Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь (ВАРБ) — вышэйшая вайсковая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў траўні 1995 году на аснове дзьвюх Менскіх вышэйшых вайсковых вучэльняў: інжынэрнай, якая існавала з траўня 1953 году, і каманднай, што існавала з 1980 году.
Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь | |
наркам. Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь | |
Будынак ВАРБ (2010 г.) | |
Лягатып | |
Заснаваны | 4 траўня 1953 (70 гадоў таму) |
---|---|
Тып | урадавая |
Начальнік | Генадзь Ляпешка |
Факультэтаў | 10 (2018 г.) |
Колькасьць пэрсаналу | 700 (2018 г.) |
Колькасьць студэнтаў | 2500 (2011 г.) |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 53°57′25″ пн. ш. 27°44′0″ у. д. / 53.95694° пн. ш. 27.73333° у. д. 27°44′0″ у. д. / 53.95694° пн. ш. 27.73333° у. д. |
Горад | Менск |
Краіна | Беларусь |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Гомельская вышэйшая інжынэрная радыётэхнічная вучэльня (да жніўня 1954 г.), Менская ВІРТВ (да 1955 г.), МВІРТВ супрацьпаветранай абароны (да 1968 г.), Менская вышэйшая інжынэрная зэнітная ракетная вучэльня СПА (да 1992 г.), Менская вышэйшая вайсковая інжынэрная вучэльня (да 17 траўня 1995 г.) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Вэб-сайт | varb.mil.by |
Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь |
На 2018 год ВАРБ рыхтавала афіцэраў для тактычнага, апэратыўнага і апэратыўна-стратэгічнага зьвяна. Працавала магістратура, ад’юнктура і дактарантура. Існаваў навукова-дасьледчы палігон. Штомесяц па-расейску выходзіла газэта «Час патрыётаў». Штоквартал па-расейску выпускалі «Зборнік навуковых артыкулаў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь». Налічвалася 10 факультэтаў, у тым ліку факультэт Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў і факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Курсантаў рыхтавалі цягам 4—5 гадоў для замяшчэньня першасных афіцэрскіх пасадаў з прысваеньнем званьня «лейтэнант». Сярод амаль 700 выкладнікаў звыш 200 мелі навуковыя ступені і званьні, у тым ліку налічвалася 18 прафэсараў. Аўдыторыі, клясы і лябараторыі аснашчаліся кампутарамі і прыладамі аўтаматыкі. Бібліятэка мела пераважна тэхнічную літаратуру і мела чытальні з кампутарамі для доступу ў Сеціва. Спартовыя залі мелі трэнажоры. Налічвалася звыш 10 спартовых сэкцыяў. У навучаньні пераважала цялесная падрыхтоўка. Курсантаў забясьпечвалі харчаваньнем і грашовай стыпэндыяй. Вакацыі складалі 14 дзён узімку і 30 дзён улетку. З трэцяга курсу навучэнцы пражывалі ў інтэрнаце. Пасьля заканчэньня навучаньня прадугледжвалася прафэсійнае працаўладкаваньне. Месьцілася ў Першамайскім раёне Менску пад адрасам прасп. Незалежнасьці, д. 220.
Паводле 15-га артыкула Статуту ВАРБ 2003 году, «Навучаньне ў Вайсковай акадэміі ажыцьцяўляецца на расейскай і беларускай мовах, а пры патрэбе — на замежных мовах». Згодна з 34-м артыкулам «Форма атрыманьня адукацыі ў Вайсковай акадэміі — вочная, завочная і сушукальніцтва». Паводле 37-га артыкула, «Вайсковую акадэмію ўзначальвае начальнік, якога прызначае на вайсковую пасаду і вызваляе ад яе прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь на прадстаўленьне міністра абароны». Таксама прэзыдэнт Беларусі прызначае і вызваляе ад пасады 1-га намесьніка начальніка ВАРБ і начальніка факультэту Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў. Згодна з 47-м артыкулам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляе матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне 9 з 10 факультэтаў ВАРБ. Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь забясьпечвае факультэт унутраных войскаў ВАРБ.
На 2018 год кіраваньне ВАРБ ажыцьцяўлялі начальнік Віктар Лісоўскі, 1-ы намесьнік Генадзь Лепяшко і 5 намесьнікаў па: навучальнай працы — Алег Жураўлёў, ідэалягічнай працы — Андрэй Басак, узбраеньні — Віталь Капцэвіч, матэрыяльным забесьпячэньні — Уладзімер Ярашэвіч, міжнароднай супрацы — Уладзімер Суша.
На 2018 год Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь налічвала 10 факультэтаў, у тым ліку факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў і факультэт Генэральнага штаба, на якіх рыхтавалі афіцэраў па 42 спэцыяльнасьцях.
На 2018 год у ВАРБ прымалі грамадзянаў Беларусі векам ад 17 да 21 году, якія мелі пасьведчаньне аб прынамсі агульнай сярэдняй адукацыі. Грамадзянаў, якія прайшлі вайсковую службу, прымалі векам да 23 гадоў. Дзейных вайскоўцаў-кантрактнікаў — да 25 гадоў. Абітурыенты падавалі ў прыёмную камісію ВАРБ пасьведчаньні цэнтралізаваных тэставаньняў па 3 прадметах: беларуская або расейская мова, матэматыка і фізыка. Абітурыенты, якія паступалі на ідэоляга, псыхоляга і ва ўнутраныя войскі, здавалі гісторыю Беларусі замест фізыкі. Прафэсійны адбор ажыцьцяўлялі паводле стану здароўя, цялеснай падрыхтаванасьці і душэўных якасьцяў. Папярэдне адбор праводзіла камісія Вайсковага камісарыяту раёну або гораду. Канчатковы адбор — камісія Вайсковага камісарыяту вобласьці або сталіцы. Конкурс сярод абітурыентаў праводзілі на 7 факультэтах з 9: 1) авіяцыйным, 2) агульнавайсковым, 3) вайсковай выведкі, 4) ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня (РВАРАУ), 5) сувязі і аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня (САСК), 6) супрацьпаветранай абароны (СПА), 7) унутраных войскаў.
Патрабаваньні да стану здароўя грамадзянаў, якія паступаюць у ВАРБ, прадугледжвалі адпаведнасьць наступным паказьнікам цялеснага разьвіцьця:
Цялесную падрыхтаванасьць кандыдатаў правяралі па 3 практыкаваньнях: бег на 100 мэтраў і на 1,5 км і падцягваньне на перакладзіне зь нерухомага вісу (цягам 1—2 сэкундаў) на прамых руках без рыўкоў і махавых рухаў нагамі. Цывільныя асобы мелі ў спартовым адзеньні прабегчы 100 мэтраў за 15,4 сэкунды, 1,5 км — за 6 хвілінаў і 52 сэкунды і зрабіць 6 падцягваньняў на перакладзіне. Да вайскоўцаў у спартовай вопратцы былі павышаныя патрабаваньні:
4 траўня 1953 году пачала працу Гомельская вышэйшая інжынэрная радыётэхнічная вучэльня (ГВІРТВ), якую заснавалі на аснове Гомельскай пяхотнай вучэльні (Беларуская ССР). У жніўні 1954 году ГВІРТВ перавялі ў Менск. У 1955 годзе назву зьмянілі на Менская ВІРТВ супрацьпаветранай абароны (МВІРТВСПА). У 1956 годзе запрацавала ад’юнктура. У 1967 годзе пачала дзейнічаць рада па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў, у 1978 годзе — рада па абароне доктарскіх дысэртацыяў. У 1968 годзе ў сувязі за зьменай кірунку навучаньня атрымала назву Менская вышэйшая інжынэрная зэнітная ракетная вучэльня супрацьпаветранай абароны (МВІЗРВСПА). У 1992 годзе стала называцца Менскай вышэйшай вайсковай інжынэрнай вучэльняй (МВВІВ). У 1993 годзе зьявілася дактарантура. Да 1995 году МВВІВ падрыхтавала ў ходзе 39 выпускаў звыш 14 тысячаў вайсковых інжынэраў , зь іх звыш 3000 адмыслоўцаў (21%) для 16 дзяржаваў Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі і Эўропы.
17 траўня 1995 году прэзыдэнт А.Лукашэнка падпісаў Указ № 192 «Аб стварэньні Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь» (ВАРБ) на аснове 2 Менскіх вышэйшых вайсковых вучэльняў — інжынэрнай і каманднай, заснаванай 10 траўня 1980 году. 25 сакавіка 2003 году А.Лукашэнка падпісаў Указ № 127 «Аб зацьвярджэньні Статуту ўстановы адукацыі «Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь», паводле якога стаў прызначаць яе начальніка і яго 1-га намесьніка. 4 студзеня 2004 году ў ВАРБ стварылі факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. У 2006 годзе адчынілі факультэт Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў. На верасень 2010 году існавала 9 факультэтаў: 1) Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, 2) камандна-штабны, 3) агульнавайсковы, 4) сувязі і аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня, 5) супрацьпаветранай абароны, 6) авіяцыйны, 7) падрыхтоўкі замежных вайскоўцаў, 8) павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 9) вайскова-дыпляматычны. Сярод выкладнікаў узнагароды і навуковыя званьні атрымлівалі: 4 ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР — В.П. Андрухаў, Ю.А. Баценькаў, У.П. Даўгоў і Ц.І. Шаломенцаў; 2 сябры-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — М.В. Арцем’еў і Аляксандар Шырокаў; заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларусі А.Я. Ахрыменка і заслужаны вынаходнік Беларусі М.М. Сьлюсар; 2 заслужаныя рацыяналізатары Беларусі В.Я. Авяр’янаў і Г.П. Маскін; 3 ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі — Ю.Д. Кулікоў, В.А. Мішчанка і М.М. Буйноў; заслужаны дзяяч навукі Беларусі В.В. Круглікаў.
У 2012 годзе ўрад Беларусі пастанавіў навучаць у ВАРБ бясплатна таджыцкіх афіцэраў, якія служаць на мяжы з Аўганістанам. 19 жніўня 2013 году, пасьля 3 тыдняў агульнавайскавой падрыхтоўкі, 356 курсантаў Вайсковай акадэміі Беларусі атрымалі першыя пагоны і прынесьлі клятву на вернасьць Беларусі. Зь іх 43 чалавекі (12%) накіравалі ў ВНУ Расеі і траіх — у Акадэмію МУС Беларусі. У той самы дзень пры акадэміі адчынілі спартовы комплекс з 2 басетбольнымі і валейбольнымі пляцоўкамі і полем для міні-футболу. 1 верасьня 2013 году 346 (61%) з 570 грамадзянаў Беларусі, якія паступілі на вайсковыя факультэты, прынялі вайсковую прысягу ў Вайсковай акадэміі. У Акадэміі рыхтавалі афіцэраў па 19 спэцыяльнасьцях для Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага пагранічнага камітэту, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. ВАРБ налічвала звыш 700 выкладнікаў, зь якіх 230 мелі навуковыя ступені і званьні. У верасьні 2013 году на выпускнікоў ВАРБ прыпала звыш паловы прафэсійных афіцэрскіх прызначэньняў у 72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар (Барысаў, Менская вобласьць).
24 чэрвеня 2016 году сярод 24 слухачоў факультэту Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў (ГШУС) і 81 выпускніка камандна-штабнога факультэту ВАРБ было 12 залатых мэдалістаў і 22 уладальнікі дыплёмаў з адзнакай. Пагатоў 60% навучаньня склалі практычныя заняткі. З факультэта ГШУС адбыўся 7-ы выпуск вайскоўцаў з Казахстану і 3-і — з Туркмэністану. З Казахстану на факультэце навучаліся начальнік нацыянальнай бясьпекі і камандавальнікі акругамі і сухапутнымі войскамі. З Туркмэністану — міністар абароны, начальнік Генэральнага штабу і намесьнікі міністра па тыле і па ўзбраеньні. На 2018 год Вайсковая акадэмія Беларусі выпусьціла звыш 39 000 афіцэраў, зь іх звыш 4000 адмыслоўцаў (11%) для замежных войскаў. Сярод каля 1500 абітурыентаў, якія прыйшлі ў сакавіку, 2% ня вытрымалі нагрузкі пачатковага курсу падрыхтоўкі. Адмыслоўцаў рыхтавалі па 42 спэцыяльнасьцях.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.