Аўкшто́та, пазьней Аўкшта́йція (Аўкштайтыя, лет.
Aukštaitija) — сучасны этнаграфічны рэгіён Летувы, які знаходзіцца на паўночным усходзе краіны, у басэйне ракі Вяльлі. Ня мае статусу палітычнай або адміністрацыйнай адзінкі, аднак улады Летувы зацьвердзілі яго межы на афіцыйным узроўні. Паводле летувіскіх мовазнаўцаў, на гэтай тэрыторыі ўжываецца адна зь дзьвюх дыялектных групаў летувіскай мовы — аўкштайцкая. Насельніцтва рэгіёну летувіскія этнографы вылучаюць у асобную этнаграфічную групу аўкштайтаў. Лічыцца гістарычным цэнтрам Летувіскай дзяржавы.
Аўкштота | |
Герб | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Летува |
Статус | Афіцыйны этнаграфічны рэгіён |
Адміністрацыйны цэнтар | Панявеж |
Месцазнаходжаньне | |
Код аўтам. нумароў | LT |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Аўкштота — назва памежнай тэрыторыі ў часы змаганьня Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі за Жамойць, вядомая выняткова зь нямецка- і лацінамоўных крыніцаў (1323—1420 гады). Знаходзілася на поўнач ад ракі Вяльлі, паабапал ракі Сьвятой і ахоплівала Вількамір, Уцяну, Таўрагіны, Больнікі, Маляты, Дубінкі, Гедройцы, Немянчын, Кернаў, Шашолы, Пабойск, Рогава, Кейданы, Шаты, Жэймы, Кульву, Ворлаву і Коўну. Не атаясамлівалася з уласна Літвой (азначаная тэрыторыя суадносіцца з пазьнейшым харонімам XVI ст. «Завялейская Літва»).
Назва «Аўкштота» паходзіць з балтыйскіх моваў: магчыма, гэтую назву ўтварылі мясцовыя насельнікі балтыйскага паходжаньня, або, паводле вялікага князя Вітаўта, адпаведную зямлю так называлі жамойты.
Паводле афіцыйна прынятай у Летуве вэрсіі, назва Аўкштоты ўтварылася празь яе разьмяшчэньне на ўзвышшы ў параўнаньні з Жамойцю (што ў выпадку межаў афіцыйнага этнаграфічнага рэгіёну цалкам супярэчыць рэльефу мясцовасьці) — ад летувіскага слова aukštas, якое азначае 'высокі'. Падобную этымалёгію самой назвы (але без адсылкі да Жамойці) сьцьвердзіў у 1820 годзе пруска-летувіскі пастар Людвік Рэза(ru), камэнтуючы ўжытую Мацеем Стрыйкоўскім назву Austechiam (пры цытаваньні вытрымкі з Хронікі Прускай зямлі пра падзеі 1294—1300 гадоў) датычна «морскай правінцыі», якая «пад гэтай назвай улучала ўсю тэрыторыю Жамойці і Куроніі, прылеглыя да Балтыйскага мора» і «якая цяпер завецца Angsztyta ('высокае месца')».
На думку гісторыка Вячаслава Насевіча, назву «Аўкштота», магчыма, утварылі штучна (паводле аналёгіі з агучанай пазьней у палітычных мэтах этымалёгіяй назвы Жамойці), каб падмацаваць правы вялікіх князёў літоўскіх на Жамойць.
Назва «Аўкштота» сустракаецца ў некалькіх лацінамоўных і нямецкамоўных хроніках і афіцыйных дакумэнтах, тым часам няма ніводнага ўпаміну пра яе ў дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага ў афіцыйнай беларускай мове, у літоўскіх (беларускіх) летапісах, у апісаньнях Літвы замежнымі падарожнікамі і візытантамі двара вялікіх князёў у Вільні, у афіцыйным ліставаньні з Ватыканам. Усё гэта сьведчыць пра тое, што Аўкштота, з усяго відаць, азначала невялікую памежную паласу (усходнюю частку Жамойці), якая ня мела вялікага значэньня.
Рускія летапісы, якія ведаюць назву «Літва» зь сярэдзіны XI ст. і падрабязна апісваюць дачыненьні Русі з суседнімі (у тым ліку балтыйскімі) плямёнамі, не ўпамінаюць Аўкштоты. Галіцка-Валынскі летапіс, які лічыцца адной з найважнейшых крыніцаў з гісторыі ліцьвінаў, жамойтаў, яцьвягаў і прусаў у XIII ст. і генэзы Вялікага Княства Літоўскага, таксама не ўпамінае Аўкштоты. Аўтар лацінамоўнага трактату «Апісаньня земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., які быў на каранацыі Міндоўга, упамінае Жамойць, Літву, Нальшчаны, Яцьвезь, але таксама не ўжывае назвы «Аўкштота». Гэты ж аўтар засьведчыў, што Літва знаходзілася паміж Жамойцю і Русьсю і што гэта была асобная зямля (а не агульнае найменьне Жамойці, Нальшчанаў і г. д.).
Першы пісьмовы ўпамін пра Аўкштоту зьмяшчаецца ў мірнай дамове ад 2 кастрычніка 1323 году, складзенай Гедзімінам, каралём Літвы (ням. «Gedеminne, de koning van Lethowen»), з магістрам Лівонскага ордэну, рыскім арцыбіскупам і месьцічамі Рыгі, а таксама з намесьнікам караля Даніі ў Эстоніі: «…з нашага боку зямля Аўкштота і Жамойць, Пскоў і ўсе [землі] русаў, якімі мы валодаем» (ням. «...van unser wegene dat lant to Eusteythen unde Sameyten, Plessekowe unde alle der Russen, de under uns besethen sin»).
Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што ў гэтым афіцыйным дакумэнце, хоць і ўпамінаюцца землі Аўкштоты і Жамойці, але сам вялікі князь Гедзімін тытулюецца як «кароль Літвы». Увогуле, ніводны зь вялікіх князёў літоўскіх ніколі не тытуляваўся «князем Аўкштоты».
У пагадненьні адзначаліся памежныя «мірныя зоны», да якіх залічвалася Жамойць і Аўкштота, Пскоўская зямля ды іншыя «землі русаў», падпарадкаваныя Гедзіміну. З гэтага вынікае, што Аўкштота не атаясамлівалася з уласна Літвой і была адной зь «мірных зонаў», прылеглых да межаў Лівонскага ордэну.
Як паказвае Павал Урбан, невядомы аўтар хронікі недакладна датаваў падзеі, сьцьвярджаючы пра складаньне па 1342 годзе мірнага пагадненьня паміж магістрам Лівонскага ордэну Эвэргардам з Мунгайму (памёр у 1340 годзе) і «каралём Аўкштоты і Жамойці». Напраўду справа тычылася гандлёвага пагадненьня 1338 году, аформленага з «магістрам Лівоніі» ад імя «Гедзіміна, караля Літвы», таму прыведзены тытул — з усяго відаць, памылка аўтара.
Як зазначае Павал Урбан, калі б Аўкштота ў тым часе дзяржаўна атаясамлівалася з уласна Літвой, то «ліцьвіны з Аўкштоты» ня мелі б патрэбы з «Аўкштоты-Літвы» зноў перасяліцца ў Літву.
Апошні гістарычны ўпамін пра Аўкштоту зьмяшчаецца ў лісьце вялікага князя Вітаўта да імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонта Люксэмбурскага ад 11 сакавіка 1420 году (беларускі пераклад даецца паводле Вацлава Пануцэвіча, які меў грунтоўную філялягічную падрыхтоўку):
Але паколькі Жамойць ёсьць зямлёй ніжэйшай да зямлі Літвы, таму яна называецца Жамойцю, што ў літоўскай [мове] тлумачыцца як ніжэйшая зямля. Жамойты ж Літву называюць Аўкштота, што ёсьць вышэйшая зямля ў адносінах да зямлі Жамойтаў. Арыгінальны тэкст (лац.) Sed quod terra Samaytarum est terra inferior ad terram Lythwanie, ideo Szomoyth vocatur, quod in lythwanico terra inferior interpretatur. Samoyte vero Lythwaniam appelant Auxstote, quod est terra superior respectu terre Samaytarum. | ||
Гісторыкі Вацлаў Пануцэвіч, Павал Урбан і Аляксандар Краўцэвіч зьвяртаюць увагу на тое, што гэты ліст ёсьць дыпляматычным дакумэнтам, створаным дзеля дасягненьня канкрэтных палітычных мэтаў — давесьці законныя правы на тэрыторыю Жамойці, уважаючы яе за складовую частку Літоўскага гаспадарства. Таму ён ня можа лічыцца сьведчаньнем незацікаўленага назіральніка. Пагатоў, у ім зьмяшчаюцца сьцьверджаньні, якія не адпавядаюць праўдзе і, з усяго відаць, зьявіліся зь сьвядомай волі аўтара дакумэнта.
Вацлаў Пануцэвіч паказвае, што сьцьверджаньне Вітаўта пра назву Жамойці — гэта хітры, але адначасна і супярэчлівы довад: «Жамойцю таму называецца, бо гэта ў мове жамойцкага насельніцтва абазначае, што ў перакладзе на літоўскую мову раўназначна з terra inferior, нізінай». Адпаведна, і заўвага Вітаўта, што жамойты называюць Аўкштотай Літву, мае характар не навуковы, але чыста палітычны.
Да вяртаньня ва ўжытак і папулярызацыі назвы «Аўкштота» ў XIX ст. прычыніўся пруска-нямецкі гісторык Яганэс Фогт(ru) (з 1856 году сябра-карэспандэнт Санкт-Пецярбурскай акадэміі навук), які ў другім томе сваёй «Гісторыі Прусіі» (ням. «Geschichte Preussens», 1827 год), выдадзенай гатычным шрыфтам у Кёнігзбэргу, сьцьвярджаў, што «Аўкштотай» («верхняй зямлёй») называўся ўвесь рэгіён на Нёмане на ўсход ад Вялёны, а жыхароў гэтага рэгіёну называлі «аўкштотамі». Ён жа выдзяляў, апроч Жамойці («ніжняй зямлі»), яшчэ і «сярэднюю зямлю». У чацьвертым томе гэтай жа працы (1830 год) Фогт апублікаваў ліст Вітаўта ад 1420 году.
У 1837 годзе вядомы сваімі фальсыфікатамі Тэадор Нарбут, які прыдумаў падрабязны пантэон «літоўскіх» паганскіх багоў ў рамках «ацтэцка-індыйскай» рэлігіі «ліцьвінаў», выдаў у Вільні другі том «Гісторыі літоўскага народу» (польск. Dzieje starożytne narodu litewskiego), дзе з спасылкай на Фогта (які «знайшоў довады гэтага ў Кёнігзбэрскім архіве») заявіў, што «Літва… падзялялася на дзьве паловы: вышэйшую, якая называлася Аўкштотай, у лацінскіх аўтараў Austechia, і на ніжэйшую або Жамойць» і таксама зьмясьціў тэкст ліста вялікага князя Вітаўта (у сваёй пазьнейшай публікацыі 1856 году «Oznaczenie granic Litwy właściwej od strony Słowiańszczyzny» Нарбут, увогуле, абвясьціў «Аўкштоту» разам з Жамойцю і дзьвюма прыдуманымі ім правінцыямі — «Няромай» і «Пялюзіяй» — «сапраўднай Літвой»). Ад гэтага часу назва «Аўкштота» («Аўкштайція») пачала выкарыстоўвацца ў розных публікацыях, дзе гэтым тэрмінам пазначаліся тыя альбо іншыя землі на ўсход ад Жамойці, тым часам назвай «аўкштайты» пачалі называць жыхароў адпаведных земляў. Аднак яшчэ ў 1891 годзе Вялікая агульная ілюстраваная энцыкляпэдыя(pl) сьведчыла, што шырокія масы мясцовага насельніцтва ня ведаюць тэрміну «Аўкштота» і не ўжываюць яго ў штодзённым жыцьці як геаграфічную назву.
Калі ў 1822 годзе Сыманас Даўкантас — адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага руху — выдаў кнігу «Дзеяньні старажытных летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), то ўжо ў 1845 годзе (па выхадзе публікацыяў Яганэса Фогта і Тэадора Нарбута) ён выдаў сваё дасьледаваньне пад назвай «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū», сучаснае летувіскае «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»). Такім спосабам Даўкантас пераклаў старажытны нямецка-лацінскі тэрмін уласным летувіскім наватворам «горнікі» (ад лет. kalnas 'гара'), чым засьведчыў няведаньне тэрміну «аўкштоты» («аўкштайты»). Тое, што Даўкантас «першым прыдумаў і выкарыстаў тэрмін дзеля апісаньня этнаграфічнай супольнасьці, вядомай цяпер як аўкштайты», прызнаецца ў сучасных летувіскіх школьных падручніках.
Ужо ў 1850 годзе пруска-нямецкі лінгвіст Георг Нэсэльман заявіў у сваім слоўніку, нібы расейскія летувісы, або жамойты, называюць прускіх летувісаў «Létuwninkai kalninni» з прычыны ўзгорыстай мясцовасьці. Неўзабаве, аднак, мовазнаўца Станіслаў Мікуцкі паказаў, што Нэсэльман напраўду ўзяў адпаведную назву з выдадзенай у 1842 годзе кнігі Даўкантаса «Лемантар летувіска-горнай і жамойцкай моваў» («Abecieļa lîjtuwiû-kalnienû ir źiamajtiû kałbos», сучаснае летувіскае «Abėcėlė lietuvių-kalnėnų ir žemaičių kalbos»), памылкова прыняўшы азначэньне «летувіска-горны» за сынонім «пруска-летувіскі». Апроч таго, Мікуцкі засьведчыў, што слова «kalnėnai» ('горныя, горцы') Даўкантас проста выдумаў.
У той жа працы 1855 году Мікуцкі згадаў назву «аўкштоты» («аўкштайты»), раскрыўшы лёгіку яе зьяўленьня: «Жамойты — Нізоўцы, летувісы, якія жывуць у нізоўі Нёмана. <…> Калі былі (і ёсьць) Нізоўцы, мусяць быць і Вярхоўцы; і сапраўды былі». Як галоўны довад даўнейшага існаваньня летувісаў-«вярхоўцаў» ён прывёў тэкст ліста Вітаўта ад 1420 году. Прытым летувісаў свайго часу Мікуцкі, паводле асаблівасьцяў іх мовы, падзяліў на «паўночных» (Сьвянцянскі, Новааляксандраўскі, Вількамірскі, Панявескі і часткова Шавельскі паветы) і «паўднёвых», адзначыўшы, што мяжа між адпаведнымі гаворкамі часткова праходзіць ракой Вяльлёй.
Пра няведаньне тэрміну «аўкштоты» («аўкштайты») адукаванымі коламі колішняй Рэчы Паспалітай таксама сьведчыць крытыка штучнага пашырэньня з боку тагачаснай афіцыйнай расейскай навукі назвы «літва» на частку жамойцкага насельніцтва, пазьней вядомую як «аўкштайты». Адпаведная нататка зьявілася ў 1854 годзе на старонках прыватнага расейскага часопісу «Библиотека для чтения(ru)», які на той час рэдагаваўся выхадцам зь віленскай шляхты, навучэнцам Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту, прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім (1800—1858) супольна з выхадцам з кіеўскай шляхты, энцыкляпэдыстам і знаўцам эўрапейскіх і усходніх моваў Альбэртам Старчэўскім(ru):
|
Пытаньне этымалёгіі і лякалізацыі назвы «Аўкштота» падрабязна разглядаў у 1875 гозе лінгвіст і этнограф Ян Карловіч (ужо па тым, як некалькі аўтараў абвясьцілі яе «назвай уласна Літвы, якую ўжываюць жамойты») і пераканаўча засьведчыў, што ў тагачаснай Жамойці ня ведалі і не ўжывалі назвы «Аўкштота». Таксама ён зьвярнуў увагу на тое, што ў летувіскім слоўніку Нэсэльмана сьцьвярджалася, нібы некалькі падобных назваў (Auksztininkai як назва жыхароў ваколіцаў вёскі Budweten і Auksztinélei як назва жыхароў ваколіцаў Рагніту, дадзеная ім жыхарамі ваколіцаў Клайпеды) бытавалі пасярод прускіх летувісаў (у «Малой Летуве»). Тым часам крыніцай зьяўленьня назвы «Аўкштота» Карловіч проста назваў публікацыю ліста Вітаўта ад 1420 году, адзначаючы, што цяжка меркаваць, ці Вітаўт утварыў гэтую назву сам, паводле аналёгіі з Жамойцю, або тая назва сапраўды бытавала за яго часамі.
У той жа працы Карловіч заявіў, што ўведзены раней нямецкім мовазнаўцам Аўгустам Шляйхэрам(ru) падзел летувіскай мовы на гаворкі «верхнелетувіскую» (або проста летувіскую) і «ніжнелетувіскую» (або жамойцкую) ёсьць «вельмі ўдалым», дзеля чаго зьвярнуўся да зьняпраўджанай раней Мікуцкім назвы «Kalnėnai» («горнікі»), заявіўшы, што на той час у Цельшыцкім павеце так ужо называлі жыхароў ваколіцаў Вількаміру і Вільні. Далей Карловіч зазначыў, што напраўду гаворак летувіскай мовы, апроч дзьвюх памянёных, існуе вялікае мноства: «можна сказаць, што ў кожнай парафіі — свая гаворка».
У 1876 годзе пруска-летувіскі лінгвіст прафэсар Кёнігзбэрскага ўнівэрсытэту Фрыдрых Куршат(ru) пісаў: «У XV ст. ўсходняя Жамойць называлася Аўкштотай, паводле цяперашняга прастамоўя Aukßtocźiai ('горныя', 'горнікі')». У 1877 годзе нямецкі дасьледнік Лётар Вэбэр, на якога пазьней спасылаўся летувіскі палітык і гісторык Пятрас Клімас, сьцьвярджаў, што Аўкштота адпавядала Віленскай губэрні, а Жамойць — Ковенскай, прытым прускую Самляндыю («Малую Летуву») ён лічыў часткай Жамойці.
Беларускі пісьменьнік і перакладнік Вінцэсь Каратынскі (1831—1891) у сваім нарысе пра Яўстаха Тышкевіча (1873 год) зазначаў, што той «пераехаў на сталае месца жыхарства ў мястэчка Біржы, у маяратны маёнтак свайго сваяка Міхала Тышкевіча, графа на Жмудзі», дзе «пачаў вучыцца па-жмудзінску зьбіраць народныя паданьні, песьні і прымаўкі». Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў (1880—1902 гады), хоць ужо пасьлядоўна ўжывае назву «літоўская мова» ў значэньні мовы летувісаў, аднак да шматлікіх геаграфічных аб'ектаў пазьнейшага этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція» падае мясцовыя назвы з пазнакамі «па-жамойцку» (польск. po żmujdzku), «жамойцкае» (польск. żmujdzkie): у Вількамірскім павеце — Анікшты, Віжуны, Жмуйдкі, Пазэльва, Раговак, Раўпе, Рогаў, Рубікі, Субач, Сьвядасьць, Сясікі, Уцяна; у Ковенскім павеце (на ўсход ад ракі Нявежы) — Румшышкі, Скарулі; у Новааляксандраўскім павеце — Акніста, Папель, Равішкі, Рагелі, Ракішкі, Салокі, Скапішкі, Таўрагіны; у Панявескім павеце — Панявеж, Радзівілішкі, Рэмігола ды іншыя. Урэшце, яшчэ ў 1913 годзе зазначалася, што на поўдзень ад Дзьвінску пачынаецца і цягнецца «да пясковых берагоў Балтыйскага мора Жамойць Сьвятая, як называюць гэты край самі жамойты, і беларусы, і палякі, і нават нашчадкі лівонскіх крыжакоў-баронаў старажытныя нямецкія сем'і»
У ХІХ — XX стагодзьдзях, па ўзьнікненьні летувіскага нацыянальнага руху, «Аўкштайціяй» пачалі называць цэнтральную і ўсходнюю частку сучаснай Летувы, а тэрмінам «аўкштайты» — этнаграфічную групу летувісаў. Пашырэньне назвы «аўкштайты» ў гэты час зьвязваюць з этнанімічнай дыфэрэнцыяцыяй паміж летувісамі і ліцьвінамі. Тым часам лучнасьць гаворак «аўкштайтаў» атрымала ў лінгвістаў назву «аўкштайцкі дыялект» летувіскай мовы. Сваім парадкам тэрмінам «аўкштайты» некаторыя археолягі пачалі рэтраспэктыўна называць насельніцтва, якое стварыла археалягічныя культуры, што займаюць тэрыторыю цэнтральнай Летувы, а некаторыя навукоўцы пачалі таксама рэтраспэктыўна ўжываць датычна стваральнікаў гэтых археалягічных культураў азначэньне «група балтыйскіх плямёнаў аўкштайты».
У 2003 годзе ўлады Летувы ўсталявалі афіцыйныя межы этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція». Як заўважыў летувіскі этноляг Ж. Шакніс, мапы этнаграфічных рэгіёнаў Летувы (у адрозьненьне ад Латвіі, Эстоніі або Фінляндыі) вельмі доўгі час не друкаваліся нават у абагульняльных працах зь летувіскай этналёгіі. У 2006 годзе частка летувіскіх аўтараў (у тым ліку мовазнаўца Зігмас Зінкявічус) прызналі супярэчнасьць канцэпцыі «Аўкштайціі»: «такім парадкам, варта вызнаць, што паняцьце этнаграфічнай Аўкштайціі не ўстаялася».
Як адзначае Вацлаў Пануцэвіч:
Адным з шырока пашыраных у сучаснай літаратуры «доказаў» на тое, быццам Жамойдзь і Літва тварылі адну непадзельную цэласьць, як тэрытарыяльную, так і этнічную, ёсьць так званая аўкштоцкая легенда, або твораны міт Аўкштоты. Сутнасьць гэтай легенды або міту заключаецца ў тым, быццам у склад Літвы, як агульнага назову, уваходзілі два плямёны з сваімі аддзельнымі тэрыторыямі: Жамойць і Аўкштота, terra inferior і terra superior | ||
Сучасныя сымбалі летувіскага этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція» (сьцяг і герб) распрацавалі і зацьвердзілі ў 2006 годзе.
Сучасны летувіскі этнаграфічны рэгіён «Аўкштайція» знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы краіны. Буйныя месты:
Паводле летувіскіх мовазнаўцаў, у афіцыйным этнаграфічным рэгіёне «Аўкштайція» размаўляюць на аўкштайцкіх дыялектах летувіскай мовы. Прытым згодна зь іх новымі сьцьверджаньнямі, летувіская мова падзяляецца ня толькі на жамойцкі і аўкштайцкі дыялекты, але і на яшчэ два субдыялекты — судоўскі і дзукійскі, якія разам утвараюць аўкштайцкую дыялектную групу. Да аўкштайцкіх дыялектаў належаць гаворкі, на якіх засноўваецца літаратурная летувіская мова — гаворкі захаду этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція», у ваколіцах Коўны.
На думку Вацлава Пануцэвіча, аўкштайцкі дыялект — які правільней называць верхнежамойцкім — утварыўся пад уплывам беларускай мовы і славянскага насельніцтва на ўсход ад ракі Нявежы.
Паводле летувіскіх этнографаў, існаваў традыцыйны строй летувіскага этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція». Адметная рыса жаночага строю — пераважнае выкарыстаньне белага колеру ў адзеньні. Жаночы строй складаўся з доўгай белай ільняной кашулі, некалькіх спадніц, белага фартуху з геамэтрычным арнамэнтам чырвонай ніткай уздоўж яго нізу, гарсэту, доўгага поясу, шыйных упрыгожваньняў, галаўнога ўбору й скуранога абутку. Узімку насілі шарсьцяныя ўкарочаныя або доўгія паліто. Белыя кашулі часьцей за ўсё ўпрыгожвалі простай геамэтрычнай вышыўкай чырвонай ніткай на манжэтах. Спадніцы былі ў клетку й фармаваліся з спалучэньня чатырох асноўных колераў: чырвонага, зялёнага, жоўтага й чорнага. Апраналася ня менш за 2 спадніцы, а напрыгажэйшая апраналася паверх астатніх. Гарсэты дзяліліся на два віды: першы, які ад таліі пачынаў зьбірацца ў складкі, і другі, які быў прамы. Жанчыны «Аўкштайціі» насілі пераважна каралавыя, бурштынавыя ці шкляныя шыйныя ўпрыгожваньні. Асноўнымі сярод галаўных убораў былі наміткі, якія насіліся толькі замужнімі жанчынамі й павязваліся вельмі своеасаблівым спосабам, прыкрываючы скулы й шыю, а таксама кароны й чапцы, часта ўпрыгожаныя кветкамі (маладыя дзяўчыны). Мужчынскі строй складаўся з доўгіх вузкіх часьцей даматканых, шарсьцяных ці паўшарсьцяных нагавіцаў натуральных ці цёмных колераў, белай кашулі, камізэлькі, шэйнай хусткі, лямцавага паліто пераважна шэрага ці карычневага колеру, радзей чорнага ці цёмна-сіняга, плеценага або зьвітанага поясу яркіх колераў, фэтравага капелюша й скураных ботаў, якія падвязваліся тонкімі паяскамі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Аўкштота, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.