Зямя́не, Зямля́не, (па-польску: ziemianie ад ziemia — зямля) — катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва ВКЛ, саслоўе пры фэадальным стане.
1) У XV – XVI стагодзьдзях назва зямяне пашырылася сярод маламаёмаснага баярства ў заходніх землях ВКЛ, што тлумачыцца ўжываньнем польскай тэрміналёгіі і перасяленьнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 году дакладна адрозьнівае пошты (ваенныя атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазьней гэтыя дзьве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка зямян зьлівалася са шляхтаю, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах зь вялікім князем ці фэадаламі.
Зямяне павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх ня сплочвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Зямяне не выступалі пад павятоваю харугваю, а толькі ў атрадзе пана. У адрозьненьне ад шляхты ня ўдзельнічалі ў сойміках. Да пачатку XVIII стагодзьдзя зямяне як асобная катэгорыя амаль зусім зьніклі, увайшлі ў склад шляхты альбо сялян, трымаўшых зямлю на чыншавым праве.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай зямяне былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне. Аднак часта зямян былі пісаны ў рэвізіі як сяляне. Многія зямяне даказвалі сваё паходжаньне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі як шляхцічы, пасьля гэтага ўлічваліся сярод шляхты. У рэвізію 1834 году зямяне не вылучаліся як асобная група і надалей улічваліся як сяляне.
2) Назва земляўласьнікаў у ВКЛ пераважна ў XVII стагодзьдзі. Мела сэнс тлумачэньня месца жыхарства і статуса валоданьня зямельнай маёмасьцю (напрыклад, «зямянін гаспадарскі Наваградзкі»).
3) Назва буйных земляўласьнікаў (у польскай мове) у XIX – XX стагодзьдзях.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Зямяне, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.