Скарачэньні: ВП:ЗН ВП:ЗНАЧ |
---|
Вікіпэдыя — гэта энцыкляпэдыя, а не каталёг спасылак або трыбуна. З гэтай прычыны ў Вікіпэдыі існуюць адмысловыя крытэры значнасьці, якія вызначаюць вартасьць зьмяшчэньня інфармацыі пра той або іншы аб’ект у энцыкляпэдыі. Значнасьць не вызначаецца вядомасьцю або папулярнасьцю аб’екту. Тым ня менш, у пэўны момант гэты аспэкт можа падмацаваць значнасьць у час узьнікненьня нейкіх сумневаў.
У Вікіпэдыі тэма або прадмет артыкула лічацца меркавана значнымі, гэта значыць годнымі асобнага артыкула, калі яны адпавядаюць прыведзенаму ніжэй агульнаму крытэру значнасьці або аднаму з прыватных крытэрыяў значнасьці.
Гэтае правіла не ўплывае беспасярэдне на зьмест артыкулаў, яно дазваляе толькі вызначыць, ці варта ствараць артыкул на пэўную тэму. Але існуюць і правілы, якія рэгулююць зьмест артыкулаў: Нэўтральны пункт гледжаньня, Магчымасьць праверкі, Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў, Чым не зьяўляецца Вікіпэдыя і іншыя.
Прадмет або тэма хутчэй за ўсё зьяўляюцца значнымі, калі яны заўважна асьвятляюцца ў незалежных ад суб’екту надзейных крыніцах.
Тэма або прадмет, якія супольнасьць паводле кансэнсусу прызнала адпаведнымі гэтаму крытэру, як правіла, зьяўляюцца значнымі; ім можна прысьвяціць асобны артыкул энцыкляпэдыі. Калі тэма не адпавядае агульнаму крытэру значнасьці, аднак усё ж мае асобныя правяральныя факты, то яе можна асьвятліць у межах існага артыкула на больш агульную тэматыку.
Пры разьвязаньні пытаньня пра значнасьць артыкула галоўным зьяўляецца патрабаваньне паказаць аб’ектыўныя довады адпаведнасьці крытэрам значнасьці. Заўважнае асьвятленьне ў надзейных крыніцах, прызнаньне ў прафэсійным асяродзьдзі, іншыя фактары, пералічаныя ў крытэрах значнасьці для пэўных тэмаў, зьяўляюцца такім довадам.
Варта помніць, што адсутнасьць у бягучы момант у артыкуле спасылак на надзейныя другасныя крыніцы яшчэ не азначае, што тэма артыкула ня мае значнасьці.
Скарачэньне: ВП:НЕНАВІНЫ |
---|
Вікіпэдыя — ня месца для навінавых рэпартажаў. Каб асьвятляць бягучыя падзеі існуе праект Вікінавіны. Для абгрунтаваньня значнасьці патрабуецца большае, чым кароткі воплеск цікавасьці мас-мэдыя да падзеі або зьявы грамадзкага жыцьця. Адпаведна, у тых выпадках, калі зьяўленьне надзейных крыніцаў на тую або іншую тэму мае эпізадычны або спарадычны характар, трэба або прадэманстраваць падрабязны разгляд прадмета артыкула ў высакаякасных аналітычных матэрыялах (гэта значыць створаных кампэтэнтнымі экспэртамі ў адпаведнай галіне або з прыцягненьнем такіх эспэртаў), або паказаць неаднаразовае згадваньне ў якасьці тыповага прыкладу прадмета артыкула ў надзейных крыніцах па-за межамі кароткачасовага воплеска цікавасьці да яго.
Хоць ува ўсіх артыкулах мусіць паказвацца значнасьць іх тэмаў, а артыкулы на тэмы, якія не адпавядаюць крытэрам значнасьці, звычайна выдаляюцца, важна ўлічваць ня толькі бягучы стан артыкула, але і патэнцыял яго разьвіцьця. Калі абмяркоўваецца выдаленьне або аб’яднаньне артыкулаў з прычыны іх нязначнасьці, абмяркоўваць трэба ня толькі пытаньне, ці паказваецца значнасьць тэмы ў артыкуле, але і пытаньне верагоднасьці таго, што значнасьць у прынцыпе можна паказаць. Калі знаходжаньне незалежных крыніцаў выглядае магчымым, выдаляць артыкул з прычыны нязначнасьці ня варта да таго часу, пакуль ня спраўдзіцца, што актыўныя высілкі з пошуку гэтых крыніцаў ня далі ніякага плёну.
Калі не атрымалася знайсьці крыніцаў дзеля падмацаваньня значнасьці адпаведнага артыкула, разглядзіце магчымасьць даданьня яго зьместу ў артыкул з больш агульнай тэматыкай (у тым ліку, праз працэдуру аб’яднаньня артыкулаў), інакш артыкул давядзецца выдаліць. Існуе шмат прыкладаў, калі прапановы пра выдаленьне артыкула адхілялі як неадэкватныя. Перш чым выдаляць артыкул, варта старанна правяраць, ці нельга знайсьці крыніцы, якія пацьвярджаюць яго значнасьць.
Скарачэньне: ВП:НЕГУБЛЯЕЦЦА |
---|
У Вікіпэдыю можна дадаваць артыкулы пра тэмы, якія зьяўляюцца значнымі ў бягучы момант або былі значнымі ў мінулым. Калі тэма артыкула адпавядае агульнаму крытэру значнасьці, няма патрэбы паказваць бесьперапыннасьць і актуальнасьць цікавасьці да гэтай тэмы. Тэмы, значнасьць якіх пакуль не зьяўляецца відавочнай, з часам, па зьяўленьні новых крыніцаў на адпаведную тэму, могуць прызнаць значнымі. Тым ня менш, аргумэнтацыя значнасьці артыкулаў ня мусіць засноўвацца на заяве, што тэма можа атрымаць дадатковае асьвятленьне ў будучыні.
Правілы і рэкамэндацыі пра значнасьць дазваляюць пастанавіць, ці зьяўляецца тэма дастаткова значнай, каб прысьвяціць ёй асобны артыкул. Яны ў пераважнай большасьці выпадкаў беспасярэдне не датычацца зьместу артыкулаў. Магчымасьць улучэньня асобных частак і фактаў у артыкул рэгулюецца іншымі правіламі і рэкамэндацыямі, а менавіта: магчымасьць праверкі, выкарыстаньне надзейных крыніцаў, чым не зьяўляецца Вікіпэдыя і іншыя.
У той жа час трэба ўлічваць патрабаваньні нэўтральнасьці артыкулаў і непажаданасьці празьмерна аб’ёмнага асьвятленьня малаважных дэталяў, датычных тэмы або прадмета артыкула. Аўтары маюць імкнуцца да таго, каб падрабязнасьць апісаньня адпавядала важнасьці адпаведнага аспэкту тэмы.
Кожны населены пункт значны па змоўчаньні.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Вікіпэдыя:Значнасьць, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.