаткам -ым. Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэньні граматычнага значэньня ступеняў параўнаньня прыметнікаў і прыслоўяў (больш далёкі, самы далёкі, найбольш далёка), будучага часу, загаднага й умоўнага ладу дзеясловаў (буду чытаць, чытаў бы, давайце чытаць). Сродкамі выражэньня марфалягічнага значэньня выступаюць таксама націск у слове (скалы́ — ска́лы), чаргаваньне асноваў (суплетывізм, чалавек — людзі) і інш. Марфалягічнае зьмяненьне слова не ўплывае на ягонае лексычнае значэньне.
Гэта — накід артыкула па лінгвістыцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Марфалёгія (мовазнаўства), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.