Гердзень (каля 1190 — 1267) — князь нальшанскі, князь полацкі (1264—1267).
Гердзень лац. Gierdzień / Hierdzień | |
Князь полацкі | |
---|---|
1264 — 1267 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1190 |
Памёр | 1267 |
Гардзін або Герцін (Gardin, Gertinus) — імя германскага паходжаньня. Іменная аснова -гард- (-герд-, -герт-) (імёны ліцьвінаў Альгерд, Мундыгерд, Тэўтыгерд; германскія імёны Algardus, Mundgerd, Teutgerdis) паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека'). Такім парадкам, імя Гердзень азначае «ахоўнік».
Этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Gerden (Gerdin, Girden).
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Gerdine de Nailse (15 чэрвеня 1260 году); Гердень (1263 год; Наўгародзкі першы летапіс, Наўгародзкі чацьверты летапіс, Сафійскі першы летапіс); Ердень або Гердень (Васкрасенскі летапіс).
Паводле Ноўгародзкага першага летапісу быў сынам нейкага Давыда Расьціславіча, якога некаторыя дасьледнікі лічаць смаленскім князем. Але гэта малаверагодна, бо той жа летапіс кажа пра Гердзеня як пра «літоўскага князя». У гэтым сьвятле цікава паведамленьне пазьнейшага Васкрасенскага летапісу які кажа, што Гердзень быў сынам Давіла Расьціславіча і малодшым братам Віда, згодна з гэтым летапісам Гердзень быў стрыечным братам Міндоўга. Прытым некаторыя крыніцы завуць Давіла Расьціславіча Давыдам і Данілам (магчыма рэдкасьць імя тлумачыць разыходжаньні паміж Наўгародзкім першым і Васкрасенскім летапісамі наконт імя бацькі Гердзеня). Меў за жонку нейкую Эўпраксію, цётку Даўмонта, і зь ёй двух сыноў Андрэя і невядомага на імя.
Гердзень упамінаецца як нальшанскі князь у падробленай грамаце Міндоўга ў якасьці яго сваяка і сьведкі. Падробленасьць граматы не памяншае значнасьці гэтых зьвестак, бо ніхто ня стаў бы, фальшуючы грамату, пазначаць у ёй нерэчаісных сьведак. У грамаце Гердзень запісаны чацьвертым пасьля самога Міндаўга, брата яго жонкі Лонгвіна і добра вядомага Парбуса.
Падрабязнасьці жыцьця Гердзеня да 1264 году невядомыя. У 1264 годзе па выгнаньні палачанамі з дапамогай Войшалка вылучэнца Траняты Канстанціна — заняў полацкі сталец. 23 сьнежня 1264 году ад Полацкага і Віцебскага княстваў склаў мірную ўмову з Рыгай і Готляндам, якая вызначала правілы гандлю і паводле якой Гердзень адмаўляўся ад земляў ва ўсходняй Латгаліі, аддадзеных князем Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за гэта ордэн абавязваўся не нападаць на Полацкую зямлю. Гердзень ня ўвесь час знаходзіўся ў Полацку, відаць, нярэдка наведваючы Нальшаны і Літву. Верагодна, ён быў не адзіным князем у Нальшанах, а адным з тамтэйшых князёў. Таксама застаецца нявысьветленым пытаньне, чаму Войшалк дапамог атрымаць Полацак Гердзеню не зважаючы на яго старэйшага брата Віда. Былы нальшанскі князь Даўмонт стаўшы пскоўскім князем у 1266—1267 гадох тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У час апошняга зь іх Гердзень загінуў, а яго жонка і сыны трапілі ў палон.
Таксама невядома ці быў ён адзіным князем у Полацку, бо яшчэ пры яго жыцьці, ў 1265 годзе, як полацкі князь упамінаецца Ізяслаў, у той жа час Гердзень быў полацкім князем да сваёй сьмерці ў 1267 годзе. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што ўпамін Ізяслава ў грамаце ёсьць памылкай перапісьніка, што ён быў толькі віцебскім князем, а полацкі сталец заняў ужо па сьмерці Гердзеня.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Гердзень, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.