Ара́бская мо́ва (па-арабску: اللغة العربية) — належыць да сэміцкай галіны афразійскай сям’і моваў, да паўднёвай галіны сэміцкіх моваў.
Колькасьць тых, хто гаворыць на арабскай мове і ейных варыянтах складае 250 млн чалавек (2000). Пісьмовасьць на аснове арабскага альфабэту. Афіцыйная і працоўная мова Генэральнай Асамблеі ААН і некаторых іншых органаў ААН. Афіцыйная мова ўсіх арабскіх краінаў, Самалі, Джыбуці. Арабская мова шырока выкладаецца ў школах і ўнівэрсітэтах і выкарыстоўваецца ў рознай ступені на працоўных месцах, урадзе і ў сродках масавай інфармацыі. Гэта мова ў сваёй стандартнай форме зьяўляецца дзяржаўнай для 26 краінаў сьвету, а таксама ёсьць літургічнай мовай ісламу, паколькі Каран і Гадыс былі напісаныя на арабскай мове.
У Сярэднявеччы арабская мова мела значны ўплыў у Эўропе, асабліва ў галіне навукі, матэматыкі і філязофіі. У выніку шматлікія эўрапейскія мовы таксама запазычылі шмат словаў яь яе. Уплыў арабскае мовы, галоўным чынам на лексыку, назіраецца ў эўрапейскіх мовах — у асноўным, гішпанскай і ў меншай ступені партугальскай і каталянскай, дзякуючы суіснаваньню хрысьціянаў-эўрапейцаў і мусульманаў-арабаў напрацягу амаль 800 год на Пірэнэйскім паўвостраве. У сыцылійскім рэгіёне мясцовыя дыялекты італьянскае мовы маюць каля 500 запазычаных арабскіх словаў, многія зь якіх зьвязаны зь сельскагаспадарчай дзейнасьцю. Гэта ёсьць спадчынай існаваньня Сыцылійскага эмірату зь сярэдзіны IX па сярэдзіну X стагодзьдзяў, у той час як мальтыйская мова зьяўляецца сэміцкай мовай, распрацаванай з арабскага дыялекту, але запісанай лацінкай. Балканскія мовы, уключаючы грэцкую і баўгарскую, таксама набылі значную колькасьць арабскіх словаў праз пасярэдніцтва асманскае турэцкае мовы.
Гукавы склад багаты на зычныя і бедны галоснымі. З зычных адметныя гартанныя (выбуховы «’», прыдыханьне «h», рэзкі шэпт «h2») і эмфатычныя. Галосных тры — «a, i, u»; пад уплывам колькасьці ці суседніх зычных узьнікаюць адценьні «е, э, о», але бяз сэнсавых адрозьненьняў. Фармальны склад багаты на ўнутранае ўтварэньне (флексію) і бедны на вонкавае (прыставачнае).
Дзеля геаграфічнай працягласьці лексыка арабскай мовы вельмі разнастайная, з мноствам запазычаньняў. Вельмі многія культурныя паняткі з старажытнасьці запазычаныя з арамэйскай мовы, напр. tâba — «раскайвацца» (|| араб. thâba — «вяртацца»), kataba — «пісаць» (|| араб. kataba — «шыць»).
Літаратурная мова надзвычай моцна аддаленая ад размоўнай. Таму многія дыялекты могуць уважацца асобнымі мовамі. Праўда, нягледзячы на спробы апрацоўкі некаторых гаворак (асабліва сырыйскай і эгіпецкай) у мэтах стварэньня на іх падставе літ. моваў, гэта маргінальныя зьявы, бо літаратурная арабская мова ёсьць вялікай культурнай, рэлігійнай і палітычнай сілай, асабліва сярод мусульманаў, а гаворкі маюць толькі лякальнае значэньне. Адзіным выняткам стала Мальта, дзе мальтыйцы (па-паходжаньні арабы-хрысьціяне), цалкам адасобленыя ад ісламскага сьвету стварылі на аснове італьянізаванага дыялекту мальтыйскую мову, маюць сваю літаратуру і СМІ на ёй.
Сучасная размоўная арабская распадаецца на 5 групаў дыялектаў, якія фактычна ёсьць асобнымі мовамі зь лінгвістычнага гледжаньня:
Першая належыць да заходняй групы, астатнія — да ўсходняй групы арабскіх моваў/дыялектаў.
Арабізмы ў эўрапейскіх мовах бываюць альбо з гішпанскай мовы, вельмі насычанай арабізмамі (яны складаюць да 10 адсоткаў усёй лексыкі) з часоў мусульманскай дзяржаўнасьці гэтай краіны (як то, азымут, алідада, алькаголь, зэніт, надыр), ці беспасярэдне з Блізкага Ўсходу (як то візыр, султан, халіф, шэйх, эмір).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Арабская мова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.