ІКАМОС — Міжнаро́дная Ра́да па пыта́ньнях по́мнікаў і гістары́чных мясьці́наў.
На сёньня ІКАМОС адзіная міжнародная грамадзкая арганізацыя, дзейнасьць якой скіравана на падтрымку і прасоўваньне тэорыі, мэтадалёгіі і навуковых тэхналёгіяў у кансэрвацыі архітэктурнай і археалягічнай спадчыны.
Устаноўчы кангрэс ІКАМОС адбыўся ў ліпені 1965 году ў Польшчы, праз год пасьля падпісаньня Вэнэцыянскай хартыі. ІКАМОС надае прыярытэтнае значэньне працы, зьвязанай з Канвэнцыяй Сусьветнай спадчыны, каб яе ўнікальныя навуковыя і прафэсійныя рэсурсы былі даступныя ўсім краінам, усяму чалавецтву.
Дзейнасьць ІКАМОС рэгулюецца Статутам, прынятым на V Генэральнай асамблеі ў 1978 годзе ў Маскве.
Адзін раз на тры гады адбываюцца Генэральныя асамблеі ІКАМОС. На ёй абіраюцца прэзыдэнт, віцэ-прэзыдэнт, скарбнік і генэральны сакратар, якія складаюць Бюро, таксама абіраецца Выканаўчы камітэт з 12 сяброў. Камітэт зьяўляецца органам кіраваньня ІКАМОС, ён рыхтуе праграмы, бюджэт, курыруе буйныя рэгіёны, рэгіструе міжнародныя і нацыянальныя камітэты, аналізуе дзейнасьць па ахове помнікаў і мясьцінаў на сэсіях. У структуру ІКАМОС таксама ўваходзіць Кансультацыйны камітэт, які складаецца са старшыняў нацыянальных і міжнародных камітэтаў. У Парыжы знаходзіцца штаб-кватэра арганізацыі і дзейнічае Міжнародны цэнтар дакумэнтацыі ІКАМОС (створаны ў 1972 годзе). Арганізацыя выдае штоквартальнік «ICOMOS information».
Нацыянальныя і міжнародныя камітэты адказваюць за арганізацыю штогадовых сэмінараў, канфэрэнцый, якія адбываюцца ў розных частках сьвету. На сучасны момант у склад арганізацыі уваходзяць блізу 7000 асоб і арганізацый, у 110 краінах існуюць Нацыянальныя камітэты. Апошні ствараецца пры наяўнасьці 5 асоб, аб’яднаных статутам.
У ІКАМОС па асобных пытаньнях функцыянуюць навуковыя камітэты:
З моманту зацьвярджэньня «Канвэнцыі аб ахове сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны» ЮНЭСКО ў 1972 годзе ІКАМОС робіцца адным з афіцыйных кансультатыўных органаў Камітэту культурнай спадчыны ЮНЭСКО разам з такімі арганізацыямі, як Сусьветны саюз кансэрватараў (IUCN) і Міжнародны цэнтар вывучэньня захаваньня і рэстаўрацыі помнікаў (ІССRОМ).
Пачынаючы з Генэральнай асамблеі ў Нямеччыне (1984) дзейнасьць арганізацыі выйшла за межы Эўропы. Наступная Генэральная асамблея адбылася ў ЗША, у 1993 — у Азіі, у 2003 — у Афрыцы.
18 студзеня 2002 году ў Менску адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя па стварэньні Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Міжнародная Рада помнікаў і гістарычных мясьцінаў» (ІКАМОС). Паводле прынятага статуту яе галоўнай мэтай стала садзеяньне на нацыянальным і міжнародным узроўні ахове, рэстаўрацыі, рэгенэрацыі гісторыка-культурнай спадчыны, найперш, архітэктурных помнікаў, ансамбляў, груп будынкаў, цэнтраў гістарычных забудоў, мэмарыяльных сядзіб, гарадзкіх абшараў, прыродных ляндшафтаў і культурных краявідаў. Старшынём быў абраны Уладзімер Гілеп, які адначасова зьяўляецца старшынём Беларускага фонду культуры.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Міжнародная Рада па пытаньнях помнікаў і гістарычных мясьцінаў, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.