Або́льцы — вёска ў Беларусі, на рацэ Абалянцы.
Цэнтар сельсавету Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 327 чалавек. Знаходзяцца за 36 км ад Талачына, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Лемніца.
Абольцы лац. Abolcy | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Талачынскі |
Сельсавет: | Аболецкі |
Насельніцтва: | 327 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2136 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°35′40.0″ пн. ш. 29°49′42.2″ у. д. / 54.594444° пн. ш. 29.828389° у. д. 29°49′42.2″ у. д. / 54.594444° пн. ш. 29.828389° у. д. |
± Абольцы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Абольцы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), адна з найстарэйшых рымска-каталіцкіх парафіяў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Абольцы ўтварыўся ад летувіскага слова obuolys — 'яблыня, яблыневы'. Тым часам дасьледнік Зьдзіслаў Сіцька зьвяртае ўвагу на падобныя назвы ў заходнеславянскай Мэкленбургіі: Dorf Woblitz-See, Оblisko, Dorf Wabel, Оblіса, Antiqua Wobele. Як паралелі да асновы, ад якой утварылася назва Абольцы, ён падае стараславянскае obli, палабскае voblo.
Першы пісьмовы ўпамін пра Абольцы датуецца 1385 годам, калі вялікі князь Ягайла заснаваў тут касьцёл (адзін зь першых на тэрыторыі Беларусі). У 1386 годзе Ягайла перадаў Абольцы ў вена сваёй жонцы Ядвізе. Маёнтак ляжаў непадалёк ад вотчыны князёў Друцкіх. У грамаце Ягайлы 1387 году для касьцёла ў Абольцах зазначалася, што гэты касьцёл быў адным зь першых, заснаваных «у Літоўскай зямлі». Пад назвай Оболчи паселішча ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) сярод «літоўскіх» замкаў. Адпаведны горад значыцца пры ўзьвядзеньні на сталец Сьвідрыгайлы (1430 год). Даўні замак знаходзіўся ў Старых Абольцах, за 1 км ад цэнтру сучаснай вёскі.
У XV — пачатку XVI стагодзьдзя Абольцы былі цэнтрам павету Віцебскай зямлі (ваяводзтва). Захаваліся некалькі прывілеяў вялікага князя Казімера, у якіх ён перадаваў баярам тутэйшую маёмасьць. Многія сяляне — жыхары павету — мелі меркавана балтыйскія імёны. Гэта дало падставы гісторыку Ежы Ахманскаму сьцьвярджаць, што тут з даславянскіх часоў захаваўся абшар неасыміляваных балтаў. Аднак больш імаверным выглядае меркаваньне пра перасяленьне ў Абольцы насельніцтва з балтыйскага захаду Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XV стагодзьдзя паселішча атрымаў сын прыбылага з Масквы князя I. Шамячыча (Сямён, потым Васіль). Па вяртаньні В. Шамячыча ў Маскву (каля 1500 году) намесьнікамі ў Абольцах былі Юры Глябовіч, князь Фёдар Заслаўскі (1504 год), Міця Іванавіч (1510 год), князь В. Друцкі-Сакалінскі. Пазьней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў маёнтак сваёй жонцы Боне. Яе намесьнікамі былі Кірдзей Грычанавіч (1530—1532) і М. Клочка (1533—1543).
Да сярэдзіны XVI стагодзьдзя Абольцы страцілі былое значэньне. У 1543 годзе каралева і вялікая княгіня Бона зьмяняла мястэчка (разам з суседнімі Смалянамі) на замак Ковель, што належаў князю Васілю Сангушку. 3 гэтага часу Абольцы надоўга ўвайшлі ў Смалянскі маёнтак Сангушкаў. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Аршанскага павету. Паводле інвэнтару Смалянаў 1594 году, фальварак Абольцы налічваў 20 службаў сялянаў (пра мястэчка зьвесткі адсутнічаюць).
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Абольцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Копыскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1809 годзе ў мястэчку збудавалі новы касьцёл. На 1885 год тут было 60 дамоў. У пачатку XX ст. існавалі аднайменныя мястэчка (91 дом, касьцёл, царква), вёска (26 дамоў) і фальварак Абольцы, якім валодалі Зарэцкія.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Абольцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Абольцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Абольцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Коханаўскага раёну (з 8 ліпеня 1931 году ў Талачынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі.
У 1960 годзе савецкія ўлады зруйнавалі тутэйшы касьцёл. На 1969 году ў Абольцах было 80 двароў, на 1992 год — 150, на 1994 год — 156. У 2000-я гады Абольцы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
У Абольцах працуюць сярэдняя школа, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Абольцы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.