Зо́ська Ве́рас, сапр.
Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (30 верасьня 1892, пас. Мяджыбаж, цяпер Летычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласьць, Украіна — 8 кастрычніка 1991, Вільня; псэўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) — беларуская пісьменьніца й грамадзкая дзяячка. Адна з пачынальніц беларускага адраджэнцкага руху, пад псэўданімам Мірко друкавалася ў 1911 годзе ў «Нашай Ніве», актыўная ўдзельніца падзеяў беларускай гісторыі часоў БНР. Аўтарка і складальніца «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985), перакладаў п’есаў на беларускую мову, выданьняў сваіх успамінаў і іншага.
Зоська Верас | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік |
Псэўданімы | Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка |
Нарадзілася | 18 (30) верасьня 1892 |
Памерла | 8 кастрычніка 1991 (99 гадоў) |
Пахаваная | |
Бацькі | Антон Сівіцкі[d] Эмілія Садоўская[d] |
Сужэнец | Фабіян Шантыр і Антон Войцік[d] |
Дзеці | Галіна Войцік і Антон Шантыр[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | празаік, паэтка, перакладніца |
Мова | беларуская мова, расейская мова і украінская мова |
Творы на сайце Knihi.com | |
Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага й Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны ў 1892 годзе. Як і ў шмат якіх шляхецкіх сем’ях, дома размаўлялі па-польску.
Гісторык Генадзь Каханоўскі зацікавіўся постацьцю прадзеда Людвікі Сівіцкай Ігната Кулакоўскага, які яшчэ ў 1834 годзе ў лісьце на імя расейскага міністра асьветы пісаў пра неабходнасьць даць беларускаму народу адукацыю «с учётом национальной самобытности здешних людей». Праўнучка захавала дыплём аб выбраньні дасьледчыка беларускіх старажытнасьцяў і пэдагога Ігната Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Даніі. Ён меў гонар таксама быць сябрам навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве, Пецярбургу.
Дзед Людвікі па матчынай лініі Людвік Садоўскі быў знатным пчаляром і садаводам, ён вучыўся ў Варшаве ў К. Лявіцкага, імем якога названая канструкцыя рамачнага вульля, прапанаваная Лявіцкім у 1882 годзе. Людвік добра ведаў беларускую мову й карыстаўся ёю ў размовах зь сялянамі.
Бацька Людвікі, Антон Міхайлавіч Сівіцкі, быў родам з Горадні, скончыў Гарадзенскую мужчынскую гімназію, называў сябе ліцьвінам, ён шмат чытаў, любіў паэзію, ягонымі ўлюбёнымі паэтамі былі Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля.
Пачатковую адукацыю, у тым ліку й музычную, атрымала ад бацькоў, а ў 1904 паступіла ў прыватную гандлёвую вучэльню Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасьля сьмерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая месьцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Горадні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы й 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).
3 1915 у Менску. Працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацыяў, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам, які быў на 5 гадоў старэйшым за яе. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Менск. Ён удзельнічаў у рабоце клюбу «Беларуская хатка» ў 1916—1917 і быў актыўна залучаны ў грамадзкім жыцьці. Зоська таксама наведвала яго ў Бабруйску, нават пасьля арышту Фабіяна, які адбыўся ў 1918 годзе, у выніку чаго Шантыр апынуўся ў Бабруйскай турме. У сваіх лістах і ўспамінах З. Верас называе Ф. Шантыра мужам, але расьпісацца ім ня склалася. У лісьце да Ванды Лявіцкай Зоська ўскладае віну за гэта на Рамуальда Зямкевіча, які, па яе словах, узьвёў паклёп на яе ў вачах Шантыра.
У канцы 1918 году З. Верас пакідае Менск з прычыны хваробы маці й вяртаецца ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі. У 1919 годзе ў Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, ягоны бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка Антонаўна пісала вершы, прысьвечаныя найчасьцей малому сыночку. У 1922 годзе Людвікін дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць.
У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэваў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася ва Ўкраіне У 1926 годзе Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў віленскім Касьцёле Сьвятога Міколы. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927 нарадзілася дачка Галіна Войцік, па мужы Луцкевіч.
У 1924—1929 гг. працавала адміністратаркай рэдакцыі газэтаў Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданьні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня).
У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра ня ведалі, дзе знаходзіцца Антон й што зь ім. Пасьля таго, як у 1944 годзе была закрытая Віленская беларуская гімназія, у 1945 годзе ліквідаваны Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, а ў 1948 годзе раптоўна памёр муж, у жыцьці пісьменьніцы наступіў цяжкі пэрыяд, які пазьней яна звала «летаргічным сном».
У 1956 годзе Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталінскіх лягераў, цяжка хворы: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права ліставацца з маці.
Толькі ў 1961 годзе Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які зьбіраў у віленскіх архівах матэрыял для сваёй дысэртацыі, пасьля гэтага яе пачалі наведваць пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні. Чалец СП СССР (з 1982).
Памерла ў 1991 г., пахаваная на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа й сына.
Удзельніца Гарадзенскага гуртку беларускай моладзі (1909—1913), дзе працавала бібліятэкарам і сакратаром. Падчас удзелу ў гуртку грала ў пастаноўцы п’есы «Па рэвізіі» ў лютым 1910 году Пантурчыху, а ў «Модным шляхцюку» ў лютым 1911 году — Ганку. Паказ апошняй прайшоў на кватэры ў Верас. Удзельнічала ў выданьні альманаха «Колас беларускай нівы» (Горадня, 1913). Кантактавала з газэтай «Наша Ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася з Іванам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым.
У час Першай сусьветнай вайны разам з маці, Эміліяй Сівіцкай, эвакуявалася ў Менск. Супрацоўнічала зь «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася зь Ядвігіным Ш. і яго дачкой Вандай Лявіцкай, а таксама з Аркадзем Смолічам і Уладзіславам Галубком, пасябравала з Максімам Багдановічам. У 1916—1917 працавала ў Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 годзе Зоська Верас удзельнічае ва Ўсебеларускім кангрэсе. У 1918 годзе Людвіка Сівіцкая — сябра Рады БНР.
З 1923 годзе жыла ў Вільні. Апекавала беларускіх палітычных вязьняў, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы Міхася Машары й выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928). Друкуе свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступае разам з Натальляй Арсеньневай.
Верас вяла перапіску й сябравала са шматлікімі беларускімі грамадзкімі дзеячамі ды літаратурнымі асобамі: Віталем Скалабанам, Янкам Саламевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Зыгмунтам Абрамовічам, Ларысай Геніюш, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Панізьнікам, Уладзімерам Содалем і г. д.
У «Лясной хатцы» бывалі пісьменьнікі Ўладзімер Караткевіч, Яраслаў Пархута, Рыгор Барадулін, Ларыса Геніюш, Данута Бічэль-Загнетава, Алесь Бачыла, мастакі Аляксей Марачкін, В. Маркавец, Яўген Кулік, Мікола Цэлеш, Вячаслаў Целеш, А. Цыркуноў, вучоныя-літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Янка Саламевіч, Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан.
Рыгор Барадулін падкрэсьліў непаддзельную цікавасьць З. Верас да грамадзкага жыцьця на працягу амаль цэлага стагодзьдзя такімі радкамі:
Да часу маючы інтэрас, Не зачыняючы дзьвярэй, | ||
У 1988 годзе Зоська Верас разам зь зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча ўтварылі спачатку клюб «Сябрына», а 4 лютага 1989 году было заснаванае Таварыства беларускай культуры ў Летуве.
Дэбютавала ў 1907 (часопіс «Падснежник», Кіеў). На беларускай мове выступіла з «абразкамі» пад псэўданімам Мірко ў 1911 (газэта «Наша Ніва»). У час эвакуацыі ў Менску Зоська Верас піша вершы, лірычныя абразкі. Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніку» (Вільня, 1924; арыгінал захоўваецца ў Нью-Ёрку), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985). Напісала ўспаміны пра Максіма Багдановіча («Пяць месяцаў у Менску»), У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатру з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю. Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з расейскай — «Лясныя хаткі» Віталя Біянкі (Вільня, 1931).
З. Верас была рэдкім чалавекам, які зь беларусканавуковымі мэтамі займаўся батанікай. У сваёй аўтабіяграфіі яна адзначала, што зацікаўленьне батанікай зьявілася яшчэ ў гімназіі.
Пасьля курсаў «Агародніцтва, садоўніцтва й пчалярства», якія Людвіка скончыла да 1 ліпеня 1914 году, яна атрымала пасьведчаньне «аб’яздовага інструктара». Практыку адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка й пчаляра. Яшчэ ў 1912—1913 гадах яна пачала складаць «Батанічны зельнік», ставячы на першае месца назовы расьлінаў у беларускай мове. На радзіме дзеда яна працягвала далей запісваць назовы расьлінаў.
Падчас працы сакратаром у «Камітэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны», ёй было даручана арганізаваць вырошчваньне капусты ня так ужо й блізка ад Менску. Яна разьлічыла колькасьць неабходнай расады, насеньня, угнаеньняў, але, калі выехала на месца, аказалася, што глеба там гліністая, вады блізка няма й капуста там ня вырасьце. На гэтым «Капусныя праекты Аляксандра Уласава», як яна іх называла, былі згорнутыя.
З. Верас чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва й пчалярства для бежанцаў з дазволу Міністэрства Земляробства. У 1918 годзе вярнулася ў Альхоўнікі, дзе пражыла пяць гадоў. Там яна працавала над батанічным слоўнікам, а сумесна з украінскім аграномам Міхалам Бароўскім над кніжкай «Медадайныя расьліны».
Вакол хаткі З. Верас у Вільні рос багаты батанічны сад, які меў багацейшую калекцыю расьлінаў, сабраных Людвікай Антонаўнай, там жа была й аранжарэя зь цяпліцай. Там расьлі ўнікальныя гатункі кветак, дрэваў, папараці, кітайскія, японскія, галяндзкія ружы, цытрыны, лаўр, арэхі. Кветкамі займалася Галіна — дачка гаспадыні, а ў цяпліцы працаваў Яраслаў, сын Галіны, і Лявон, яе муж.
У 1924 годзе выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». У слоўнік увайшлі 302 расьліны, якія мелі 424 беларускія назвы. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу. У 1927 годзе падрыхтавала кнігу «Мядовыя расьліны», у якой ёсьць беларуска-польска-маскоўска-ўкраінска-лацінскі слоўнік мядовых расьлінаў, дэталёвыя апісаньні кожнае расьліны. З 1928 году займае пасаду старшыні Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала». У 1935 годзе таварыства «Пчала» арганізуе завочныя курсы па зборы медадайна-лекарскіх і лекарскіх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваіх са студэнтам-мэдыкам Вітаўтам Тумашам.
Яшчэ для «Заранкі», а пасьля й для «Пралесак», пісьменьніца пісала навуковапапулярныя артыкулы на тэму прыроды.
Рэдактар-выдавец часопіса «Беларуская борць» (1934—1938). Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству й агародніцтву друкавала таксама ў газэтах «Беларуская ніва» й «Народная справа», а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 да 1939 году.
Маючы вялікі аўтарытэт у асяродзьдзі мастакоў, яна запрашала іх да сябе ў сад замаляваць расьліны ў розныя пэрыяды вэгетацыі, зьбірала, сушыла зёлкі, расфасоўвала ў шкляныя баначкі. Так яна параіла стварыць залу народнай мэдыцыны ў Гудзевічах і сама рабіла экспанаты для аддзелу зёлкавых расьлінаў Гудзевіцкага школьнага музэю. Адначасова стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Яе сябра па Гарадзенскім гуртку з Амэрыкі даслаў кнігу пра лекавыя расьліны, і ў свае 98 гадоў яна начамі рабіла пераклад гэтай кнігі на беларускую мову.
Уладзімер Караткевіч, зьвяртаючыся да З. Верас у перапісцы, называў яе «паважаны наш батанічны бог».
Унук З. Верас, Вячаслаў Войцік, стаў батанікам і прыродазнаўцам.
Зосьцы Верас прысьвяцілі вершы Віктар Шніп, Рыгор Барадулін, Сяргей Панізьнік Людміла Рублеўская, яна ж сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала паэму «Людвіка і Фабіян», прысьвечаную каханьню Людвікі й Фабіяна Шантыра.
Зосьцы Верас прысьвечаны фільм, зьняты на «Беларусьфільме». Галіна Войцік напісала кнігу «Зоська Верас», якая выйшла ў 2002 годзе.
Ларыса Геніюш пісала:
Вільня, Вільня, наша Мекка, вера, Каліноўскага святая кроў. | ||
Партрэт З. Верас напісаў Анатоль Крывенка й адліў Мікалай Несьцярэўскі. Іван Пратасеня напісаў карціну «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год».
Эксьлібрыс для З. Верас стварыў Вячка Целеш.
У 2013 годзе ў кніжнай сэрыі «Гарадзенская Бібліятэка» выйшла кніга «Зоська Верас. Я помню ўсё». У кнізе надрукаваны ўспаміны Зоські Верас, яе прыватная карэспандэнцыя, фатаздымкі. Упершыню апублікаваныя 367 лістоў, датаваныя 1967—1989 гадамі. Лісты і ўспаміны сабраў, апрацаваў і ўклаў Міхась Скобла.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Зоська Верас, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.