Дрысьвя́ты — вёска ў Беларусі, на паўднёва-заходнім беразе возера Дрысьвятаў.
Уваходзяць у склад Відзаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 280 чалавек. Знаходзяцца за 35 км на паўднёвы захад ад Браслава; на аўтамабільнай дарозе Відзы — Дзьвінск.
Дрысьвяты лац. Dryśviaty | |
Касьцёл | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Браслаўскі |
Сельсавет: | Відзаўскі |
Насельніцтва: | 280 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2153 |
Паштовы індэкс: | 211984 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°35′20″ пн. ш. 26°40′0″ у. д. / 55.58889° пн. ш. 26.66667° у. д. 26°40′0″ у. д. / 55.58889° пн. ш. 26.66667° у. д. |
± Дрысьвяты | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дрысьвяты — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Тапонім Дрысьвяты ўтварыўся ад назвы возера. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня гідроніму. Чаргаваньне гукаў «д» і «р» некаторыя дасьледнікі зьвязваюць зь фінска-вугорскай асновай і перакладаюць як 'возера, вада'. Магчыма, назва ўтварылася шляхам трансфармацыі летувіскіх словаў «driektis» — 'выцягнутае, расьцягнутае', або «drutas» — 'вялікі, шырокі'. Тым часам летувіскі мовазнаўца К. Буга не адкідаў меркаваньня, што гідронім пайшоў ад славянскага «дрыва» — 'крывавы'. У XIX ст. на хвалі маскалізатарскай палітыкі ўзьнікла вэрсія, паводле якой назва возера і вёскі ўтварылася ад словаў «тры сьвятыя». Зьявілася нават паданьне, што вялікая княгіня Алена збудавала на высьпе царкву ў імя трох сьвятых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Златавуста. Гэта прычынілася да таго, што ў некаторых тагачасных публікацыях назву пачалі пісаць у форме Трысьвяты.
Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Дрысвет, Дрысват, Дрысвата, Ісдрысвата, Дрысвяты.
Паводле археалягічных зьвестак, паселішча ўзьнікла на цяперашняй высьпе Замку (плошча 0,26 км²), дзе захаваліся гарадзішча дняпроўска-дзьвінскай культуры, селішча і культурны пласт сярэднявечнага гораду.
У XI—XIII стагодзьдзях Дрысьвяты, відаць, былі ўмацаваным пунктам на паўночна-заходняй мяжы Полацкай зямлі. Матэрыялы раскопак сьведчаць пра даволі высокі ўзровень рамеснай вытворчасьці і гандлёвых зьвязкаў.
Упершыню Дрысьвяты ўпамінаюцца ў пачатку XV ст. (1402, 1413 гады). Існуе меркаваньне, што ў тутэйшым двары вялікіх князёў спыняўся фляндзкі рыцар-авантурыст, падарожнік Жыльбэр дэ Ляноі. У 1517 годзе праз Дрысьвяты з пасольствам у Маскву праязджаў вядомы дыплямат і падарожнік Жыгімонт Гербэрштайн. 3 XVI ст. Дрысьвяты ўпамінаюцца як «места». У фундацыйным акце Жыгімонта Старога ад 6 лютага 1514 году загадвалася: «ваяводзе... Віленскаму пану Мікалая Радзівілу дзяржаўцы Дрысьвяцкаму, абы збудаваў цэркаў Маткі Божае набажэства сьвятога рымскага касьцёла ў месьце... Дрысьвяцкам». 3 тутэйшага касьцёла паходзіць вядомы абраз «Пакланеньне вешчуноў» (пачатак XVI ст.).
У XV—XVI стагодзьдзях Дрысьвяцкі замак меў важнае вайсковае значэньне і часта цярпеў ад ваенных дзяньняў. Мястэчка і ваколіцы мелі статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі — замкавай воласьці, якая беспасярэдне падпарадкоўвалася ваяводу віленскаму. На поўнач і ўсход ад Дрысьвятаў разьмяшчаліся гаспадаркі баяраў, якія атрылалі зямельныя надзелы яшчэ за вялікім князем Вітаўтам. Многія з баярскіх гаспадарак далі пачатак сучасным вёскам у навакольлі мястэчка (Станкавічы, Пашавічы, Бейнары, Анісімавічы і інш.).
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Дрысьвяты ўвайшлі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. Паводле дакумэнтаў XVII—XVIII стагодзьдзяў мястэчка ўпамінаецца як цэнтар ключу Віленскай эканоміі. У 1622 годзе Дрысьвяты, што тады разьмяшчаліся на высьпе, згарэлі і аднавіліся ўжо на беразе. Але пэўна час дамы будаваліся і на высьпе. У 1682 годзе дзяржаўца дрысьвяцкі гетман вялікі літоўскі К. Я. Сапега загадаў перанесьці ўсе будынкі мяшчанаў на высьпе «да пляцаў сваіх» у мястэчку. Інвэнтар 1722 году яшчэ ўпамінае на высьпе «двор стары і збудаваньняў гаспадарчых 18 з садам нямалым, астраколам абнесены». Прыводзіцца апісаньне рэшткаў замка. У мястэчку значыцца Рынак, забудаваны з трох бакоў, вуліцы Крывая, Залужжа, вуліцы ад плябаніі і ад Рынку да моста. У мястэчку было 52 будынкі, 25 корчмаў (11 піўных і 14 гарэлачных), касьцёл, плябанія, царква. Дрысьвятам належала 40 валок зямлі, 42 агародныя пляцы. Жыхары пераважна займаліся сельскай гаспадаркай, рыбальствам, гандлем. Працавалі толькі 3 рамесьнікі — кравец, мясьнік і півавар. На 1762 год колькасьць дымоў зьменшылася да 39.
Да канца XVIII ст. Дрысьвяты былі дзяржаўным уладаньнем і аддаваліся ў часовае карыстаньне ваяводам віленскім. Дзяржаўцамі гэтых уладаньняў былі пераважна прадстаўнікі роду Радзівілаў. Сярод іх крыніцы ўпамінаюць Мікалая, Крыштапа Мікалая «Пнруна» (1547—1603), Караля Станіслава (1734—1790). Адміністрацыйна-судовае кіраваньне ў Дрысьвятах ад імя дзяржаўцы ажыцьцяўляў намесьнік. У 1780 годзе Дрысьвяцкі ключ перайшоў у прыватную ўласнасьць Радзівілаў (у якасьці кампэнсацыі за 2 млн злотых, якія дзяржаўны скарб быў вінен магнатам). Ад Радзівілаў Дрысьвяты ў 1790 годзе набыў дзяржаўны дзяяч, кампазытар М. К. Агінскі. У 1794 годзе ён прадаў маёнтак і таго ж году ўнёс у фундацыю паўстаньня Т. Касьцюшкі 118 тыс. злотых. У жніўні 1794 году паўстанцкі аддзел пад камандаю М. К. Агінскага дзейнічаў непадалёк ад Дрысьвятаў. Пры здушэньні паўстаньня расейскія войскі разрабавалі і спалілі мястэчка. Паводле люстрацыі 1794 году, тут было 45 дымоў. У канцы XVIII ст. існавала парафіяльная школа (на 1781 год — 15 вучняў, на 1782 год — 19).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дрысьвяты апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Браслаўскага павету Віленскай губэрні, з 1843 году Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні. Дрысьвяцкі ключ распаўся на шэраг дробных маёнткаў. Самім мястэчка валодалі Лапацінскія.
За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Лапацінскіх, а саміх уладальнікаў выслалі ў Тамбоўскую губэрню. 3 1865 году ўладальнікам Дрысьвятаў стаў рыскі губэрнатар А. Эцінген, у пачатку XX ст. маёнткам валодалі бароны Гільдэнбанды.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Дрысьвяты занялі войскі Нямецкай імпэрыі. З восені 1915 да лютага 1918 году мястэчка знаходзілася на расейскім баку ў прыфрантавой зоне.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрысьвяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Дрысьвяты апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1931 год у мястэчку было 74 будынкі.
У 1939 годзе Дрысьвяты ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам сельсавету Відзаўскага раёну (з 1960 году ў Браслаўскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 10 ліпеня 1944 году Дрысьвяты знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1952—1953 гадох з ініцыятывы суседніх гаспадарак Беларусі, Летувы і Латвіі ў вёсцы збудавалі ГЭС «Дружба народаў». Урачысты пуск станцыі адбыўся 19 ліпеня 1953 году.
На 1971 год у Дрысьвятах было 99 двароў, на 1995 год — 142, на 1997 год — 137. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
У Дрысьвятах працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, клюб, бібліятэка, пошта.
Дрысьвяцкая ГЭС не эксплюатуецца і захоўваецца ў закансэрваваным стане.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Дрысьвяты (вёска), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.