Касту́сь Бы́ліч (Канстанцін Фёдаравіч Быліч; 20 кастрычніка 1906, Іван-горад Нова-Александрыйскага павету Люблінскай губэрні, Расейская імпэрыя — 1944) — заслужаны артыст БССР (1935), актор Купалаўскага тэатру.
Кастусь Быліч | |
Дата нараджэньня | 20 кастрычніка 1906 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 27 верасьня 1944 (37 гадоў) |
Занятак | актор |
Месца працы | |
Узнагароды | |
Нарадзіўся 20 кастрычніка 1906 году ў сялянскай сям’і ў Іван-горадзе Люблінскай губэрні Нова-Александрыйскага павету (паводле іншых зьвестак, Кінгісецкі раён Ленінградзкай вобласьці). У 1915 годзе, ратуючыся ад нямецкай акупацыі, ён разам з маці, братамі і сястрой пераехаў з Брэст-Літоўску ў Калугу, дзе пайшоў у школу. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча падчас канікул працаваў табэльшчыкам на будоўлі, забесьпячэнцам, канторшчыкам. У 1921 годзе, пасьля вяртаньня з фронту бацькі, сям’я Былічаў пераяжджае ў Менск, дзе Кастусь уладкоўваецца вучнем садавода ў Лошыцу. Праз год ён паступае ў Менскую школу 2-й ступені Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі. Вучобу сумяшчае з заняткамі ў драмгуртку пад кіраўніцтвам М. Кавязіна.
Захапленьне тэатрам прывяло Кастуся ў трупу знакамітага Ўладзіслава Галубка, дзе ён са сваім сябрам У. Дзядзюшкам спачатку ўдзельнічаў у масоўках і эпізадычных ролях, а з 1925 году быў залічаны акторам вандроўнага тэатру (БДТ-3). Прыгожы, высокі, плястычны, вельмі арганічны ў паводзінах, шчыры ў пачуцьцях, Быліч хутка стаў выконваць у тэатры галоўныя ролі, першай зь якіх стала роля вольналюбівага плытагона Андрэя ў аднайменным спэктаклі па п’есе Галубка. У БДТ-3 актор стварыў каля 20 рознаплянавых вобразаў, лепшыя зь якіх: моцны духам батрак Ігнат Шворын з п’есы польскага драматурга Б. Гарчынскага «У ліпеньскую ноч», камуніст Сьцяпан Глоба ў спэктаклі «Ярасьць» Я. Яноўскага, кулак Певень з п’есы «Дыктатура» І. Мікіценкі, кар’ерыст Бялкоўскі ў «Маім сябры» М. Пагодзіна, інжынэр-контрарэвалюцыянэр Савіцкі са спэктаклю «Контратака» Дз. Курдзіна, гадзінных справаў майстра Карфункель — пачвара, якая ўвасабляе ідэалёгію фашызму, у спэктаклі «Гадзіншчык і курыца» І. Качаргі. Бліскуча выканаў Быліч ролю Фэрдынанда ў пастаноўцы «Каварства і каханьне» па п’есе Ф. Шылера, дзе «трагедыя каханьня ператварылася ў трагедыю сацыяльную, рамантычная прыўзьнятасьць, узвышанасьць шылераўскага героя ўдала спалучылася з рамантычнай узвышанасьцю акторскай індывідуальнасьці».
Кіпучая жыцьцядзейнасьць і энэргія мастака патрабавалі выхаду ў розных кірунках творчасьці. Ён выступаў як канфэрансье, дэкляматар, танцор. Вельмі любіў маляваць і ўвесь вольны час аддаваў гэтаму захапленьню.
У час рэпрэсіяў 1937 г. БДТ-3 у Гомелі быў расфармаваны, а Быліч і іншыя актор пераведзены ў БДТ-1. У пастаноўках Купалаўскага тэатру актор яшчэ раз сьцьвердзіў сябе выдатным майстрам пераўвасабленьня ў вобразах пана Ендрыхоўскага ў спэктаклі «Партызаны» К. Крапівы і Аляксандра — «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі. Калі б не трагічны лёс, Кастусь Быліч меў бы ўсе магчымасьці стаць адным з карыфэяў беларускай сцэны.
Кастусь Быліч загінуў 24 кастрычніка 1944 году падчас чыгуначнай катастрофы пры рээвакуацыі тэатру з Томску ў Менск (паводле іншых зьвестак, памёр 27 верасьня 1944 году).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Кастусь Быліч, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.