Зэ́льва — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Зальвянцы.
Адміністрацыйны цэнтар Зэльвенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6678 чалавек. Знаходзіцца за 132 км на паўднёвы ўсход ад Горадні; чыгуначная станцыя на лініі Ваўкавыск — Баранавічы.
Зэльва лац. Zelva | |||||
Панарама мястэчка | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1258 | ||||
Магдэбурскае права: | ? | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Зэльвенскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | 6678 чал. (2018) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1564 | ||||
Паштовы індэкс: | 231940 | ||||
СААТА: | 4226551000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°9′0″ пн. ш. 24°49′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 24.81667° у. д. 24°49′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 24.81667° у. д. | ||||
± Зэльва | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Зэльва — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захавалася Траецкая царква (магчыма, былы тэатар Сапегаў) у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. У двары царквы стаіць помнік беларускай пісьменьніцы Ларысе Геніюш. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс мураванага гасьцінага двара на Рынку, дзе праводзіўся славуты Зэльвенскі кірмаш, найбольшы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Тапонім Зэльва ўтварыўся ад назвы ракі Зальвянкі, раней Зальвеі. Тым часам гідронім, як мяркуецца, мае балтыйскае (імаверна, яцьвяскае) паходжаньне, дакладных адпаведнасьцяў у сучасных мовах няма.
Афіцыйна пачатак гісторыі Зэльвы вядзецца ад 1258 году, калі ў Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца населены пункт, што існаваў на яе месцы. Імаверна, старажытнае паселішча знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага мястэчка, дзе існуе гара, якая ўзвышаецца над навакольлем на 20—25 мэтраў.
Паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў, першы пісьмовы ўпамін пра Зэльву (Вялікую Зэльву) як сяло датуецца 1470 годам, калі Міхал Нацавіч заснаваў тут касьцёл. У 1477 годзе касьцёл зьявіўся ў суседнім маёнтку Малой Зэльве, уладаньні Івана Гінейтавіча. У XVI стагодзьдзі паселішчам валодалі Вішнеўскія, Ільлінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія і інш. У 1524 годзе Вялікая Зэльва ўпамінаецца ў дакумэнтах як мястэчка ў складзе Ваўкавыскага павету. У першай палове XVII стагодзьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Сапегаў.
У 1616 годзе Зэльва складалася зь невялікага Рынку і трох вуліцаў; працавалі 17 шынкоў і 2 млыны. У 1643 годзе князь Казімер Леў Сапега прымаў тут караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу. У 1720 годзе Сапегі атрымалі права праводзіць у мястэчку штогадовы кірмаш, які на працягу 130 гадоў заставаўся найбольшым у Вялікім Княстве Літоўскім. Сюды прыязджалі купцы з Украіны, Польшчы, Швэцыі, Даніі, Італіі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі і Расеі. Пасярод Рынку існаваў гасьціны двор з 200 крамамі. Апроч кірмашоў, разьвіцьцю Зэльвы спрыяла і зручнае геаграфічнае становішча на гандлёвым шляху Менск — Слонім — Ваўкавыск — Горадня — Беласток. На рацэ Зальвянка, якая была ў той час суднаходным прытокам Нёмана, існаваў рачны порт. Сапегі ганарыліся мястэчкам, называлі яе «Зэльвенскім графствам». У XVIII стагодзьдзі тут зьявіўся тэатар, у якім гралі беларускія, польскія і францускія акторы. У 1739 годзе пачала дзейнічаць рэзыдэнцыя ордэну піяраў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Зэльва апынулася ў склад Расейскай імпэрыі. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Т. Касьцюшкі, вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў, нацыянальна-вызвольным паўстаньні К. Каліноўскага. За ўдзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі Зэльву ў Сапегаў. На 1863 год тут было 163 будынкі. У 1886 годзе праз Зэльву прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток. У канцы XIX ст. працавалі 2 броварныя і медавараны заводы, сьвечачная майстэрня, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, лесапільня. У пачатку XX ст. Малая Зэльва ўвайшла ў межы Зэльвы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Зэльву занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зэльва абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Зэльва апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва.
У 1939 годзе Зэльва ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стала цэнтрам раёну (у 1962—1965 гадох уваходзіла ў склад Ваўкавыскага, у 1965—1966 гадох — Мастоўскага р-наў). У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 12 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Млынавая вуліца | |
50 год ВЛКСМ вуліца | Касьцельная вуліца | |
Булака вуліца | Фабрычная вуліца | |
Кастрычніцкая вуліца | Выганская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Ружанская вуліца | |
Савецкая вуліца | Царкоўная вуліца | Маршалкаўская вуліца |
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Спыніцца можна ў местачковай гасьцініцы. На беразе Зэльвенскага вадасховішча знаходзіцца турыстычная сядзіба «Лаўрыновічы».
У двары Зэльвенскай царквы — помнік беларускай пісьменьніцы Ларысе Геніюш.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Зэльва, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.