Генадзь Валер’евіч Шутаў

Гена́дзь Вале́р’евіч Шу́таў (1975, Берасьце, цяпер Беларусь — 2020, Менск, Беларусь) — удзельнік пратэстаў супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

    Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шутаў.
Генадзь Валер’евіч Шутаў
Дата нараджэньня 25 лістапада 1975(1975-11-25)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 19 жніўня 2020(2020-08-19) (44 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак кіроўца, кіроўца грузавіка, матацыкліст
Узнагароды Генадзь Валер’евіч Шутаў Мэдаль Ордэну Пагоні

Трэцяя афіцыйна прызнаная ахвяра пры задушэньні пратэстаў 9—12 жніўня й першая ад пальнае зброі.

Жыцьцяпіс

Генадзь Шутаў вырас у Жабінцы, невялікім горадзе за 25 км ад Берасьця. Зь дзяцінства Шутаў захапляўся тэхнікай, правіў машыны, мапэды, нейкі час працаваў у краме матацыкляў у Берасьці. У апошнія гады Шутаў працаваў дальнабойшчыкам. Любіў выпіць, але чалавекам быў неканфліктным, і як паведамляецца, ніколі ня біўся.

Генадзь быў старэйшым сынам. Малодшы брат Алег загінуў у 2003 годзе, у 23 гады — яго знайшлі каля сажалкі «Мухіна яма» ў Жабінцы. Справа была хутка закрытая.

Быў жанаты, меў пяцёра дзяцей і ўнука.

Забойства

Паводле міліцыі, увечары 11 жніўня Генадзь Шутаў разам зь іншым мужчынам напалі на праваахоўнікаў у Берасьці ў раёне каля адміністрацыі Маскоўскага раёну, білі іх мэталічнай трубой, а таксама спрабавалі забраць зброю. Адзін з праваахоўнікаў, апасаючыся за сваё жыцьцё, стрэліў нападніку ў плячо, але, паколькі той супраціўляўся, «ненаўмысна параніў яго ў вобласьць галавы». Параненага даставілі ў Берасьцейскую абласную лякарню хуткай мэдычнай дапамогі. 13 жніўня яго ў цяжкім стане перавялі ў шпіталь Міністэрства абароны, дзе 19 жніўня а 10:20 ён памёр. Сьледчыя паабяцалі даць «прававую ацэнку» дзеяньням нападнікаў і правамернасьці ўжываньня зброі.

Дачка Шутава Наста расказала СМІ іншую вэрсію: «Ён патэлефанаваў, што едзе дахаты, і з таго часу мы яго шукалі два дні й не маглі знайсьці. Яго тэлефон быў недаступны… У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозаг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак».

Жанчына, што жыве побач зь месцам забойства, расказала, што пачула тры стрэла й выйшла на балькон, адкуль пабачыла, што ляжыць мужчына ў лужыны крыві й ад яго адыходзіць малады чалавек у цывільнай вопратцы. «Ён падышоў да яго, паспрабаваў нагой піхнуць, але бачыць кроў, у яго паніка пачалася, ён паклікаў сваіх хлапцоў. Адзін з іх падбег і пачаў трымаць галаву, шыю, відаць кроў спынялі. А гэты малады чалавек, які страляў, падышоў да лавы й выклікаў хуткую. Ён быў вельмі напружаным, нэрваваўся, нават крычаў. Людзі тут спрабавалі падысьці, але ён іх не падпускаў. Лаяўся на іх. Потым сюды падышлі іншыя хлопцы, мяркую, што гэта яго людзі былі, бо іншых ён не падпускаў. Потым другі раз патэлефанаваў у хуткую, каб яны хутчэй ехалі. Магчыма, што ў хуткай удакладнілі, якім чынам адбылося агнястрэльнае раненьне. Бо ён распавядаў, што на яго напалі й гэта была самаабарона. У гэты час падыходзілі людзі, пачалі яго фатаграфаваць. Ён пачаў прыкрывацца кашуляй, дастаў пісталет і пачаў накіроўваць зброю на людзей, пасылаючы іх далей. Людзі адрэагавалі на гэта досыць агрэсіўна. І гэта зразумела». Сьведка таксама адзначае, што стрэл быў у патыліцу, бо мужчына ляжаў на зямлі тварам уніз.

У даведцы пра сьмерць Шутава сказана, што яе прычынаю стаў траўматычны ацёк галаўнога мозгу. У графе «зьнешняя прычына сьмерці» паказаны код Y22 — у міжнароднай клясіфікацыі хваробаў(uk) ён расшыфроўваецца як «пашкоджаньне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі». 21 верасьня «Мэдыязонаю» быў апублікаваны відэазапіс з камэры на пад’езьдзе дому 334 на Маскоўскай вуліцы(be) ў Берасьці, пад вокнамі якога 11 жніўня адзін з «ціхароў» у цывільным адзеньні стрэліў Генадзю Шутаву ў патыліцу. Гэты запіс зьяўляецца пацьвярджэньнем таго, што афіцыйная вэрсія Сьледчага камітэту пра тое, што байкер і яго сябар з мэталічнымі трубамі ў руках напалі на міліцыянтаў і паспрабавалі адабраць у іх зброю, зьяўляецца фальшываю. У руках у Шутава й яго сябра Кардзюкова не было ні арматуры, ні мэталічных трубаў, і ніякіх папераджальных стрэлаў уверх з боку супрацоўнікаў карных сілавых структураў у цывільным таксама не было. Таксама яны не нападалі на «ціхароў», а тыя самі да іх падышлі.

6 кастрычніка на сустрэчы са студэнтамі БрДТУ пракурор Берасьцейскай вобласьці Віктар Клімаў адмовіўся падзяліцца вынікамі расьсьледаваньня, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва. Як напісала «Брестская газета», адзіны сьведка забойства Шутава Аляксандар Кардзюкоў затрыманы 13 жніўня й з тых часоў не выходзіць на сувязь.

Напрыканцы першай дэкады лістапада 2020 году сваякі забітага атрымалі адказ ад Сьледчага камітэту, што для адкрыцьця крымінальнае справы па факту забойства «няма падставаў».

Станам на 28 сьнежня 2020 году крымінальная справа па факце забойства самога Шутава не была распачатая, у той час як Сьледчы камітэт яшчэ не закрыў справу супраць Шутава за супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў. Адначасова ў замаху на забойства быў абвінавачаны Аляксандар Кардзюкоў, сьведка забойства Шутава, які быў арыштаваны й першапачаткова абвінавачаны ў супраціве супрацоўніку міліцыі. Чаму артыкул быў зьменены, не патлумачылі, але сястра Кардзюкова лічыць, што гэта магло быць зроблена для поўнага апраўданьня тых, хто страляў.

Пахаваньне

20 жніўня 2020 году дачка забітага паведаміла, што цела бацькі сваякам дагэтуль не аддалі, таму дзень пахаваньня пакуль невядомы. Сваякі хацелі пахаваць Генадзя Шутава ў Жабінцы, бо ў гэтым горадзе жыве яго маці. 24 жніўня забітага там і пахавалі.

Пасьмяротны суд

2 лютага 2021 году стала вядома, што Аляксандара Кардзюкова будуць судзіць за замах на забойства, у той час як крымінальная справа па факце забойства самога Генадзя Шутава не вядзецца.

На судзе Кардзюкова 16 лютага 2021 году высьветлілася, што 11 жніўня 2020 году на Маскоўскай вуліцы(be) ў Берасьці ў патыліцу Шутаву стрэліў вайсковец 5-й брыгады спэцпрызначэньня, капітан Раман Гаўрылаў, які быў у цывільным і меў пры сабе пісталет Макарава.

25 лютага 2021 году Берасьцейскі абласны суд (судзьдзя — Сьвятлана Крэмянеўская) прызнаў вінаватымі Шутава ў супраціве з ужываньнем гвалту, а Кардзюкова таксама і ў замахе на забойства. Забітаму Шутаву вынесьлі абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня, а Кардзюкова асудзілі на дзесяць год пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, як запрасіў дзяржабвінаваўца Генадзь Буры. Пацярпелымі прызналі вайскоўцаў 5-й брыгады спэцпрызначэньня Рамана Гаўрылава й прапаршчыка Арсеня Галіцына, якія стралялі па абодвух на паражэньне.

Віну Аляксандар Кардзюкоў не прызнаў. Паводле яго вэрсіі, падзеі разьвіваліся інакш. Увечары 11 жніўня Генадзь прыйшоў да яго ў гараж. Яны выпілі каля 350 грамаў настойкі на дваіх і пайшлі ў бок ДК прафзьвязаў, каб паглядзець, што тамака адбываецца. Калі падышлі да скрыжаваньня вуліцы Маскоўскай і Партызанскага праспэкта, мужчыны заўважылі скопішча людзей. Генадзь і Аляксандар пайшлі на парапэт да дома № 334. У абвінавачанага ў руцэ быў абрэзак мэталічнай трубы, які ён падабраў каля парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў «для самаабароны». На парапэце яны стаялі і глядзелі за пратэстамі здалёк. Прыкладна праз 40 хвілінаў Генадзь з Аляксандрам заўважылі побач двух хлопцаў і падышлі да іх. Паводле Аляксандра, ён хацеў у іх пацікавіцца тым, што адбываецца.

— Замест таго каб нармальна адказаць, адзін з гэтых хлопцаў ударыў ці штурхнуў мяне ў корпус, ад чаго я ўпаў з лаўкі, — зачытаў абвінавачаны. — У адказ на дзеяньні Гаўрылава я яму інстынктыўна нанёс удар трубой кудысьці ў вобласьць левага сьцягна. Дакладна не ў галаву. У галаву я не біў. Далей я зноў залез на лаўку, Гаўрылаў і Галіцын разгарнуліся да нас з Шутавым тварам і, крыху адступіўшыся назад, дасталі пісталеты. Нехта зь іх крыкнуў: «Тварам уніз, вырадкі, завалю». Зь іх боку раздаўся стрэл. Бакавым зрокам я заўважыў, што Генадзь, знаходзячыся лявей ад мяне, пачынае апускацца на калені, трымаючы рукі за галавой. Па-мойму, у той момант ён быў разьмешчаны сьпіной да Гаўрылава і тварам да вуліцы Маскоўскай. Галіцын тым часам накаваў на мяне пісталет, цэлячыся мне ў галаву. Спалохаўшыся за сваё жыцьцё, я пачаў уцякаць, кінуўшы на зямлю трубу, каб яна не перашкаджала мне бегчы. У гэты момант з боку Галіцына раздаўся стрэл у мой бок. Я ўбачыў выбліск ад стрэлу і пачуў характэрны гук. Галіцын пачаў перасьледваць мяне, штосьці крычаць. Калі я ўцякаў, я чуў гук двух стрэлаў. З матэрыялаў справы атрымліваецца, што адзін стрэл быў зроблены Гаўрылавым у Шутава, а другі — Галіцыным уверх, ад чаго куля патрапіла ў столь балькона.

Аляксандар Кардзюкоў падкрэсьліў, што ня ведаў, кім насамрэч зьяўляліся Гаўрылаў і Галіцын. У той дзень яны былі апрануты ў цывільнае, пісталеты захоўвалі ў паясных сумках.

Блізкія родзічы Шутава й Кардзюкова назвалі прыгавор абсурдам і паставілі пад сумнеў сумленнасьць суда. Тураваў ім і берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, які назваў суд «шырмаю карных задачаў», таму што ён не адказваў крытэрыям бесстароннасьці й незалежнасьці, а сама справа вялася дзеля абароны вайскоўцаў ад справядлівага суда.

Дачка забітага Генадзя Шутава Настасься Баранчук сама абараняла ў судзе нябожчыка. Яна адзначыла, што па справе не дапыталі сьведак, а пацярпелыя блыталіся ў паказаньнях. Тое, што Гаўрылаў распавядаў, цалкам было абвергнута дзякуючы відэа зь месца забойства, на якім было бачна, што бацька з Гаўрылавым адзін на адзін быў усяго чатыры сэкунды. За гэты час, як сьцьвярджаў Гаўрылаў, Шутаў накінуўся на таго, схапіў за ногі, спрабаваў зваліць на зямлю, забраць пісталет і ўцячы, што проста немагчыма, да таго ж добра было відаць на відэа, што бацька рухаўся не на Гаўрылава, але ад таго. Таксама яна зьвяртала ўвагу, што на трубе, якой нібыта ўдарылі па твары Гаўрылава, няма ніякіх сьлядоў тканінаў Гаўрылава й гэта засьведчыла экспэртыза. Гаўрылаў сказаў на судзе, што ня біў пісталетам, таму што баяўся, што будзе самаадвольны стрэл, таму вымушаны быў страляць, але экспэртыза даказала, што такога не магло адбыцца.

Генадзь Валер’евіч Шутаў  Мне здаецца, што нават сумленьня ў іх няма, таму што ён паводзіў сябе такім чынам, што быццам у яго сям’і загінуў чалавек, а мы ўсе вінаватыя ў гэтым. Не было ў іх відаць зьбянтэжанасьці, перажываньняў. Але мне здаецца, што іх проста падрыхтавалі да гэтага, каб яны сябе паводзілі такім чынам. Бо часам яны нават агрызаліся з Аляксандарам [Кардзюковым], калі быў допыт. Мне таксама спрабавалі адказваць вельмі груба. Генадзь Валер’евіч Шутаў 
Генадзь Валер’евіч Шутаў  Падчас вынясеньня прысуду на апошнім пасяджэньні судзьдзі выйшлі з апушчанымі галовамі. Ніхто з трох судзьдзяў не паглядзеў у залю. А ў судзьдзі, якая зачытвала прысуд, нават голас пачаў дрыжаць. Спачатку выглядала, што судзьдзі ўсё слухаюць, робяць нейкія высновы. Здавалася, што яны цалкам разумеюць сытуацыю, што няма доказаў, якія агучвае абвінавачваньне. На апошняе пасяджэньне Гаўрылаў з Галіцыным нават не зьявіліся. Тады мы й зразумелі, што нічога добрага ня будзе. Я не выключаю, што яны ўжо нават загадзя ведалі, што скажуць судзьдзі. Генадзь Валер’евіч Шутаў 

14 траўня 2021 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь падтрымаў раней вынесеныя прысуды забітаму Шутаву й Кардзюкову. Паводле ацэнкі Рамана Кісьляка, і Вярхоўны суд пры разглядзе скаргі не адпавёў крытэрыю незалежнасьці: усё слуханьне было прызначана для вызваленьня вайскоўцаў ад пакараньня за забойства й прымяненьне зброі.

Рэакцыя

Генадзь Валер’евіч Шутаў 
Быдгашч, 3 кастрычнка 2021. Акцыя салідарнасьці з Беларусьсю: Вітольд Ашурак (зьлева), Генадзь Шутаў (справа)

17 верасьня 2020 году Эўрапейскі парлямэнт у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, заклікаў да правядзеньня «незалежнага і эфэктыўнага расьследаваньня» зьвязанай з пратэстамі сьмерці Генадзя Шутава.

19 лістапада 2020 году жыхары Берасьця запісалі відэазварот у сувязі з эксалацыяю гвалту на Беларусі, сярод іншыга акцэнтаваў увагу ўладаў на неабходнасьці расьледваньня забойства Генадзя Шутава, каб вінаватыя ў ім панесьлі пакараньне ў адпаведнасьці з законам. 26 лістапада Эўрапейскі парлямэнт у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, з заклікам да «хуткага, дбайнага, бесстароньняга й незалежнага расьследаваньня» забойстваў падчас пратэстаў у Беларусі, у тым ліку Генадзя Шутава, падтрымаў ініцыятыву берасьцейцаў.

25 лютага 2021 году Сьвятлана Ціханоўская ўзважыла рашэньне суда, заняў бок сродкаў масавай інфармацыі і актывістаў, якія лічаць, што абвінавачваньні былі надуманыя ў рамках рэпрэсіяў, накіраваных на ўтрыманьне пры ўладзе прэзыдэнта Аляксандара Лукашэнкі: «Мірны дэманстрант Генадзь Шутаў быў застрэлены сілавікамі ў цывільным у мінулым жніўні. Яго сябар Аляксандар Кардзюкоў быў сьведкам гэтага і ўцёк. Сёньня суд прыгаварыў Кардзюкова да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Забітага Шутава назвалі вінаватым, а яго забойцу — ахвяраю».

Аксана Колб, галоўны рэдактар «Новага часу», напісала: «Дзесяць гадоў атрымаў Аляксандар Кардзюков, сябра Генадзя Шутава, які стаў сьведкам забойства. Больш за тое, сам Генадзь прызнаны вінаватым. Шкада, што кідаць за краты нябожчыкаў яшчэ не навучыліся…». «Ахвяру ператварылі ў злачынцу», — пракамэнтаваў прысуд праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна»

6 траўня 2021 году экспэрты й аналітыкі «Вясны» апублікавалі заключэньне па крымінальнае справе Генадзя Шутава й Аляксандара Кардзюкова. Юрысты «Вясны» прыйшлі да высновы, што мелі месца парушэньні заканадаўства ў прыцягненьні сілаў спэцыяльных апэрацыяў УС РБ для здушэньня пратэстных акцыяў, у прыватнасьці артыкула 3 Закона «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», артыкулаў 16 і 17 закона «Аб надзвычайным становішчы», Закона «Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў», у той час як сакрэтны неапублікаваны ўказ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь №99-З «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб дзяржаўнай сыстэме рэагаваньня на акты тэрарызму, дзейнасьць тэрарыстычных арганізацыяў, незаконных узброеных фарміраваньняў і масавыя беспарадкі» ад 23 лютага 2012 году «ня можа мець значэньня для ацэнкі правамернасьці ўзаемных дзеяньняў грамадзянаў і вайскоўцаў і ня можа быць падставаю для ўскладаньня абавязкаў на грамадзянаў або абмежаваньня іх правоў». Экспэрты таксама спаслаліся на свае папярэднія заявы, згодна зь якімі ў Беларусі адсутнічалі масавыя беспарадкі пасьля выбараў прэзыдэнта ў жніўні 2020 году, а мелі месца з большага мірныя пратэсты, удзельнікі якіх неабгрунтавана падвяргаліся жорсткаму абыходжаньню й катаваньням; рэжымаў ваеннага(be) ці надзвычайнага становішча, узброенага канфлікту не было.

Незаконнасьць і беспадстаўнасьць(de) прысуду, паводле экспэртнае ацэнкі «Вясны», грунтуецца як на адсутнасьці намеру ў Аляксандара Кардзюкова на забойства, бо «нават устаноўленага прысудам факту нанясеньня Кардзюковым удару трубою па галаве пацярпеламу Гаўрылаву недастаткова для таго, каб прыйсьці да высновы аб намеры забіць пацярпелага», у той час як іншых доказаў таго, што Кардзюкоў жадаў забіць Гаўрылава няма, што выключае выснову аб наяўнасьці прамога намеру (да таго ж замаху на забойства пры ўскосным намеры ня можа быць), так і на адсутнасьці неабвержных доказаў нанясеньня ўдару ў галаву пацярпеламу Раману Гаўрылаву, бо дакумэнтальна пацьверджаны й тры іншыя вэрсіі атрыманьня ім пашкоджаньняў у іншы час і пры іншых абставінах, якія былі неаб’ектыўна ацэнены судом у парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці(be) Кардзюкова. Прамая зацікаўленасьць Рамана Гаўрылава й Арсеня Галіцына, пасьля праверкі дзеяньняў якіх Сьледчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэньні крымінальнае справы ў сувязі з прычыненьнем сьмерці Генадзю Шутаву, у зыходзе судовага працэсу, магла прывесьці да маніпуляцыі доказамі «для абгрунтаваньня законнасьці дзеяньняў Гаўрылава, які з розных варыянтаў процідзеяньня супраціву Шутава абраў стрэл яму ў тулава з трапленьнем у патыліцу, і Галіцына, які папераджальным стрэлам зь пісталета паставіў пад пагрозу жыцьцё й здароўе людзей у кватэры, куды ў столь, прабіўшы шкло, трапіла куля».

Абарона Гаўрылавым законнага характару сваіх дзеяньняў будавалася на тым, што яго стрэлу ў патыліцу Шутава папярэднічаў нечаканы ўдар Кардзюкова трубой па галаве, які пазбавіў яго магчымасьці пераадолець супраціў Шутава (які, па вэрсіі Гаўрылава, абхапіў яго ногі, але, па вэрсіі Кардзюкова, стаяў на каленях з паднятымі рукамі сьпіною да Гаўрылава). Адначасова з гэтым цялесныя пашкоджаньні Гаўрылава прыблізна адпавядалі паказанай Кардзюковым акалічнасьці выкарыстаньня трубы: пасьля падзеньня з лаўкі, якое Кардзюкоў зьвязаў зь дзеяньнямі Гаўрылава й Галіцына, ён нанёс удар аднаму зь іх трубою ў вобласьць сьцягна, так што драпіна на левым перадплеччы Гаўрылава, якая разьмешчана на ўзроўні сьцягна ў стане, калі ў чалавека спушчаныя рукі, магла быць вынікам блякаваньня ўдару рукою па сьцягне. Акрамя таго, Галіцын на папярэднім сьледзтве скрываў сваё падзеньне падчас пагоні за Кардзюковым, а выяўленае ў вайскоўца цялеснае пашкоджаньне, згодна з заключэньнем судмэдэкспэрта, магло адбыцца пры падзеньні з вышыні свайго росту, аднак Галіцын сьцьвярджаў, што пашкоджаньне прычыніў яму Кардзюкоў шляхам кідка трубы, што дазволіла яму таксама стаць пацярпелым, каб апраўдаць стральбу ў мірны час.

Згодна артыкулам 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе ваеннаслужачых» вайскоўцы абавязаны «заўсёды быць па форме, чыста й акуратна апранутымі», у той час як спартовага целаскладу з паяснымі сумкамі ў цывільнай адзежы й кепках Гаўрылаў і Галіцын трымаліся разам і адно бачаньне іх на скрыжаваньні, на думку суда, дазволіла Шутаву й Кардзюкову зразумець, што тыя «ня проста прысутныя грамадзяне, а знаходзяцца пры выкананьні службовых абавязкаў па ахове грамадзкага парадку», каб клясыфікаваць злачынства. Але тое, што Гаўрылаў і Галіцын самі мімікрыравалі(be) пад пратэстоўцаў (пляскалі ў далоні, пры набліжэньні міліцыі ўцякалі й д.т.п.), на думку экспэртаў «Вясны», не магло дазволіць вызначыць у іх спэцыяльных суб’ектаў злачынства(ru). Акрамя таго, суд у сваім прысудзе не ўказаў, што ўмацаваць такую ўпэўненасьць былі закліканы крыкі пацярпелых «Я..[тварам]..лам уніз, вырадкі, завалю!», «Ляжаць пысаю ў падлогу, вырадак», стральба ў паветра, у столь кухні суседняга дома і ў патыліцу Шутава. Кардзюкоў запэўніў, што ўдар у вобласьць сьцягна Гаўрылава ён нанёс ня ў сувязі з выкананьнем тым абавязкаў па ахове грамадзкага парадку, а інстынктыўна, таму што «атрымаў удар (або палічыў, што атрымаў удар)» ад апошняга. Да таго ж ніякіх прэтэнзіяў з нагоды парушэньня грамадзкага парадку пацярпелыя абвінавачаным не прад’яўлялі, роўна як не прад’яўлялі такіх прэтэнзіяў у законнай форме й пасьля канфлікту.

На падставе заключэньня 7 траўня 2021 году сумеснай заяваю сямі арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар, Аляксандар Кардзюкоў быў прызнаны палітычным вязьнем. 23 ліпеня 2021 году шэфства над ім узяла дэпутатка Рыксдагу Элізабэт Фалькгавэн.

Памяць

24 лістапада 2022 года Шутаў быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі


Нерасьсьледаваныя зьнікненьні і сьмерці вядомых людзей у сучаснай Беларусі
1996: Анатоль Майсеня
1999: Віктар Ганчар; Юры Захаранка; Генадзь Карпенка; Анатоль Красоўскі
2000: Зьміцер Завадзкі
2004: Вераніка Чаркасава
2005: Васіль Гроднікаў
2010: Алег Бябенін
2020: Раман Бандарэнка; Аляксандар Віхор; Мікіта Крыўцоў; Аляксандар Тарайкоўскі; Генадзь Шутаў
2021: Вітольд Ашурак ; Зьміцер Стахоўскі; Андрэй Зельцэр
2023: Мікалай Клімовіч

Глядзіце таксама: Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)

Tags:

Генадзь Валер’евіч Шутаў ЖыцьцяпісГенадзь Валер’евіч Шутаў ПахаваньнеГенадзь Валер’евіч Шутаў Пасьмяротны судГенадзь Валер’евіч Шутаў РэакцыяГенадзь Валер’евіч Шутаў КрыніцыГенадзь Валер’евіч Шутаў Вонкавыя спасылкіГенадзь Валер’евіч ШутаўБеларусьПрэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2020 году

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

МанівідавічыIP-адрасМенск (кампутарная гульня)АўстраліяHromadske.TVТэракт у «Крокус Сіці Холе»Сьвятлана АлексіевічЯзэп Варонка.neГільРасоныПравілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі (2008)ГульняАдам РусакPlaceboДабрабыт (банк)Дзьвінская дзяржаўная беларуская гімназіяТалачынПрацяглы будучы часМіхась ЗарэцкіБеларускі альфабэтГаляктыка ТрыкутнікаСям’яЖлобінМаркёрІван НавічкоўІван ЧыгрынаўРэстаранМастацкі творПошта@Mail.ruСяржук Сокалаў-ВоюшГрамадзкі набытакЧарнобыльская катастрофаЭрэкцыяКанстантынопальская праваслаўная царкваКарыятавічыЗянон ПазьнякЛеў СапегаУладзімер МулявінСельская гаспадарка БеларусіДавернае кіраваньнеАнатоль Грачанікаў120-я зэнітна-ракетная брыгадаНаваградакУкраінаАпострафГерб АстраўцуНекамэрцыйная арганізацыяІнтэрнэтЖыгімонт Караль РадзівілТадэвуш РэйтанУладзімер Арлоў (гісторык)Другая сусьветная вайнаКарусь Каганец.comВалошкаЯн ЧэрскіТрнаваЧорны замак Альшанскі (фільм)Усевалад ІгнатоўскіЯнка СіпакоўГальшанскія🡆 More