Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар аўгустынаў | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар аўгустынаў | |
Краіна | Беларусь |
Места | Берасьце |
Каардынаты | 52°04′58.63″ пн. ш. 23°39′18.24″ у. д. / 52.0829528° пн. ш. 23.6550667° у. д. 23°39′18.24″ у. д. / 52.0829528° пн. ш. 23.6550667° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Заснавальнік | Вітаўт |
Дата заснаваньня | XV ст. |
Дата скасаваньня | 1830 |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар аўгустынаў |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар аўгустынаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Берасьці. Знаходзіўся ў цэнтры Старога Места, на Рынку. Твор архітэктуры барока. Пры будаваньні Берасьцейскай фартэцыі ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі і зруйнавалі кляштар.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса і саду, аточаных мурам. У другой палове XIX ст. расейскія ўлады збудавалі на тэрыторыі кляштару гарнізонную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Каля 1410 году (паводле іншых зьвестак, па 1380 годзе) вялікі князь Вітаўт запрасіў у Берасьце аўгустынаў і перадаў ім 2 карчмы ў месьце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад мяшчанаў і зь вёсак Бучэмлі і Трасьцяніцы. Першыя кляштарныя будынкі былі драўлянымі і разьмяшчаліся ў прадмесьці паміж рэкамі Мухаўцом і Угрынкай. У 1666 годзе, калі ішла вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), драўляныя касьцёл і кляштар аўгустынаў згарэлі.
У 1672 годзе берасьцейцы ахвяравалі пляцы і дамы на Рынку пад пабудову новага мураванага касьцёла, які асьвяцілі ў 1686 годзе. У XVII—XVIII стагодзьдзях у кляштары было каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзеялі школы філязофіі і тэалёгіі, існавала бібліятэка (на 1818 год 322 кнігі).
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па пажарах 1801 і 1808 гадоў комплекс капітальна адбудоўвалі.
У час будаваньня Берасьцейскай крэпасьці расейскія ўлады ў 1830 годзе ліквідавалі кляштар і гвалтоўна зачынілі касьцёл. Будынкі перадалі вайскоўцам, а пазьней зьнішчылі. У 1856—1879 гадох на тэрыторыі кляштару збудавалі гарнізонную царкву-мураўёўку Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
У 1919 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі перадалі будынак гарнізоннай царквы рыма-каталікам. У 1928 годзе ў выніку перабудовы царкве надалі рысы зьнішчанага касьцёла аўгустынаў.
З 1939 году былая царква выкарыстоўвалася як гарнізонны клюб. У 1992 годзе будынак царквы перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату і надалі яму першасны выгляд на 1879 год.
Касьцёл — 1-нэфавая базыліка зь вежай-званіцай на галоўным фасадзе, завершанай высокім шатром. Прылеглыя да вежы часткі фасаду завяршаліся валютамі і пінаклямі.
Унутраная прастора перакрывалася драўлянымі скляпеньнямі. Алтарная і бакавая сьцены аздабляла фрэскавая размалёўка. У касьцёле захоўваўся старажытны партрэт вялікага князя Вітаўта (цяпер знаходзіцца ў Летуве).
Кляштарны корпус — 1- і 2-павярховы будынак, які далучаўся да касьцёла. Меў калідорны плян. У кляштары былі трапезная, кухня, пякарня, кельлі. Да будынка далучаліся 3 крамы.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар аўгустынаў (Берасьце), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.