Валянціна Пятроўна Лемцюгова (19 сьнежня 1935, в.
Новая Алакюль, цяпер Ламаносаўскі раён, Ленінградзкая вобласьць, Расея — 3 сакавіка 2018) — беларуская мовазнаўца. Доктарка філялягічных навук (1987), прафэсарка (1993).
Валянціна Лемцюгова | |
Дата нараджэньня | 19 сьнежня 1935 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 3 сакавіка 2018 (82 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | мовазнаўца |
Навуковая сфэра | мовазнаўства |
Месца працы | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (з 1961 г.) |
Вядомая як | Аўтар першага «Ўкраінска-беларускага слоўніка» (1980), старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі |
Навуковая ступень | доктар філялягічных навук[d] |
Навуковы кіраўнік | Мікалай Бірыла |
Нарадзілася ў сям’і беларускіх перасяленцаў, якіх у 1933 годзе завербавалі для заснаваньня калгасу ў Расейская СФСР на мяжы зь Фінляндыяй. У 1940 годзе, адразу па сьмерці бацькі на фронце Зімовай вайны, вярнулася з маці назад на Магілёўшчыну.
У 1958 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Адпрацавала 3 гады настаўніцай беларускай, нямецкай і расейскай моваў у Чабайскай (Узбалацкі сельсавет) і Дорскай школах Валожынскага раёну Менскай вобласьці.
З 1961 году працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Была старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі. З 1987 году — загадніца аддзелу лексыкалёгіі і лексікаграфіі.
Займалася навукова-арганізацыйнай, пэдагагічнай і грамадзкай дзейнасьцю, у тым ліку ў складзе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі і анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі, заснаваную ў 1960-я гады М. Бірылам. Выступала з артыкуламі ў прэсе пра стан і пэрспэктывы разьвіцьця мовазнаўства. Бараніла беларускую тапаніміку, у тым ліку артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна зь якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку.
Памёрла 3 сакавіка 2018 году.
Дасьледавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мае больш за 200 навуковых працаў, прысьвечаных пытаньням станаўленьня і функцыянаваньня ўсходнеславянскай айканіміі.
Аўтарка манаграфіі «Беларуская айканімія» (1970), у якой дасьледавала працэс узьнікненьня і эвалюцыйнага разьвіцьця беларускіх назваў населеных пунктаў. Манаграфія належыць да рэгіянальнага тыпу дасьледаваньняў. У ёй высьвятляецца паходжаньне 4 тысячаў айконімаў, аналізуецца сэмантычны склад і словаўтваральныя сродкі (тапафарманты). Паасобна разглядаюцца айконімы, утвораныя ад агульных словаў (апэлятываў), ад назваў рэк і азёраў (гідронімаў), ад асабовых імён (антрапонімаў), паказваюцца працэсы заражэньня і эвалюцыі беларускіх айконімаў, раскрываецца сутнасьць закладзенай у іх інфармацыі. Аналіз дае магчымасьць высьветліць час узьнікненьня айконімаў, тэндэнцыі папярэдніх эпох, паказаць іх эвалюцыю айконімаў і гістарычныя зьмены.
Наступнае грунтоўнае дасьледаваньне — манаграфія «Усходнеславянская айканімія апэлятыўнага паходжаньня» (1983), пазьней аснова доктарскай дысэртацыі. У манаграфіі вывучаюцца беларускія, расейскія і ўкраінскія назвы населеных пунктаў. Асноўнай крыніцай фактычнага матэрыялу стала айканімія «Сьпісаў населеных месцаў Расейскай імпэрыі» (44 тамы, 2-я палова XIX — 1-я палова XX ст.) і аналягічныя сьпісы, выдадзеныя ў Горадні, Вільні, Кіеве і іншых местах. Шырока выкарыстоўваюцца сьведчаньні старажытнага і сярэдневечнага пісьменства, летапісаў, актаў, мэтрык, пісцовых і памятных кніг.
У 1980 годзе апублікавала першы ў беларускай і славянскай лексыкаграфіі «Ўкраінска-беларускі слоўнік», рэестр якога зьмяшчае больш за 30 тысячаў словаў. Гэта быў трэці іншаславянска-беларускі слоўнік па «Расейска-беларускім» (Масква, 1953 год, двухтомны — Менск, 1982 год) і «Польска-беларускім» (Варшава, 1962). Слоўнік дыфэрэнцыйны: яго рэестр зьмяшчае асноўную, найбольш ужывальную лексіку сучаснай украінскай літаратурнай мовы, якая чымсьці адрозьніваецца ад сваіх беларускіх адпаведнікаў — значэньнем (адным або некалькімі), месцам націску, словаўтварэньнем, граматычным радам. Апроч літаратурнай лексыкі, у ім таксама шмат словаў украінскай жывой народнай мовы, а таксама словы, патрэбныя да разуменьня ўкраінскай клясычнай літаратуры.
Суаўтарка спэцыялізаваных слоўнікаў. Пры яе ўдзеле рыхтаваліся фундамэнтальныя працы зь філялёгіі: «Беларуская граматыка», «Лексікалёгія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атляс», «Лексічны атляс беларускіх народных гаворак» і іншыя. Суаўтарка нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы «Нашай Нівы» ў 5 тамах (першы зь іх выйшаў у 2003 годзе).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Валянціна Лемцюгова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.