Адэ́са (па-ўкраінску: Одеса) — места на поўдні Ўкраіны, на ўзьбярэжжы Чорнага мора.
Адміністрацыйны цэнтар Адэскай вобласьці. Па колькасьці жыхароў (1 017 699 чал. на 2020 год) зьяўляецца трэцім местам у краіне (пасьля Кіева ды Харкава).
Адэса | |||||
укр. Одеса | |||||
Опэрны тэатар | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1415 | ||||
Горад з: | 1794 | ||||
Былыя назвы: | Кацюбееў, Качыбей | ||||
Мясцовая назва: | Паўднёвая Пальміра, Паўднёвая сталіца | ||||
Краіна: | Украіна | ||||
Вобласьць: | Адэская | ||||
Мэр: | Генадій Труханов | ||||
Плошча: | 236,9 км² | ||||
Вышыня: | 53 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва | |||||
колькасьць: | 1 017 699 чал. (2020) | ||||
шчыльнасьць: | 4295,9 чал./км² (2020) | ||||
нацыянальны склад: | украінцы — 61,6% расейцы — 29% баўгары — 1,7% габрэі — 1,2% малдаване — 0,7% беларусы — 0,6% (2001) | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +380 48 | ||||
Паштовыя індэксы: | 65000—65480 | ||||
Нумарны знак: | BH, НН / 16 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 46°26′0″ пн. ш. 30°47′0″ у. д. / 46.43333° пн. ш. 30.78333° у. д. 30°47′0″ у. д. / 46.43333° пн. ш. 30.78333° у. д. | ||||
Адэса | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт места (укр.) |
Адэса — найбуйнейшы марскі порт Украіны, вузел чыгунак і аўтамабільных дарог E58, E87, E95, E581.
Упершыню згадваецца ў 1415 годзе року пад назвай Кацюбееў як галоўны чарнаморскі порт Вялікага Княства Літоўскага, які паводле найбольш абгрунтаванай на цяперашні час навуковай вэрсіі заснаваў вялікі князь Вітаўт.
Паводле адной з навуковых гіпотэзаў сваю першапачатковую назву «Кацюбееў» места атрымала ад імя руска-вялікалітоўскага магната Кацюбы-Якушынскага, які па далучэньні гэтых зямель да Вялікага Княства Літоўскага перасяліў сюды сваіх сялянаў. Дадзеную вэрсію высунуў польскі дасьледнік Марыян Дубянецкі на падставе пазьнейшых (сяр. XVІ ст.) зьвестак пра нашчадка гэтага меркаванага шляхціча — Барыса Кацюбу (Качубу), які валодаў сялом Якушын каля Віньніцы.
Іншае гледзішча на паходжаньне назвы Кацюбееў зыходзіць з факту наяўнасьці ў XV ст. на Падольлі сяла Кaczebіjow, якое належала шляхецкаму роду Язлавецкіх. Паколькі і чарнаморскі Кацюбееў першапачаткова таксама належаў Язлавецкім, цалкам магчыма, што падольскія перасяленцы маглі назваць новае места ў гонар роднага сяла. Гэтая вэрсія на сёньняшні дзень зьяўляецца найбольш імавернай.
Пазьнейшую турэцкую назву Хаджыбэй часам тлумачаць з турэцкай мовы як «князь, што пабываў у Мэцы».
Назву Адэса месту надалі ў гонар грэцкай калёніі Адэсос, якую тады памылкова прымяркоўвалі ад Адэскай затокі. Пазьней археолягі знайшлі гэтую калёнію непадалёк ад места Варна ў Баўгарыі.
Ад другой паловы XIV ст. мясцовасьць, на якой знаходзіцца сучасная Адэса, уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1415 рокам упершыню згадваецца партовае места Кацюбееў (Качыбей), якое да канца XV ст. зрабілася значным гандлёвым цэнтрам.
На мяжы XV і XVI стагодзьдзяў Кацюбееў захапілі і зруйнавалі татары. У 1578 року пасланец Рэчы Паспалітай у Крымскае ханства Марцін Бранеўскі бачыў руіны «Кацюбеева гарадзішча, як абпаўшай зямлі, што абмываецца шырокім возерам, якое знаходзіцца каля мора». Турэцкі падарожнік Эўлія Чалябі, які ў 1657 року праяжджаў праз тэрыторыю Качыбею, зазначаў у сваіх нататках, што колішняя вялікалітоўская фартэцыя патрабуе толькі нязначнага рамонту
З канца XVII ст. новыя турэцкія гаспадары пачалі трымаць у Качыбею (Хаджыбэю) невялікую флятылію, а ў 1764 року аднавілі мураваны Вітаўтаў замак, надаўшы яму новую назву Эні-Дунья. У 1789 року фартэцыю занялі расейскія войскі.
Згодна зь Яскай мірнай дамовай 1792 року Хаджыбэй адыйшоў да Расейскай імпэрыі. У 1795 року места перайменавалі ў Адэсу і пачалі будаваць умацаваньні, порт ды вайсковую базу.
У 1797—1802 гады Адэса ўваходзіла ў склад Новарасейскай губэрні. З 1805 року — адміністрацыйны цэнтар Новарасейскага краю. З 1825 року — павятовае места Хэрсонскай губэрні.
У XIX ст. Адэса зрабілася значным культурным цэнтрам (заснаваны Рышэльеўскі ліцэй, 1817, ператвораны ў Новарасейскі ўнівэрсытэт ў 1865 року, Адэскае таварыства гісторыі і старажытнасьцяў, 1839, і г. д.).
Ад 1920 року ў Адэсе замацавалася савецкая ўлада. Падчас Другой сусьветнай вайны з 16 кастрычніка 1941 па 9 красавіка 1944 року места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
З 1991 року Адэса ў складзе незалежнай Украіны.
2 траўня 2014 году ў выніку супрацьстаяньня паміж супернікамі і прыхільнікамі Эўрамайдану ў Адэсе загінула, па розных зьвестках, ад 44 да 300 чалавек.
Нацыянальны склад насельніцтва Адэсы (паводле перапісу, праведзенага ў 2001 року): 61,6% украінцаў, 29,0% расейцаў, 1,3% баўгараў, 1,2% габрэяў, 0,7% малдаванаў, 0,6% беларусаў, 0,4% армянаў, 0,2% палякаў.
украінская мова | расейская | баўгарская | малдаўская | армянская |
---|---|---|---|---|
30,41% | 64,75% | 0,36% | 0,25% | 0,18% |
Адэса зьяўляецца найбуйнейшым марскім портам Украіны, у якім перагружаць збожжа, цукар, вугаль, нафтапрадукты, цэмэнт, мэталы, джут, драўніну, прадукцыю машынабудаўнічай прамысловасьці.
Асноўныя галіны прамысловасьці — гэта перапрацоўка нафты, машынабудаваньне, суднабудаваньне і суднарамонт, харчовая і алькагольная, дрэваапрацоўчая і хімічная прамысловасьць.
Рынак прамысловых тавараў «7-ы кілямэтар» (афіцыйна «Авангард») паблізу Адэсы зьяўляецца найбуйнейшым гандлёвым комплексам ва Ўсходняй Эўропе.
Адэса — папулярны турыстычны цэнтар Украіны. У ім ёсьць марскія пляжы, лячэбныя гразі ліманаў, мінэральныя крыніцы. У горадзе разьмешчаныя шматлікія гатэлі, базы адпачынку і санаторыі, арыентаваныя пераважна на расейскамоўных турыстаў. У Адэсе знаходзяцца каля двух дзясяткаў музэяў. Найвядомейшай архітэктурнай пэрлінай места зьяўляюцца Пацёмкінскія сходы, якія маюць 192 прыступкі. Іх пабудаваў граф Міхаіл Варанцоў, генэрал-губэрнатар Наваросіі, Бэсарабіі і Каўказу, які зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё места. Сходы каштавалі 800 тыс. рублёў і былі падараваныя яго жонцы Лізавеце Ксавер’еўе. У савецкі час сходы перайменавалі ў гонар паўстаньня на браняносцы «Пацёмкін» ў 1905 року (да рэвалюцыі сходы называліся Рышэльеўскімі). Будаўніцтва гэтых гіганцкіх сходаў вялося ад 1837 да 1841 року. Аўтарам праекту быў архітэктар Франц Бафо, які дбайна распрацаваў прапорцыі збудаваньні.
За Пацёмкінскімі сходамі пачынаецца Прыморскі бульвар, уздоўж якога месьцяцца прыгожыя архітэктурныя ансамблі. Тут знаходзіцца помнік расейскаму паэту А. Пушкіну. Вялікі масіў займае Цэнтральны парк культуры і адпачынку імя Т. Шаўчэнкі, былы Аляксандраўскі парк.
Ня меншай славутасьцю места зьяўляецца вуліца Дэрыбасаўская, якая атрымала сваю назву ад імя заснавальніка места Хасэ дэ Рыбаса, а таксама прылеглая да яе Грэцкая плошча.
У лютым — сакавіку 1825 року ў Адэсе па адрасе Дэрыбасаўская, 16 жыў Адам Міцкевіч.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Адэса, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.