Гу́ны — качавы азіяцкі народ, які склаўся ў 2—4 стагодзьдзях у Прыўральлі зь цюркамоўных хуну, якія прыкачавалі з Цэнтральнай Азіі, і мясцовых вуграў і сарматаў.
Распачаты ў 370-х масавы рух гунаў на захад даў штуршок г. зв. Вялікаму перасяленьню народаў. Заваяваўшы аланаў Паўночнага Каўказа, гуны на чале са сваім правадыром Баламберам перайшлі Дон, разграмілі ў 375 годзе готаў у Паўночным Прычарнамор’і, падпарадкаваўшы вялікую частку остготаў і прымусіўшы вэстготаў адступіць у Фракію. У 394—395 гады гуны, прайшоўшы праз Каўказ, спустошылі Сырыю і Кападокію, затым, асадзіўшыся ў Паноніі, рабілі набегі на Ўсходнюю Рымскую імпэрыю — Бізантыю. У дачыненьні да Заходняй Рымскай імпэрыі да сяр. 5 ст. гуны выступалі хаўрусьнікамі ў барацьбе супраць германскіх плямёнаў. Падпарадкаваўшы шэраг германскіх і іншых плямёнаў, гуны ўзначалілі магутны зьвяз плямёнаў, які прадпрымаў паходы на многія краіны. Найбольшай магутнасьці гуны дасягнулі пры Атылу (434—453). Прасоўваньне гунаў на захад было спынена іх паразай у Галіі на Каталаўнскіх палях (451) ад аб’яднаных сілаў рымлян, вэстготаў і франкаў. Пасьля сьмерці Атылы (453) яго дзяржава распалася, пачаліся звады, чым скарысталіся гепіды, якія ўзначалілі паўстаньне германскіх плямёнаў супраць гунскага панаваньня. У Паноніі, у бітве на Недаа (455), гуны былі пабітыя і сышлі ў Прычарнамор’е. Спробы гунаў прабіцца на Балканскую паўвыспу ў 469 пацярпелі няўдачу. Апошнія згадкі пра гунаў у крыніцах датычаць 6 ст., калі яны ваявалі ў войску ўсходнерымскага вайскавода Нарсэса ў Італіі. Пасьля гэтага гуны як народ больш ня згадваюцца.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Гуны, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.