Анатоль Сьцяпанавіч Вялюгін (27 сьнежня 1923 году, Машканы, Сеньненскі раён, Віцебская вобласьць — 24 кастрычніка 1994 году) — беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык.
Заслужаны дзяяч культуры Беларусі (1969).
Анатоль Вялюгін | |
Анатоль Сьцяпанавіч Вялюгін | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 сьнежня 1923 в. Машканы Сеньненскага раёну |
Памёр | 24 кастрычніка 1994 (70 гадоў) Менск |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык |
Мова | беларуская мова |
Прэміі | Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1964), Дзяржаўная прэмія БССР (1968) |
Узнагароды | Ордэн Айчыннай вайны I ступені |
Нарадзіўся ў сям’і фэльчара. У 1939—1940 гадах будучы студэнтам літаратурнага факультэту Менскага пэдагагічнага інстытуту, працаваў у рэдакцыі газэты «Звязда». Зь верасьня 1941 вучыўся ў Сьвярдлоўскім пэдагагічным інстытуце. У 1942 прызваны ў Чырвоную Армію, вучыўся ў Лугінскай авіяшколе, удзельнічаў у баях на Сталінградзкім фронце. У 1943 быў паранены, доўгі час знаходзіўся на лячэньні ў шпіталі. У 1945—1946 г — літсупрацоўнік у газэце «Літаратура і мастацтва». У 1948 г. скончыў завочна Менскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у прэсе, у 1946—1984 гадах зь невялікімі перапынкамі працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Член Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1946.
Друкаваўся з 1934. Першы зборнік вершаў «Салют у Менску» (1947). Актыўна выступаць зь вершамі пачаў з 1938. Лірыка А. Вялюгіна — дасягненьне беларускай паэзіі. Яго творчасьці ўласьцівы яркая мэтафарычнасьць, асацыятыўная вобразнасьць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі А. Вялюгіна шчырае апяваньне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаваньні ваеннага ліхалецьця, разнастайныя грамадзянскія і інтымныя пачуцьці сучасьніка: зборнікі «Негарэльская арка» (1949), «На подступах» (1952), «На зоры займае» (1958), «Насьцеж» (1960), «Адрас любві» (1964, выбранае), «Вершы і баляды» (1969), «Верасовы ўзятак» (1974), «Песьня зялёнага дуба» (1989), «3 белага каменьня — сіняе пламеньне» (1993), патрыятычныя матывы («Прызнаньне ў любові»), пантэістычнае стаўленьне да прыроды («Сьпелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэвалюцыйную тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963).
Аўтар паэтычных зборнікаў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967).
Па яго сцэнарах пастаўлены мастацкі двухсэрыйны тэлефільм «Рэха ў пушчы» (1977), мастацкі фільм «Глядзіце на траву» (1985) і 40 дакумэнтальных фільмаў: «Дарога без прывалу» (1964, з Р. Няхаем), «Балада пра маці» (1965), «Бацька Нёман» (1966), «Арліная крыніца» (1966), «Генэрал Пушча» (1967), «Белая вежа» (з С.Сплашновым, 1968), «Там, за ракой — Дзяржынава» (1968), «Агонь» (1969), «Таямніца Івянецкай пушчы» (1970), «Я — крэпасьць, вяду бой» (1972), «А зязюля кукавала» (1972), «Магілёў — дні і ночы мужнасьці» (1974), «Гарызонты дарог» (1977), «Навальнічная далеч памяці» (1985) і інш.
У перакладзе А. Вялюгіна на беларускую мову асобнымі выданьнямі выйшлі: М. Лермантаў «Каўкаскі палоньнік» і «Баярын Орша» (паэмы, 1950), Ю. Тувім «Падарунак дзецям» (1956, з С. Дзяргаем), Э. Межэлайціс «Паэма братэрства» (з М. Калачынскім, 1958); кнігі для дзяцей П. Варанько «Хлопчык Памагай» (1958), Д. Белавус «Птушыныя галасы» (1960); паэмы М. Нагнібеда «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў паасобныя вершы У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага і інш. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і мэдалямі. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за паэму «Вецер з Волгі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за кінасцэнарый «Генэрал Пушча».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Анатоль Вялюгін, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.