Гарадзельскі прывілей — заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы й вялікага князя літоўскага Вітаўта.
Меў на мэце ўмацаваньне й пашырэньне каталіцызму ў ВКЛ. У прывілеі канстатавалася, што з прыняцьцем каталіцтва ВКЛ «далучаецца, злучаецца, уключаецца, перадаецца» Польскаму Каралеўству. Усе касьцёлы й каталіцкі клір забясьпечваюцца ўсімі правамі і свабодамі згодна са звычаямі Польскага Каралеўства. Паны, шляхта й баяры ВКЛ, якія прымуць каталіцкую веру й атрымаюць гербы, могуць карыстацца прывілеямі й пажалаваньнямі, як і польскія паны й шляхта, пацьвярджаліся іх правы на свабоднае распараджэньне сваёй маёмасьці й атрыманьня спадчыны. Гарантаваліся правы жанчынаў на валоданьне ўласных маёнткаў. Паны й шляхта ВКЛ павінныя былі захоўваць вернасьць і пастаяннасьць каралю Ягайлу й вялікаму князю Вітаўту. Гарадзельскі прывілей прадугледжваў увядзеньне пасад ваяводы й кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Асабліва важнае значэньне меў артыкул, у якім замацоўвалася правіла, што пасьля сьмерці Вітаўта паны й шляхта ВКЛ не павінныя былі выбіраць сабе новага князя бяз згоды Ягайлы й польскіх фэадалаў, а тыя пасьля сьмерці Ягайлы не павінныя былі выбіраць новага караля бяз згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ. Гэты артыкул, які ўпершыню заканадаўча замацоўваў выбраньне вялікага князя, супярэчыў і абвяргаў першы артыкул, у якім пацьвярджалася зьліцьцё ВКЛ і Польшчы, бо калі выбіраўся асобны князь, то захоўвалася самастойнасьць дзяржавы. А канстатацыя факта, што караля Польшчы павінныя былі выбіраць са згоды Вітаўта й шляхты, сьведчыць аб раўнапраўным становішчы абедзьвюх дзяржаваў. Прывілей прадугледжваў магчымасьць скліканьня агульных соймаў фэадалаў вялікага княства Літоўскага й Польскага Каралеўства. Сьцьвярджэньне, што ўсе некаталікі, у асноўным праваслаўныя (а яны складалі большасьць насельніцтва княства), не павінныя былі дапускацца на дзяржаўныя пасады й засядаць у панскай радзе, мела ідэалягічны, а не практычны характар, бо большасьць мясцовага кіраўніцтва й значная частка паноў-рады належалі да праваслаўнай веры.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Гарадзельскі прывілей, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.