Глеб Паўлавіч Лабадзенка (нарадзіўся 9 ліпеня 1986 году; Менск, цяпер Беларусь) — беларускі журналіст і паэт.
Ляўрэат адной журналісцкай прэміі І ступені («Вольнае слова-2008» 2009 г.) і дзьвюх пісьменьніцкіх («Залаты апостраф» 2004 г. і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча 2013 г.). Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (2018). Напісаў вершы і беларускія пераклады для песьняў шматлікіх выканаўцаў і музычных гуртоў: HandmadE, Rahis, «The Stokes», Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак.
Глеб Лабадзенка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 ліпеня 1986 (37 гадоў) |
Сужэнец | Тацяна Шапуцька |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналіст |
Гады творчасьці | З 2000 г. |
Жанр | паэзія |
Мова | беларуская |
Прэміі | «Залаты апостраф» (2004), «Вольнае слова» за 2008 г. (2009), «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2013) |
Узнагароды | Галоўная ўзнагарода конкурса «Я маю твор» на фэстывалі «Дзень Зямлі» (2004) |
labadzenka.by |
Зь верасьня 1993 г. навучаўся ў сярэдняй школе № 126 Менску (вул. Янкі Маўра, д. 35), дзе атрымаў базавую адукацыю (8 клясаў, чэрвень 2002 г.). У 2000 г., у 13-гадовым узросьце, пачаў працаваць журналістам. У 2002 г., у 16-гадовым узросьце, стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Зь верасьня 2001 г. навучаўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які скончыў у чэрвені 2004 году. 4 траўня 2003 г. атрымаў ганаровую грамату ў якасьці фіналіста літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, які ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар. У якасьці ўзнагароды яго творы ўвайшлі ў зборнік «12+1».
25 сакавіка 2004 г. атрымаў літаратурную прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» ад часопіса «Дзеяслоў» за цыкль празаічных мініятураў «Запісы ў нататніку Манэ». 23 красавіка атрымаў галоўную ўзнагароду літаратурнага конкурса «Я маю твор» на фэстывалі «Дзень Зямлі», які ладзілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь і грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі зялёны крыж». 2 траўня перамог у конкурсе маладых літаратараў «Твор пра каханьне» імя Франчэска Пэтраркі, які ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар. У якасьці ўзнагароды яго творы ўвайшлі ў зборнік «Формула каханьня».
Зь верасьня 2004 г. навучаўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ), які скончыў у чэрвені 2009 году. Адначасна ў 2004—2008 гг. працаваў журналістам у расейскамоўнай газэце «Камсамольская праўда ў Беларусі». На пачатку лістапада 2005 г., у 19-гадовым узросьце выдаў уласную кнігу «Пагер-вершы», якую 7 сьнежня прадставіў у Менску ў Доме літаратара. У 2006 г. стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў. У 2007 г. скончыў аддзяленьне філязофіі і літаратуры Беларускага калегіюма. 4 сьнежня пачаў весьці ўласны блог. У 2008 г. стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, адкуль быў выключаны ў 2019 годзе.
У 2009—2011 гг. працаваў журналістам беларускамоўнай газэты «Зьвязда». 4 траўня 2009 г. атрымаў журналісцкую прэмію за 2008 год I ступені за найлепшы інфармацыйны матэрыял пра сучасных прадстаўнікоў роду Радзівілаў, 10 прадстаўнікоў якога прывёз у Беларусь. У чэрвені 2010 г. паступіў у магістратуру Інстытута журналістыкі БДУ, якую скончыў у чэрвені 2011 году. 13 жніўня 2010 г. у Фарным касьцёле Божага Цела ў Нясьвіжы (Менская вобласьць) абвянчаўся з 20-гадовай Тацянай Шапуцькай. Адмысловымі гасьцямі былі княгіня Эльжбета Радзівіл, сьпевакі Лявон Вольскі і Кася Камоцкая. У шлюбе мае двух сыноў.
23 студзеня 2013 г. прадставіў сваю кнігу «Дзіцячая заМова», якую ў сувязі з посьпехам перавыдаў у 2015 годзе. 21 сакавіка 2013 г. атрымаў за кнігу спэцыяльную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ад Саюза беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру і фонда «Вяртаньне». 13 студзеня 2014 г. у менскай галерэі «Ў» разам з Алеся Літвіноўскай заснаваў бясплатныя штотыднёвыя вечаровыя курсы беларускай мовы «Мова нанова» (пр. Незалежнасьці, д. 37а). 26 чэрвеня атрымаў на Фэстывалі беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі «Аднак» галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Грамадзказначныя праекты» за стварэньне курсаў «Мова нанова», якія 27 лістапада атрымалі дзяржаўны ўлік у якасьці юрыдычнай асобы. Зь 1 студзеня 2015 г. пасьля 4-месячнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на курсах «Мова нанова» да абслугоўваньня на беларускай мове перайшла найбольшая ўласнабеларуская прыватная сетка АЗС «А-100» (35 аўтазаправак). У сакавіку выдаў кнігу «Дзіцячая заМова-2», якую прадставіў 14 красавіка. У кастрычніку 2017 году стаў ініцыятарам усталяваньня першага ў Беларусі помніка Тадэвушу Касьцюшку каля ягонай роднай сядзібы ў Марачоўшчыне (Івацэвіцкі раён). У зборы грошай паўдзельнічала больш за 700 чалавек. Помнік урачыста адкрыты 12 траўня 2018 году на дзяржаўным узроўні, з удзелам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Міністэрства замежных справаў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Глеб Лабадзенка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.